Адрас Спартакіяды — Ліда

№ 19 (1042) 12.05.2012 - 19.05.2012 г

З 26 па 27 мая ў Лідзе адбудзецца чарговая, чацвёртая па ліку, Рэспубліканская спартакіяда работнікаў культуры і мастацтваў.

Нагадаем, што рашэнне правесці гэтае знакавае мерапрыемства ў названым райцэнтры Гродзеншчыны было прынята яшчэ пад час выніковай калегіі Міністэрства культуры краіны.

Як паведаміў "К" начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама Уладзімір Самсонаў, на сённяшні дзень у горадзе поўным ходам ідзе падрыхтоўка да агульнарэспубліканскага свята, прысвечанага здароваму ладу жыцця.

Літаральна днямі тут адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта спартакіяды з удзелам начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Вярсоцкага, намесніка старшыні Лідскага райвыканкама Антона Глаўніцкага ды іншых адказных асоб. Пад час сустрэчы абмяркоўваліся шматлікія рабочыя аспекты будучага мерапрыемства, уносіліся карэктывы ў праграму свята.

Па словах Уладзіміра Самсонава, Рэспубліканскую спартакіяду плануецца правесці на базе цэнтральнага гарадскога стадыёна і спарткомплексу "Алімпіец". А ўдзел у ёй прымуць, паводле папярэдніх падлікаў, прыкладна 400 культработнікаў з усіх рэгіёнаў.