Як з кроплі вады...

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

Як усё жывое нарадзілася ў вадзе, гэтак і ўся сучасная навука — у нематэрыяльнай абалонцы, у генерыраваным чалавекам асяроддзі пад назвай Alma mater. Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў — гэта глеба, якая нараджае навукоўцаў для такой вытанчанай і шматвяковай сферы, як культура. Таму натуральна, што ў Першым з’ездзе вучоных прымуць удзел дэлегаты і з гэтай установы, сярод якіх — прарэктар па навуковай рабоце, прафесар, доктар гістарычных навук Марыя БЯСПАЛАЯ.

 /i/content/pi/cult/134/739/Byaspalaya.jpg

— Універсітэцкае жыццё, — расказвае Марыя Аркадзеўна, — як вы разумееце, не стаіць на месцы: зацвярджаюцца новыя навуковыя тэмы даследаванняў, нашы студэнты і выкладчыкі удзельнічаюць у навуковых конкурсах, мерапрыемствах, атрымліваюць высокія адзнакі сваёй працы, пра ўсё гэта “Культура” пісала неаднаразова. Апроч гэтага, мы прымаем удзел у распрацоўцы праграмы інавацыйнага развіцця Беларусі, у якой лабараторыя беларускіх музычных інструментаў і лабараторыя традыцыйных рамёстваў Беларусі выконваюць свае заданні. Першая лабараторыя ў выніку сваіх распрацовак падрыхтуе прапановы па сучаснай тэхналогіі вырабу і выкарыстання беларускіх народных музычных інструментаў. Вынікам працы лабараторыі рамёстваў будуць узоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія без страты яго аўтэнтычных асаблівасцяў паспрабуем захаваць навечна сродкамі сучасных тэхналогій. Вывучаючы спадчыну праз прызму сучаснага бачання, можна прыйсці да інавацыйных вырабаў, эскізаў, тэхналогій на гэтай аснове. Я лічу, што вельмі сімвалічна тое, што ў гэтых распрацоўках прымаюць удзел самі студэнты. Дарэчы, на Першым з’ездзе вучоных будуць прадстаўлены 26 студэнцкіх прац, падрыхтаваныя менавіта па гэтых тэхналогіях. А ўвойдуць яны ў жыццё дзякуючы нашым выпускнікам, якія прымалі ўдзел у распрацоўках, і якія сёлета раз’ехаліся па сваіх раёнах працаваць і ўкараняць новыя метады.
Сярод творчых і навуковых прац нашых навучэнцаў, якія мы прадставім да з’езда вучоных на дзвюх выстаўках у Нацыянальнай бібліятэцы краіны, будзе ткацтва, вышыўка, ажурнае ткацтва, друкаваныя выданні і г.д. А ў фае галоўнага корпуса Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі будзе адкрыта кніжная выстаўка, якая складзецца прыкладна з сарака нашых лепшых універсітэцкіх выданняў.
Такім чынам, апроч уласна працы на з’ездзе вучоных, мы прадставім ад універсітэта тры выстаўкі.
Уключэнне студэнтаў у навуковую працу —
важная праблема для любой ВНУ краіны. Сёння дзяржавай прапануецца зрабіць вельмі цікавы, на мой погляд, крок — вобразна кажучы, гэта крок насустрач якасьці навуковай адукацыі нашай моладзі. Гэта рэарганізацыя сістэмы аспірантуры. У ёй уведзена кантрактная сістэма, што дазваляе прымаць ў аспірантуру сапраўды тых людзей, якія прынясуць плён навуцы, бо цяпер аспірант павінен быць рэкамендаваны сваёй установай. Падобная сістэма ёсць у абітурыентаў, якія прыязджаюць вучыцца па накіраванні, і якія, адпаведна, патрэбны тым, хто вылучыў іх кандыдатуру. Зразумела, установа не стане прапаноўваць абы каго. А дзяржаве не давядзецца марнаваць грошы на марнае навучанне. На мой погляд, гэта правільны крок.
З другога боку, аспірантаў, якія будуць займацца навукай, а не гуляць у навукоўцаў, дае
нам магістратура. Ужо напрыканцы яе магістрант здае кандыдацкія экзамены, якія паказваюць здольнасці, веды, і якія адначасова залічваюцца як уступныя ў аспірантуру. Дарэчы, гэта на руку аспірантам: замест таго, каб здаваць экзамены, у іх вызваляецца цэлы год для працы над сваёй дысертацыяй, а гэта вялікі бонус. Раней ва ўсіх ВНУ была такая бяда: пакуль аспірант толькі ўваходзіў у нейкую праблему, тэрмін навучання ў аспірантуры заканчваўся, і ён не паспяваў абараніцца.
Але каб дайсці да магістратуры, аспірантуры, трэба спачатку падрыхтаваць для гэтага
падмурак — студэнцкую навуковую працу, арганізацыяй і кантролем якой мы і займаемся. А таксама — заўважыць здольную да навукі моладзь. На жаль, гэтыя здольнасці распазнаць зусім не проста. Мы доўгі час прыглядаемся да студэнтаў: хто і як займаецца навукай, якія надзеі падае, ці здольны да карпатлівай працы. Для гэтага “адсочвання” ёсць цэлая сістэма: студэнцкія курсавыя і дыпломныя працы, даклады на канферэнцыях. Некаторыя займаюцца і пазапланавай навуковай працай, даследуюць цікавыя ім тэмы, друкуюць артыкулы.
Навукайможа займацца не кожны, як і
спяваць або танчыць, — для гэтага павінен быць адмысловы склад розуму і характару.
Часта выкладчыкі блытаюць паняцці “творчасць” і “здольнасць да навукі”: маўляў, калі
Пеця цудоўна спявае, ён здолее напісаць і навуковую працу па галасавых магчымасцях чалавека. А потым упэўніваюцца, што таленавіты чалавек не абавязкова таленавіты ва ўсім.
Аднак калі здольнасці таго ці іншага студэнта
да навукі для нас відавочныя, мы накіроўваем яго, падтрымліваем, адпраўляем на канферэнцыі, конкурсы. Напрыклад, цяпер нашы студэнты ўдзельнічаюць у міжнародным праекце пад эгідай ЮНЕСКО разам з Маскоўскім універсітэтам культуры і мастацтваў, прысвечаным унёску культуры і мастацтва ў барацьбу з ВІЧ-інфекцыяй.

Запісала Святлана ЖУРАЎСКАЯ