Дзе кароль сустрэнецца з Сапегам?

№ 19 (1042) 12.05.2012 - 19.05.2012 г

Сакрэты Дня і Ночы музеяў

Адна з галоўных задач Міністэрства культуры заключалася ў тым, каб у сёлетнім праекце "Ноч музеяў" удзельнічалі не толькі буйныя музеі з Мінска ды абласных цэнтраў, але і максімальная колькасць раённых. А налета, магчыма, у пэўнай ступені рэалізуецца праект з асобным сайтам Ночы музеяў.
Пакаштаваць смак традыцыйнай беларускай кухні, навучыцца народным рамёствам і танцам, трапіць на рыцарскі турнір - гэта толькі няпоўны пералік з шэрагу святочных мерапрыемстваў, падрыхтаваных да Міжнароднай акцыі "Ноч музеяў", што сёлета пройдзе ўвечары 18 мая ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны. Упершыню да акцыі ў гэтым годзе далучыцца шмат невялікіх музеяў з розных раёнаў Беларусі.

З сакрэтамі будучай акцыі больш падрабязна пазнаёміла "К" намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры нашай краіны Святлана Гаўрылава.

Па словах суразмоўцы, адна з галоўных задач Міністэрства заключалася ў тым, каб у сёлетнім праекце "Ноч музеяў" удзельнічалі не толькі буйныя музеі з Мінска ды абласных цэнтраў, але і максімальная колькасць раённых, тым больш, што для маленькага горада гэта сапраўднае свята.

Калі ж казаць пра адметнасць сёлетняй "музейнай ночы", то, як адзначыла Святлана Гаўрылава, вельмі шмат музеяў прысвяцілі свае мерапрыемствы падзеям вайны 1812 года, у тым ліку запрасілі да ўдзелу клубы ваенна-гістарычнай рэканструкцыі. Але не толькі. Кожны музей пры падрыхтоўцы "начной" праграмы шукае сваю адметнасць, "разыначку". Да прыкладу, Ружанскі палацавы комплекс упершыню правядзе тэатралізаваную гістарычную рэканструкцыю прыезду караля Уладзіслава ІV да канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі, што, на думку Святланы Гаўрылавай, стане сапраўнай падзеяй для мястэчка.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь прапануе сваім гасцям дзіцячыя і маладзёжныя куткі з адмысловай праграмай. Адбудзецца і ўрачысты вернісаж "Экспануецца ўпершыню", пад час якога будуць уручаны ганаровыя пасведчанні Сябра музея. У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры запланавана свята паэзіі і гістарычнага танца ў рамках выстаўкі "Апякункі паэтычных нябёс" з удзелам актрыс Купалаўскага тэатра Алы Доўгай і Тамары Нікалаевай, а таксама студыі старадаўняга танца "Залаты двор".

Акрамя таго, у раённых музеях чакаюцца інтэрактыўныя майстар-класы, канцэрты самадзейных і прафесійных калектываў, паказ вясельных абрадаў, дыскатэка мінулых эпох. Цікавы падыход для прыцягнення турыстаў зроблены ў Полацку. Так, для тых, хто нарадзіўся ў 1962 годзе, уваход будзе вольны. Адпаведна, і праграма свята будзе прысвечана той эпосе. Незвычайны праект можна будзе ўбачыць у Веткаўскім музеі народнай творчасці: ён уключае рыцарскія турніры, сярэднявечную дыскатэку.

Нельга не адзначыць і дынаміку ўдзелу раённых музеяў у акцыі. У прыватнасці, у ранейшыя гады толькі малая частка іх далучалася да свята. Сёлета ж, да прыкладу, абсалютна ўсе музеі Гомельскай і Віцебскай абласцей рыхтуюцца да акцыі. І калі на Міншчыне летась толькі чатыры-пяць такіх устаноў далучалася, то сёлета іх больш за палову. Усяго ж са 154 музеяў, якія сёння працуюць у нашай краіне, больш за 70 прымуць удзел у акцыі.

Карэспандэнт "К" пацікавіўся ў Святланы Гаўрылавай: ініцыятыва ўдзелу ў Ночы музеяў з'яўляецца жаданнем установы ці гэта рэалізацыя прапановы з боку Міністэрства культуры?

Па словах Святланы Мікалаеўны, апошнім часам паміж айчыннымі музеямі і Міністэрствам культуры краіны выпрацавалася добрая сувязь і паразуменне. "Нашы прапановы неаднойчы паспяхова рэалізоўваліся. Прыкладам таму - акцыя "Пяць музеяў за пяць дзён". Тое ж самае адбываецца і пры арганізацыі Ночы музеяў. Міністэрства рэкамендуе ўстановам прыняць у ёй удзел. У той жа час, музеі самі адчулі, што праз такія праекты да іх ідзе наведвальнік, і, што немалаважна, - сямейны. "А калі госці музея ўбачаць пад час акцыі штосьці запамінальнае, цікавае, то абавязкова вернуцца туды яшчэ і неаднойчы", - падкрэсліла намеснік начальніка ўпраўлення.

Як бачна, мерапрыемстваў будзе багата. Але як сарыентавацца ў гэтым моры прапаноў адпачынку? І ці не варта, скажам, стварыць асобны сайт, дзе былі б не толькі сёлетнія прапановы, але і агляды з аналагічных акцый мінулых гадоў? Як паведаміла Святлана Гаўрылава, спіс святочных мерапрыемстваў абавязкова змесцяць на сайтах беларускіх музеяў. Акрамя таго, інфармацыя будзе шырока прадстаўлена на найбольш папулярных інтэрнэт-парталах. Што ж да ідэі з асобным рэсурсам Ночы музеяў, то, магчыма, ужо ў наступным годзе яна ў пэўнай ступені рэалізуецца.

Разам з тым, Святлана Гаўрылава не бачыць праблемы з увядзеннем адмысловага "музейнага экспрэса" - аўтобуса, які курсіраваў бы паміж музеямі, як гэта практыкуецца ў тых жа Маскве і Берліне. Паводле яе слоў, Мінску ў гэтым сэнсе пашанцавала, паколькі большасць музеяў размешчана вельмі кампактна, што дазваляе без асаблівых цяжкасцей вандраваць з аднаго ў іншы. Выключэннем з'яўляецца хіба Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, які, як вядома, знаходзіцца па-за межамі сталіцы.

Думаецца, для многіх з'яўляецца актуальным і пытанне, наколькі даступным будзе ўваход у музеі пад час акцыі. Аднак прычын для хвалявання тут няма, бо, паводле традыцыі, штогод у Міжнародны дзень музеяў уваход для іх гасцей будзе абсалютна вольны. Разам з тым, трэба разумець: Ноч музеяў патрабуе дадатковых, часам вельмі істотных, затрат, што і абгрунтоўвае "платнасць" мерапрыемства. Але, як запэўніла Святлана Гаўрылава, уваходны кошт вызначаць у большасці музеяў, у асноўным, сімвалічным, а сродкі, сабраныя пад час акцыі, пойдуць на развіццё музейнай справы краіны. Адно хочацца верыць, што з цягам часу купіць білет на Ноч музеяў можна будзе загадзя праз Інтэрнэт і тым самым пазбегнуць чэргаў шматлікіх аматараў нашых скарбніц.

К.А.