Музы ў Нясвіжы

№ 19 (1042) 12.05.2012 - 19.05.2012 г

“Музы Нясвіжа” збяруцца на аднайменнае свята мастацтваў 17 — 19 мая. Адной з адметнасцей гэтага форуму, які праводзіцца ў дваццаць сёмы раз, стане тое, што сёлета ён адбудзецца ў рамках дзвюх буйных грамадска-культурных акцый: “Беларусь у маім сэрцы” і “Нясвіж — Культурная сталіца Беларусі-2012”.

З акцэнтам на культурнай "сталічнасці" Нясвіжа пройдзе і традыцыйная навуковая канферэнцыя. Яе матэрыялы ўжо сабраны ў кнігу, прэзентацыя якой запланавана на час форуму. Яшчэ адной новай рысай свята стане далучэнне да яго новай сцэнічнай пляцоўкі. Канцэртная праграма "Шляхі мецэнацтва", прымеркаваная да 500-годдзя дынастыі Радзівілаў, адбудзецца ў Тэатральнай зале Палацавага ансамбля Нясвіжа. Тут выступяць практычна ўсе творчыя калектывы Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам, які з'яўляецца мастацкім кіраўніком свята. Дадамо, што менавіта гэты славуты аркестр - адзін з галоўных ініцыятараў і арганізатараў падобных фестываляў, якія праводзяцца дзякуючы садзейнічанню Міністэрства культуры Беларусі, Мінаблвыканкама і Нясвіжскага райвыканкама.

Распачнецца свята, паводле традыцыі, тэатральным спектаклем, але ўрачыстым адкрыццём стане канцэрт "На музычных скрыжаваннях: Беларусь - Расія". Яго папярэдзіць адкрыццё мастацкай выстаўкі "Адлюстраванне душы" з твораў Міхася Сеўрука. Як заўсёды, прэзентуюць свае работы дзеці - удзельнікі Студыі выяўленчага мастацтва Палаца культуры Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода.

Музычная асамблея ў Нясвіжскай гарадской ратушы сёлета будзе прысвечана такой выдатнай постаці айчыннага мастацтва, як Міхал Клеафас Агінскі. А завершацца святкаванні праграмай "Шансон у Нясвіжы", падрыхтаванай аркестрам і яго шматлікімі салістамі.

Н.Б.