Геральдыка і правы

№ 19 (1042) 12.05.2012 - 19.05.2012 г

На трэцім пасяджэнні восьмай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання разглядаўся шэраг законапраектаў, якія закранаюць сферу культуры нашай краіны.

У прыватнасці, быў прыняты праект Закону "Аб афіцыйных геральдычных сімвалах". Як адзначыла ў сваім выступленні перад сенатарамі намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Лілія Мароз, геральдыка з'яўляецца часткай гісторыі нашай краіны, яе адметным адлюстраваннем. І для грамадства, якое шануе сваё мінулае, геральдыка мусіць быць палітычным, ідэалагічным ды сацыяльна-культурным капіталам усёй нацыі.

Праект Закону "Аб афіцыйных геральдычных сімвалах" з'яўляецца першым агульнадзяржаўным заканадаўчым актам на постсавецкай прасторы, які рэгламентуе сістэму сучасных геральдычных сімвалаў, што адпавядаюць духу часу. У дакуменце абагульняецца шэраг палажэнняў дзеючых нарматыўна-прававых актаў у гэтай галіне, а таксама разглядаюцца асаблівасці парадку стварэння, заснавання, дзяржаўнай рэгістрацыі і выкарыстання афіцыйных геральдычных сімвалаў з улікам спецыфікі кожнага з іх відаў. Што немалаважна, па словах Ліліі Мароз, рэалізацыя палажэнняў дадзенага праекта Закону не патрабуе выдзялення дадатковых сродкаў з рэспубліканскага ці мясцовага бюджэту.

Акрамя таго, у рамках трэцяга пасяджэння восьмай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання разглядаўся і быў адобраны праект Закону "Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджанню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС", што накіраваны, у тым ліку, на садзейнічанне сацыяльна-эканамічнаму і культурнаму развіццю пацярпелых ад катастрофы тэрыторый.

К.А.