“…Ластаўка” і каляровыя купальнікі

№ 19 (1042) 12.05.2012 - 19.05.2012 г

Пасляфестывальныя развагі пра музыку і не толькі

Адкрыты фестываль-конкурс маладых выканаўцаў імя Станіслава Манюшкі "Убельская ластаўка" - адрадзіўся. І выклікаў цэлую "птушыную чараду" думак - не толькі пра вакальнае мастацтва, але і, галоўным чынам, пра нашае стаўленне да нацыянальнай спадчыны.
Тое, што "...Ластаўка" робіць пералёты-пераезды ў час свайго нязменна майскага правядзення (5 мая - дзень нараджэння Станіслава Манюшкі), вельмі слушна. З Мінскам звязана навучанне ў гімназіі і маладыя гады кампазітара. А тое, што сёлета адбодва туры конкурсных праслухоўванняў прайшлі не на базе сталічнай навучальнай установы, а ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, толькі ўзняло статус спаборніцтва. З заключным жа канцэртам пераможцы і члены журы рушылі па маршруце, распрацаваным яшчэ ў 1999-м, да 180-годдзя з дня нараджэння класіка, калі і стартавала гэтае свята. Спачатку - Музей Манюшкі ў пасёлку Азёрны. Потым - стэла на месцы былога фальварка ў мястэчку Убель, дзе нарадзіўся творца і дзе ластаўка, паводле сямейнага падання, звіла над ягонай калыскай гняздзечка. Нарэшце, Чэрвень як цэнтр раёна, дзе знаходзяцца згаданыя вышэй месцы. І ўсё гэта - са змястоўнымі аповедамі экскурсаводаў.

Экспазіцыя, прысвечаная Станіславу Манюшку, што пачыналася з ініцыятывы дырэктара сельскай школы і дагэтуль месціцца пад дахам апошняй, ужо некалькі гадоў як філіял Чэрвеньскага краязнаўчага музея. А вось саму школу закрылі. Вучняў, якіх становіцца ўсё менш, возяць у іншую. Будынак жа прадалі замежніку, што збіраецца перарабіць яго ў базу адпачынку. Навокал - не толькі цудоўныя краявіды, але і поўныя рыбы сажалкі, платныя і бясплатныя. Так што дэфіцыту ў наведвальніках не будзе. Ёсць спадзеў, што стаміўшыся выцягваць улоў, турысты прыахвоцяцца бавіць час з "Залатой рыбкай" ды іншымі творамі Манюшкі: гаспадыня музея Ірына Серада марыць, каб тут з'явілася і канцэртная зала. Хаця, як сведчыць практыка, уяўленне пра "асаблівасці нацыянальнай рыбалкі" ў падобнага турыста звычайна крыху іншае.

У самім музеі за апошнія гады нічога, бадай, не змянілася. Хіба замест адключанага цэнтралізаванага ацяплення (школа ж не працуе!) - прыдбаныя абагравальнікі. Дый наведвальнікаў, па словах дырэктара, паболела: летась іх было без малога тысяча. Тысячу ж рублёў каштуе сюды білет. Экскурсія дзіцячая - тры тысячы. Дарослая - пяць. У астатнім - усё так жа "глядзяць" выказванні на рускай мове, што беларускі народ, маўляў, ганарыцца польскім кампазітарам. І што ягоная музыка вабіць зваротамі да польскага фальклору, хаця сёння ўжо даказана: Станіслаў Манюшка цытаваў толькі беларускія песні, на якіх і быў выхаваны (у Польшчу ён прыехаў ужо ў сталым узросце, са складзенымі эстэтычнымі прыярытэтамі і ўласна кампазітарскімі напрацоўкамі). Апошнія музейныя паступленні - польскія часопісы з матэрыяламі пра творцу і новыя кампакт-дыскі з яго музыкай. Праўда, відэазапісу ранняй мінскай оперы "Латарэя", адноўленай нашымі музыкантамі на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у музейных фондах няма, хаця аўдыяверсію рабіла Беларускае радыё, а відэаздымкі -- самі выканаўцы. Няўжо рупліўцам нацыянальнай спадчыны прасцей "састыкавацца" з замежжам, чым між сабой?

Стэла ў гонар Манюшкі цяпер таксама знаходзіцца на прыватнай тэрыторыі. Тая належыць "Мінсктрансу", што адкрыў тут санаторый-прафілакторый для сваіх супрацоўнікаў, абгарадзіўшы наваколле плотам. Але брамку, па просьбе музея, удзень пакідаюць незачыненай. І наша "спеўная" дэлегацыя змагла ўскласці кветкі - пад здзіўленымі позіркамі дам у каляровых купальніках. Ледзь мы рушылі да аўтобуса, тыя крочылі да стэлы: пачытаць, што ж там напісана. І тое добра!

У Чэрвені нас напаткаў самы гасцінны прыём. Пра тое, з якой любоўю тут чакалі музыкантаў, сведчыла і паўнюткая зала Дома культуры, і нават камень ля ўвахода, размаляваны эмблемай свята. У фае - выстаўка дзіцячых работ з апошняга пленэру, што рэгулярна ладзіць тамтэйшая школа мастацтваў. І бясконцая нізка манюшкаўскіх мелодый: народная капэла "Ігуменскія крыніцы", якая спецыялізуецца на беларускай музычнай мінуўшчыне, папоўніла рэпертуар вялікай колькасцю новых пералажэнняў і апрацовак ягоных твораў, зробленых нязменным кіраўніком калектыву Генадзем Шпакоўскім. Увосень з гэтым рэпертуарам капэла запрошана ў Польшчу. А вось драўляная скульптура Манюшкі ля ўвахода ў школу выглядае дзіўна: каб зберагчы ад перападаў надвор'я, яе пафарбавалі. У колер... падлогі былой суседняй хрушчоўкі.

Заключны канцэрт конкурсу сабраў "ластаўчыных" птушанят розных гадоў "выпуску", сярод якіх - салісты Беларускай оперы Аксана Волкава, Ілья Сільчукоў, салістка Музычнага тэатра Ганна Бяляева ды многія іншыя. У выкананні журы і гасцей, што вельмі прыемна, таксама гучала музыка Станіслава Манюшкі. Сярод цяперашніх пераможцаў было немагчыма не заўважыць надзвычай артыстычнага Аляксея Яравенку - сёлетняга выпускніка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Добры ўзровень прадэманстравалі навучэнцы Мінскага і Маладзечанскага музычных каледжаў (нагадаем, конкурс праводзіўся сярод вакалістаў сярэдняга звяна, а не старэйшых курсаў Акадэміі музыкі). Геаграфія ўдзельнікаў - амаль уся рэспубліка (не даслалі сваіх выхаванцаў толькі Брэст і Гомель). На жаль, не змог прыехаць кіеўскі вакаліст, які даслаў заяўку. У якім фармаце конкурс будзе ісці надалей, яшчэ абмяркоўваецца. Яго галоўны арганізатар і старшыня журы Віктар Скорабагатаў прапануе чаргаваць пачаткоўцаў і маладых прафесійных вакалістаў: год - гэтыя, год - тыя. Гучаць і прапановы адмяніць цяперашні колькасны цэнз - не больш за тры чалавекі ад адной навучальнай установы. Галоўнае, у чым усе аднадушныя: конкурсу - быць!..

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Чэрвеньскі раён - Мінск

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"