Не знарочыста, а спакваля

№ 19 (1042) 12.05.2012 - 19.05.2012 г

Ад “Рок-канцэрта” да “Самотнага Захаду”

/i/content/pi/cult/377/7382/2-3.jpegДля мяне акцёр Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр ШАЛКАПЛЯСАЎ заўсёды быў і застаецца ўзорам высокага прафесіяналізму ды бездакорнага мастацкага густу. І вось Аляксандру Шалкаплясаву - пяцьдзясят. Ёсць нейкая хлапечая вытанчанасць і, разам з тым, пранізлівая глыбіня ва ўсіх яго сцэнічных работах: ці гэта роля Брыдкага Качаняці ў "Дацкай гісторыі" паводле Х.К. Андэрсэна або Клягін у "Рок-канцэрце з Рыгорам Горыным", ці гэта Разбойнік з аднайменнай п'есы К.Чапека або Франц у спектаклі "Кароль, дама, валет" паводле У.Набокава... Яны, як і многія іншыя ролі, сабраны акцёрам у дзівосны ўзор, у якім ёсць усё: і здзіўленне празрыстасцю неба і ўсмешка - ад горкай да спагадлівай, - і жаданне проста пагутарыць з гледачом...
- Аляксандр, вы ў гродзенскім тэатры - з 1989 года. Ці стаў ён за гэты час для вас другім домам?
- Стаў першым! Усё тое, што каштоўнае і важнае - сям'я, сябры, блізкія людзі, - гэта значная частка майго жыцця. А вось асноўная яго частка - тэатр. Мы ж, акцёры, можам жыць і дыхаць толькі тэатрам...
- Не ад сёння вядома, што артыст - прафесія, залежная ад многіх фактараў і людзей, ад таго ж рэжысёра. Як асабіста вы вышукваеце для сябе жыццёвыя ды прафесійныя "прыстасаванні"?
- Гэта проста парадак рэчаў: тое або іншае можа падабацца ці не, прыгнятаць альбо захапляць, але ўсё гэта - твая праца. Канешне ж, цудоўна, калі рэжысёр з інтарэсам "счытвае" тваю чалавечую і грамадзянскую пазіцыю, - тады адбываецца сапраўдны саюз, "зліццё" асоб. Так здарылася ў мяне з рэжысёрам Генадзем Мушпертам, калі ўзнік адыход ад рамантычнага амплуа, і я павярнуўся ў бок вострахарактарных роляў. Немагчыма ўсё жыццё працаваць толькі ў адным-адзіным рэчышчы - у гэтым і заключаецца сутнасць эксперыменту як для акцёра, так і для гледача.
- Гогаль называў тэатр кафедрай, з якой можна сказаць шмат дабра свету. А вось Лорка называў тэатр самым магутным і дзейсным сродкам духоўнага адраджэння. Якое з вызначэнняў бліжэй вам?
- Пэўна, і першае, і другое. Хаця, канешне ж, Лорка вельмі дакладны ў сваім вызначэнні. Безумоўна, тэатр - гэта сродак уздзеяння, выхавання. Але адбываецца гэта не знарочыста, а спакваля. Я згадваю рэакцыю адной з глядачак пасля, відаць, сямейнага прагляду спектакля "Самотны Захад". Праз нейкі час пасля гэтага яна падышла да рэжысёра са слязьмі на вачах і з усёй шчырасцю сказала:"Дзякуй. Мае сынкі нарэшце перасталі варагаваць адзін з адным..."
Пытанні задавала Cвятлана КАРМАЗІНА, выкладчык тэатральных дысцыплін Гродзенскага каледжа мастацтваў