“Арт” у мажоры

№ 19 (1042) 12.05.2012 - 19.05.2012 г

Наперадзе — “…Фанфары” і гала-канцэрт

/i/content/pi/cult/377/7380/1-2.jpeg25 мая вялікім гала-канцэртам завершыцца юбілейны, ХХ фестываль мастацтваў "Арт-мажор" Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, які цягам двух месяцаў праходзіць на лепшых сцэнах краіны.
Бліжэйшы канцэрт - вечар духавой музыкі 23 мая ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. У праграме "Гучаць фанфары", як паведаміў яе мастацкі кіраўнік Віктар Валатковіч, выступяць аркестр "Светач" пад яго кіраўніцтвам, ансамблевыя гурты, якія закранаюць усё суквецце духавых - ад традыцыйных да народных, - вакалісты Інга Кісялёва, Наталля Колб. Чакаецца ўдзел народнага артыста СССР і Беларусі, кампазітара Ігара Лучанка. Асобныя нумары будуць упрыгожаны харэаграфічнымі пастаноўкамі і нават выхадам мажарэтак.

Сярод самых адметных фестывальных момантаў, якія ўжо адбыліся, - адкрыццё свята, дзе гучала выключна айчынная музыка. Перад слухачамі паўсталі "Старонкі музычнай спадчыны" - ад старадаўняга "Полацкага сшытка" праз апрацоўкі народных мелодый да твораў кампазітараў ХХ стагоддзя: Аляксея Туранкова, Яўгена Глебава, Аляксандра Друкта, Віктара Помазава, Генадзя Ермачэнкава, Уладзіміра Кур'яна і іншых. Кожны з творчых калектываў прадэманстраваў сваю індывідуальнасць: ансамблі "Баламуты" (пазней ён даваў і сольны канцэрт), "Беларуская песня", "Грамніцы", "Дудачка", капэла "Гуды", асобныя салісты і, вядома, Беларускі народны аркестр БДУКіМ - лаўрэат Гран-пры Міжнароднага конкурсу, уладальнік Гранд-прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Фурор выклікала выкананне частак Сімфоніі № 13 Дзмітрыя Смольскага, якое суправаджалася відэавыявамі. Былі і сапраўдныя адкрыцці - мастацкія і навуковыя. Партытура Канцэрта для двух цымбалаў з аркестрам Ісаака Ронькіна лічылася страчанай, але выкладчык Вікторыя Старыкова аднавіла яе - і гэтая музыка, нарэшце, загучала пасля многіх гадоў забыцця.

У праграме фестывалю былі і юбілейныя канцэрты: да 40-годдзя кафедры харавога і вакальнага мастацтва, да 35-годдзя кафедры харэаграфіі. Харавая вечарына спалучыла выступленні ў розных жанрах. У цэнтры, вядома, апынуўся змяшаны хор "Дабравест" на чале з Альбінай Пякуцька, які выконваў кампазіцыі ад рэлігійных песняспеваў да жартоўных нумароў. Спявалі і мужчынскі хор "Віват", і жаночы - "Крыніца". Сярод салістаў аказаўся і артыст Нацыянальнай оперы Васіль Кавальчук, гітарыст-віртуоз Аляксей Скрыпнік - між іншым, выпускнік кафедры, - які сапраўды здзівіў сваім выступленнем нават тых, хто прыйшоў паслухаць адно харавыя спевы./i/content/pi/cult/377/7380/1-3.jpeg

Ёсць чым ганарыцца і кафедры харэаграфіі. Каб не зацягваць канцэрт у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, куды былі запрошаны выпускнікі ўсіх гадоў, самыя яркія дасягненні былі адлюстраваны ў юбілейным буклеце і, галоўнае, на экране - яшчэ да пачатку праграмы. Сярод выпускнікоў - безліч кіраўнікоў шматлікіх творчых калектываў, якія рэгулярна атрымліваюць найвышэйшыя ўзнагароды на самых прэстыжных міжнародных конкурсах і фестывалях. Вельмі ўразілі і лічбы: колькі падрыхтаваных кафедрай артыстаў працуе ў вядучых дзяржаўных калектывах нашай краіны. Да прыкладу, у адным толькі Ансамблі танца Унутраных войск Беларусі - іх ажно тры чвэрці ад агульнага складу.

Ці зможа адна праграма змясціць усё лепшае? Канешне ж, не. Напярэдадні праходзілі і фальклорная вечарына, і "круглы стол", што сабраў прадстаўнікоў рэгіянальных каледжаў мастацтваў на абмеркаванне набалелых праблем. А ў святочным канцэрце выступілі і гасцявыя калектывы, якімі кіруюць былыя выхаванцы, і цяперашнія студэнты. Сапраўднай кульмінацыяй станавіліся стыльныя, папраўдзе віртуозныя бальныя нумары, што набывалі сюжэтныя абрысы, а таксама надзвычай разнастайныя і заўжды крэатыўныя кампазіцыі, выкананыя пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры Святланы Гуткоўскай.

Зарад маладой энергіі і аптымізму можна было атрымаць на кожным канцэрце фестывалю. Наперадзе - яшчэ два. Сустрэнемся ў зале!


На здымках: акадэмічны хор "Мара"; кампазіцыя "Давай узгадаем!" у выкананні студэнтаў кафедры харэаграфіі БДУКіМ.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"