Асэнсаванне – аналіз – прагноз

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

На пытанні “К” адказвае намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні каардынацыйнага Савета па навуковай дзейнасці ў галіне культуры і мастацтва Валерый ГЕДРОЙЦ.

 /i/content/pi/cult/134/738/Gedrojz.jpg

— Творчы чалавек здавён імкнуўся “алгебрай гармонію праверыць”. Жаданне натуральнае, бо без навуковага асэнсавання ў любой сферы дзейнасці, у тым ліку ў культуры і мастацтве, няма мэтанакіраванага і плённага руху наперад...

— Неаспрэчна, менавіта навука вывучае сітуацыю ў кожнай галіне, робіць аналіз, прагназуе і дае рэкамендацыі для адзіна правільных рашэнняў і перспектыўнага планавання. І мы маем такую магчымасць. Школа беларускага мастацтвазнаўства заўжды вызначалася сталымі традыцыямі. Толькі ў нашай сферы працуюць 45 дактароў навук, 198 кандыдатаў, 96 прафесараў, 260 дацэнтаў, 8 лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, 27 заслужаных дзеячаў мастацтваў. А нашы народныя артысты і мастакі! Я таксама іх залічваю ў вялікі атрад даследчыкаў нацыянальнага мастацтва і носьбітаў адмысловага досведу. У гэтым спецыфіка нашай галіны. Таму ў час І з’езда навукоўцаў шырока будзе прадстаўлена не толькі метадалагічна-даследчая, але і творчая дзейнасць нашых жывапісцаў, графікаў, дызайнераў...

— Раней, за савецкім часам, апошняе навуковае слова было за Масквой. Цяпер, ва ўмовах незалежнасці, ці хапае беларускай культуралагічнай навуцы самастойнасці ў вызначэнні прыярытэтаў захавання і ўзбагачэння культуры?

— Хапае! У творчых ВНУ краіны не толькі рыхтуюцца якасныя кадры, але і развіваюцца навуковыя школы, скіраваныя на рэалізацыю інтэлектуальнага патэнцыялу маладых навукоўцаў, дзейнічаюць саветы па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, навукова-творчыя лабараторыі. Усе гэтыя захады вызначаны і Дзярпраграмай інавацыйнага развіцця на 2007 — 2010 гады, і галіновай праграмай захавання і развіцця культуры. Далучаюцца да нашай праблематыкі і спецыялісты іншых даследчых сфер. Самыя шчыльныя стасункі мы маем з Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускім дзяржаўным універсітэтам і іншымі. І кірункі дзейнасці дастаткова канкрэтныя. У навукова-тэхнічным раздзеле галіновай праграмы пазначана восем актуальных пытанняў, над вырашэннем якіх працуюць часовыя навуковыя калектывы ВНУ культуры і мастацтваў. Фінансуецца работа з дзяржаўнага бюджэту.
Такім чынам, ствараюцца мультымедыйная анталогія “Сучаснае прафесійнае мастацтва Беларусі”; электронныя дапаможнікі па
нацыянальнай культуры; праводзяцца комплексныя этнаграфічныя даследаванні, вынікам якіх стане анталогія народнага мастацтва; распрацоўваюцца тэрміналагічныя асновы музейнай навукі і практыкі; укараняюцца метады кампаратыўнага аналізу ў галіне сінтэтычных і сінкрэтычных форм беларускага прафесійнага мастацтва; інструментальная этнафанічная традыцыя засвойваецца ў асяродку дзіцячых фальклорных калектываў; захоўваецца і развіваецца нацыянальная самабытнасць тэатральнага, выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваў, дызайну, кіно і тэлебачання; удасканальваецца архіўная база для стварэння музычнага фонду... Словам, мы дакладна ведаем, што і якімі сіламі рабіць і сёння, і заўтра...

— За кожным доследам — практычны вынік?

— Навука дзеля навукі ніколі не прыносіла карысці грамадству. Таму кожны з васьмі кірункаў увасабляецца, так бы мовіць, у матэрыялізаваны досвед. Да прыкладу, мультымедыйныя дапаможнікі трапяць у ВНУ, а ілюстраваны музеелагічны слоўнік (500 тэрмінаў і іх апісанняў) стане незаменным памочнікам любому музейшчыку. Рыхтуецца навукова-метадычны зборнік, прысвечаны захаванню лакальнай культуры Брэсцкага Палесся. Вядуцца работы па стварэнні web-сайта “Фонд беларускай музыкі ХХ стагоддзя”.
А Дзяржпраграма “Памяць Беларусі”, разлічаная на 2006 — 2010 гады, забяспечыць улік
і захаванне дакументальных помнікаў нашай культурнай спадчыны, сфарміруе агульнадаступныя электронна-інфармацыйныя рэсурсы.
Нядаўна навукоўцамі, музыкантамі і выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў распрацавана праграма вывучэння, захавання, рэканструкцыі і
прапаганды беларускіх народных духавых музычных інструментаў. Праведзена акустычнае даследаванне беларускіх народных духавых музычных інструментаў, вывучана тэхналогія іх вырабу, распрацаваны метадычныя дапаможнікі для вучэбных устаноў і выканаўцаў “Іграй, мая дудка”, “Этнаарганалогія Беларусі”, “Галасы мінулага”, “Школа ігрына беларускіх народных духавых інструментах” і іншыя. На прыкладзе Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча мы бачым, як паспрыяла такая навуковая і даследчая работа ўключэнню новых музычных інструментаў, узбагачэнню аркестравай палітры, з’яўленню новых музычных фарбаў у гучанні калектыву, пашырэнню яго канцэртнага рэпертуару. Ва універсітэце культуры і мастацтваў створаны вельмі цікавы музычны калектыў “Гуды”, дзе з захапленнем займаюцца выкладчыкі і студэнты. І, можа, самае галоўнае — адроджаны, рэканструяваны забытыя беларускія народныя музычныя духавыя інструменты.
Без навуковых і даследчых захадаў не можа абысціся на сёння і рэстаўрацыйная дзейнасць. Аднаўленне, напрыклад, палацава-паркавага ансамбля ў Нясвіжы вядзецца з удзелам гісторыкаў, архівістаў, навукоўцаў ВНУ і
іншых профіляў. Навука з практыкай ідуць поруч і пры рэстаўрацыі Мірскага замка.

— Пры Міністэрстве культуры больш чым год працуе Савет па навуковай дзейнасці ў галіне культуры і мастацтва, які каардынуе намаганні нашых творчых ВНУ. Калі ласка, Валерый Карлавіч, больш падрабязней пра іх навуковую спецыялізацыю.

— Савет даволі прадстаўнічы. У ягоным складзе — знаныя спецыялісты. Напрыклад, старшынёй з’яўляецца першы прарэктар Беларускай акадэміі мастацтваў, доктар філасофскіх навук, прафесар Святлана Вінакурава. А сярод аўтарытэтных навукоўцаў — і член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Лакотка...
А цяпер наконт спецыялізацыі. Беларуская
дзяржаўная акадэмія музыкі, напрыклад, займаецца праблемай трансляцыі айчыннай музыкі ў сучасных умовах, бо ўзровень яе прапаганды пакуль не адпавядае патрабаванням грамадства. Так што рэфармаванне сістэмы далучэння слухача да сур’ёзнай нацыянальнай музыкі — больш чым актуальнае... Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў паглыблена вырашае пытанне вырабу, папулярызацыі і выкарыстання народных музычных інструментаў, твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва... Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў рухае развіццё беларускага дызайну.

— Са сталіцай зразумела, а рэгіёны?

— Хацеў бы адзначыць нашы музеі, дзе любая работа з гістарычным матэрыялам мае даследчы, навуковы характар. І тут шмат напрацовак, вартых абагульнення і асэнсавання...
Такі ж падыход да краязнаўства і ў бібліятэках,
нават у самых невялічкіх, вясковых, дзе здавён вядзецца своеасаблівы летапіс роднага краю.
У канчатковым, абагульненым, навукова сістэматызаваным выглядзе — гэта найкаштоўнейшы матэрыял і для сучаснікаў, і для нашчадкаў.

Гутарыў Андрэй СТАРЖЫНСКІ