Прэм’ерныя тэмбры

№ 19 (1042) 12.05.2012 - 19.05.2012 г

Кавалачак “Варшаўскай восені” як працяг “Мінскай вясны” — так, пэўна, можна азначыць нядаўні канцэрт у Белдзяржфілармоніі, дзе аркестр “Gradus ad Parnassum” на чале з Пятром Вандзілоўскім прадставіў творы, у тым ліку прэм’ерныя, сучасных беларускіх і польскіх кампазітараў.

/i/content/pi/cult/377/7379/1-1.jpegГэты праект стаўся часткай шматлікіх выступленняў, творчых сустрэч, майстар-класаў ды іншых мерапрыемстваў, якія Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі цягам сезона ладзіць з замежнымі партнёрамі да свайго 80-годдзя. Гэтым разам нашу сталіцу ўпершыню наведаў рэктар Варшаўскага ўніверсітэта музыкі імя Ф.Шапэна - кампазітар, арганіст, прафесар Станіслаў Марыта. Канцэрт успрымаўся кульмінацыяй візіту, насычанага афіцыйнымі перамовамі, сустрэчамі са студэнтамі розных спецыяльнасцей. Фіналам вечара стаўся Віяланчэльны канцэрт С.Марыты ў выкананні яшчэ аднаго госця - Томаша Штраля, гук чыйго інструмента папраўдзе быў падобны на аголеную душу.

Гэты да іншыя польскія творы шмат у чым перагукаліся з беларускімі. Пры ўсёй індывідуальнасці кожнай задумы, можна было знайсці "люстэркавыя адбіткі" - паралелі ў тэматыцы, стылістыцы, што чарговы раз сведчыла пра еўрапейскасць нашых мастацкіх пошукаў і іх адпаведнасць тэндэнцыям.

Не адно эмацыйную, а глыбока філасофскую трактоўку набыў у выкананні Веранікі Прадзед знакаміты Канцэрт для цымбалаў з аркестрам Уладзіміра Кур'яна. Дырыжор Пётр Вандзілоўскі таксама не ўпершыню звярнуўся да Партыты in D Вячаслава Кузняцова. У прачытанні, дзякуючы большай акрэсленасці рытмікі, узмацнілася жанравая аснова, паглыбілася роля сола (габаіст Арцём Атаманаў). Побач з "сучаснай класікай" прагучала і студэнцкая прэм'ера - Канцэрт для варгана і камернага аркестра Аляксея Пілатава, які займаецца на 4-м курсе ў класе Алега Хадоскі. Саліраваў аўтар, прысвяціўшы твор брату, ад якога ўпершыню пачуў гучанне старадаўняга інструмента, што пад рознымі назвамі ўласцівы многім народам свету, а ў Беларусі, паводле летапісных звестак, вядомы з ХІІ стагоддзя. Малады творца ўклаў у сваю партытуру філасофска-этычную праблематыку адпаведнасці сучасных чалавечых адносін старадаўнім запаветам, але ў творы, як і мае быць, на першы план выйшла ўласна мастацкая ідэя.

Прэм'ерай сталася Адажыа для струннага аркестра і фартэпіяна Мікалая Літвіна, напісанае летась да чарнобыльскай гадавіны. Удзельнічаючы ў ліквідацыі наступстваў аварыі, ён потым цягам некалькіх гадоў не ствараў новых партытур. Цяперашняя, разам з яго іншымі нядаўнімі творамі, сведчыць пра "другое дыханне". Раней лепшыя дасягненні кампазітара датычыліся пераважна хору. Цяпер, перанёсшы распеўнасць у інструментальны жанр і надаўшы вагу віяланчэльнаму тэмбру, ён дасягнуў той прыгажосці, дзе кожная фраза дыхае светлым сумам і спадзяваннем, як гэта бывае ў хрысціянскіх песняспевах.

На здымку (злева направа): С.Марыта, Т.Штраль і П.Вандзілоўскі пад час канцэрта аркестра "Gradus ad Parnassum".