Як “адолець” Гары Потара?

№ 19 (1042) 12.05.2012 - 19.05.2012 г

Яшчэ адзін варыянт “формулы” поспеху для нацыянальнага героя

Вынікі мінулага года ў літоўскім кінапракаце прынеслі сенсацыю. Галівудскім блокбастарам давялося пацясніцца: стужкай нумар адзін сталі не чарговыя прыгоды Гары Потара, а літоўскі фільм "Тадас Блінда: пачатак легенды". За шэсць месяцаў пракату па ўсёй Літве яго паглядзела каля 300 тысяч чалавек - гэта значыць, амаль дзясятая частка насельніцтва нашай паўночнай краіны-суседкі! Сціплае, па цяперашніх стандартах, відовішча з вытворчым бюджэтам каля мільёна еўра, зробленае рэжысёрам-дэбютантам, без сусветных зорак у галоўных ролях, здолела адолець у глядзельных залах галівудскіх "монстраў" з каштарысамі ў сотні мільёнаў. Дык у чым жа формула поспеху "літоўскага кінацуду" і ці можна паўтарыць яго стваральнікам айчынных кінатвораў?
Прадзюсар "Тадаса Блінды..." Жільвінас Наўёкас на сустрэчы з беларускай публікай ахвотна распавядаў аб складніках неверагоднага поспеху сваёй каманды і літоўскага кіно ў цэлым.

Па-першае, галоўнага героя стужкі ведае з маленства практычна кожны літовец, бо Тадас Блінда - своеасаблівы "літоўскі Робін Гуд", які жыў у другой палове ХІХ стагоддзя і, як водзіцца, змагаўся за правы "простага люду" з магутнымі ды заможнымі. У 1972-м пра легендарнага разбойніка ўжо быў створаны тэлевізійны фільм, які з маленства ведае кожны літовец. Зрэшты, пра што апавядае стужка "Тадас Блінда: пачатак легенды", зразумела ўжо зыходзячы з назвы: калі выражацца на сучасным слэнгу, стужка з'яўляецца "прыквелам" колішняга серыяла.

Па-другое, галоўную ролю ў стужцы і сваю першую ролю ў кіно наогул выканаў малады і звышпапулярны літоўскі спявак Мэнтас Янкавічус. Калі ўлічыць сярэдні ўзрост сучаснага наведвальніка кінатэатраў, становіцца зразумела, што папулярнасць "Тадаса..." сярод моладзі не ў апошнюю чаргу забяспечыў удзел у стужцы гэтага музыканта. Зразумела, іншыя ролі ў фільме сыгралі таксама вядомыя выканаўцы, у тым ліку славуты Данатас Баніёніс, добра вядомыя нашаму гледачу актрысы Таццяна Лютаева і Агнія Дзіткаўскітэ.

Па-трэцяе, стужку, поўны цыкл вытворчасці якой заняў пяць гадоў, стварала каманда маладых літоўскіх кінематаграфістаў на чале з рэжысёрам-дэбютантам Данатасам Улвідасам, што атрымала пэўны прафесійны досвед, у тым ліку і на здымках галівудскіх стужак, якія адбываліся ў Літве.

Але, галоўнае, літоўскі глядач не пабаяўся ісці "на сваё", выключна нацыянальнае, відовішча, абвергнуўшы тым самым шырока распаўсюджаны тэзіс пра выключную глабалізацыю кінематаграфічнай прасторы. Праўда і ў тым, што стваральнікі "Тадаса Блінды..." і не стараліся ісці насуперак мэйнстрыму. Іх стужка выглядае даволі сціпла на фоне галівудскіх "монстраў", маштабамі здымак, ігрой акцёраў больш нагадваючы эстэтыку тэлевізійнага кіно. Тым не менш, фільм здолеў зарабіць больш за мільён еўра ў нацыянальным пракаце і тым самым, калі ўлічваць расходы на дыстрыб'юцыю і долю кінапракату, часткова акупіць сваю вытворчасць. Беларускія кінематаграфісты пра такі вынік пакуль толькі мараць...

Аднак, апрача станоўчых фінансавых вынікаў, літоўскія кінематаграфісты задаволены глядацкім поспехам. "Тадас Блінда: пачатак легенды" - яшчэ адно пацвярджэнне існавання ў свеце сучаснага кінапракату такога феномену, як "нацыянальны хіт" - гэта значыць, стужкі айчыннай вытворчасці, якую мясцовы глядач падтрымлівае менавіта з прычыны яе "тутэйшасці". Няхай у такой невялікай дзяржаве, як Літва, выходзіць на экраны не больш за адзін - два фільмы ў год, літоўцы не забываюцца на свой кінематограф, а той, у сваю чаргу, застаецца падкрэслена нацыянальным.

Прынамсі, пад час прагляду "Тадаса Блінды..." увесь час не пакідала адчуванне падабенства гэтай стужкі ды айчыннай тэлевізійнай карціны "Талаш" рэжысёра Сяргея Шульгі, праца над якой была завершана таксама ў мінулым годзе, пра што паведамляла наша газета. Сапраўды, падобнага ў двух праектаў было вельмі шмат, уключаючы сюжэтныя лініі: вядомы кожнаму беларусу з дзяцінства коласаўскі сюжэт, як аказалася, цудоўна ўпісваецца ў "робінгудаўскую" схему. Да таго ж, "Талаш", як і "Тадас Блінда...", уключае ў сябе "густую" нацыянальную лінію: героі і беларускай, і літоўскай стужкі змагаюцца не толькі за сваё асабістае шчасце, але і за годнасць свайго народа. Глядацкія водгукі на прэм'еру знятага на беларускай мове "Талаша" на пачатку гэтага года былі таксама прыязныя. Як тут не ўзгадаць і вялікі розгалас ад колішняй "Анастасіі Слуцкай". Публіка відавочна прагне нацыянальнага героя. Мо настаў час з'явіцца яму на экране?