ЯК МАТЫЛЁК У ПОЛЫМІ СВЕЧКІ…

№ 19 (1042) 12.05.2012 - 19.05.2012 г

Мікалай Неўрэў: ад дэтэктыву да драмы ў Лыскаўшчыне

/i/content/pi/cult/377/7376/2-1.jpg...Шасцідзясятыя гады ХІХ стагоддзя - час складаных пошукаў у рускім жывапісе. Карл Брулоў ужо не задавальняў. Яму аддавалі належнае як геніяльнаму рысавальшчыку, які быў хіба трошкі горшы за Рафаэля і ніяк не горшы за Веласкеса ды Гвіда Рэні. Але ў Брулова, як лічыў Павел Чысцякоў, ніколі не было "жывога чалавечага цела". Ён далёка, праўда, адышоў ад "драўлянасці" сваіх папярэднікаў, але наблізіцца да Рэмбранта ці Ван Дэйка яму не ўдалося: занадта доўга школілі яго на гіпсавых антыках. І наш герой Неўрэў пакутліва шукаў у сваіх палотнах сапраўднае жыццё, нават малюючы мёртвыя гіпсавыя мадэлі. А калі ўдавалася з'ездзіць у пецярбургскі Эрмітаж (яго адкрывалі для наведвальнікаў толькі некалькі разоў на год), то мог гадзінамі стаяць перад творамі майстроў Адраджэння, намагаўся зразумець іх вялікую моц, праўду і тым ярчэй усведамляў уласную слабасць. Але духам не падаў і працаваў па чатырнаццаць гадзін у суткі...
(Працяг. Пачатак у № 18.)

1860-я гады - гэта пара росквіту мастака Неўрэва як прадстаўніка бытавога жанру, так бы мовіць, "пяроўскага" напрамку. Менавіта ў гэты час ён намаляваў шмат "крытычных" карцін з жыцця добра знаёмага яму купецкага і рэлігійнага саслоўя тыпу "Протадыякана" ці "Выхаванкі", але яго галоўным палатном сярэдзіны 60-х стаў "Гандаль. Сцэна з прыгоннага побыту". Дарэчы, упершыню імя гэтага мастака я пачуў яшчэ ў школе, калі ў падручніках (ці то па рускай літаратуры, ці то па гісторыі, дакладна не памятаю, - у тэксце пра прыгоннае права) рэпрадуктавалася менавіта гэтая карціна. Яна і стала на доўгія гады выяўленчай "фішкай" творцы, калі гаворка ішла пра рэформы
1861-га.

Стасаў так яе ацаніў: "Гандаль..." адносіцца да ліку рускіх карцін, дзе побытавая нацыянальная праўда спалучаецца з надзвычайнай драматычнасцю". Сюжэт - просты. Два памешчыкі ў пакоі (гаспадар - у халаце і хатніх пантофліках - пацягвае люльку, яго сыты і паўп'яны прыяцель разваліўся ў крэсле ды весела ўсміхаецца) раскавана, вольна сядзяць за сталом з бутэлькамі віна і няспешна вядуць гандаль. Людзі вельмі адукаваныя, мяркуючы па інтэр'еры, бо дамаўляюцца сярод камфартабельнай абстаноўкі: кнігі на этажэрцы, шыкоўная карціна часу французскага класіцызму, багатыя насценныя гадзінікі, чатыры малюнкі ў пазалочаных рамках і гравюра з партрэтам дзеяча Вялікай французскай рэвалюцыі Анарэ дэ Мірабо. А пра што, уласна, дамова? Ах, так: тавар у наяўнасці. Гэта - сялянка, прыгожая, статная, кідкая, якую прыгналі сюды, у гэты шыкоўны пакой. Яна маўчыць. Яна павінна маўчаць. Яна - тавар. Яна апусціла вочы, але - заўважце! - якая годнасць, якая простая высакароднасць у ейнай фігуры і цудоўным сялянскім твары! За ёй - натоўп увагнаных, але насцярожаных сялян: чакаюць, чым жа скончыцца гандаль. У паказе будзённасці падзеі і змяшчаецца выкрывальная сіла твора.

Тонкі майстар карціннай драмы і сатыры, Неўрэў, які ўсё свае жыццё спачуваў "зняважаным і абражаным", праявіў сябе тут як прадстаўнік высокага рэалістычнага мастацтва перадзвіжнікаў, што пэндзлем выявіў свае адносіны да дзікунскіх нораваў, самадурства і жорсткасці сучаснага яму свету. Выступіўшы з такой карцінай, аўтар, можна сказаць, ішоў па лязе нажа, дарма што ўжо было адменена прыгоннае права. Можна было чакаць забароны "сильных мира сего" выстаўляць гэты твор на выстаўках. Але Таварыства аматараў мастацтваў прызначыла мастаку Першую прэмію і экспанавала твор на Акадэмічнай выстаўцы ў Пецярбургу, потым на Усерасійскай - у Маскве. Карціну тут жа купіў нейкі Карзінкін (Траццякоў проста не паспеў!). Аднак нястомны Павел Міхайлавіч рашыў усё ж здабыць гэтую работу. Адшукаў Карзінкіна, а палатно было знойдзена ў яго на... гарышчы! Больш за тое, яно папсавалася: было прабіта якраз на твары "прадмета гандлю" - той самай сялянскай жанчыны. Але Траццякоў карціну перакупіў і адправіў "на лячэнне" - у майстэрню вядомага рэстаўратара Арцыбашава. З таго часу Неўрэў стаў найбліжэйшым сябрам Траццякова і ягонай сям'і, а хутка ў якасці педагога (разам з П.Дзясятавым, П.Сарокіным ды І.Пранішнікавым) некаторы перыяд узначальваў нават Галаўны клас мастацкага вучылішча, таго самага, якое ён так і не скончыў.

Але галоўным для яго быў жывапіс: карціна і партрэт. Працаваў ён шмат, але ўжо ў 1870 - 80-я гады поўнасцю перайшоў з бытавога жанру на жывапіс гістарычны. Хтосьці яго лаяў за адыход ад "сацыялкі", нехта крытыкаваў ягоныя гістарычныя карціны за "ілюстратыўнасць", "меладраматызм", "тэатральнасць пастановак", а той-сёй лічыў, што Неўрэў у гэтым складаным жанры ні ў чым не саступаў такім "зубрам", як В.Верашчагін і В.Васняцоў. Вось толькі некаторыя назвы неўрэўскіх карцін, каб мы маглі ўявіць канкрэтную сферу гістарычных інтарэсаў мастака: "Захар Ляпуноў на чале баяр прапаноўвае Васілю Шуйскаму пакінуць трон", "Ксенія Барысаўна Гадунова, якую прывялі да самазванца", "Барыс Гадуноў слухае прадказанне астролага", "Патрыярх Нікан перад судом 1 снежня 1666 года", "Князёўна П.Г. Юсупава перад пострыгам", "Блазен (Апальны баярын)", "Паслы Івана Жахлівага ў Англіі", "Прысяга Лжэдзімітрыя I каралю Сігізмунду III на ўвядзенне ў Расіі каталіцтва"...

/i/content/pi/cult/377/7376/2-2.jpgУ сярэдзіне 1870-х вядомы археолаг, граф Аляксей Увараў далучыў Неўрэва да ўдзелу ў конкурсе на карціну для заснаванага ім Маскоўскага Гістарычнага музея, прапанаваўшы сюжэт "з жыцця Галіцкай Русі, калі яна стала падвяргацца інтрыгам заходняга лацінства". У гэтым конкурсе лепшым стала палатно Неўрэва "Раман Галіцкі прымае паслоў Папы Інакенція III", якая, як я ўжо казаў, сёння знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Вельмі цікавая кампазіцыя, класічна выбудаваная, з выдатным веданнем аўтарам дэталей, аксесуараў і атрыбутаў XII ст., моцная па жывапіснай пластыцы, не кажучы пра ідэальны малюнак. Раман Мсціслававіч Галіцкі быў сынам Вялікага Кіеўскага і Уладзіміра-Валынскага князя Мсціслава Ізяслававіча і польскай князёўны Агнешкі, дачкі Баляслава Крываустага. Пасля смерці бацькі Раман Мсціслававіч стаў Вялікім Князем Наўгародскім, Валынскім, Галіцкім і Кіеўскім. Дык вось, усемагутны Рымскі Папа Інакенцій III - той самы, што ў 1199 годзе ініцыяваў чацвёрты Крыжовы паход і дабіўся поўнага панавання Рымска-Каталіцкай Царквы і ў Рыме, і ва ўсёй Італіі. Рукі Папы працягваліся нават да Англіі і Іспаніі. Сам сябе ён лічыў адзіным і найвышэйшым валадаром хрысціянскага свету, намеснікам Бога, і выступаў супраць праваслаўя. Нагадаю, што пасля царкоўнага расколу 1054 года адзіная хрысціянская Царква падзялілася на праваслаўную, з Канстанцінопальскім патрыярхам, і на каталіцкую - на чале з Папам. І Інакенцій III захацеў уз'яднаць Галіцка-Валынскае Княства з Каталіцкай Царквой пры дапамозе вялікага князя Рамана Мсціслававіча, якому ён абяцаў за гэта каралеўскую карону і палітычную дапамогу. З дадзенай мэтай у Княства ў 1204 годзе прыбывае папскі легат з прапановай аб уз'яднанні Цэркваў. Але прапанова была катэгарычна адхілена Раманам Мсціслававічам. Лёсавызначальны адказ для ўсёй наступнай славянскай гісторыі, ці не так? Вось гэты момант Неўрэў і адлюстраваў у сваім палатне...

Але з іншымі карцінамі на гістарычную тэму ў мастака не ўсё ішло гладка. Так, у часопісе "Всемирная иллюстрация" ад 28 лістапада 1881 г. была размешчана рэцэнзія на IX Перасоўную мастацкую выстаўку, дзе карціна Сурыкава "Раніца стралецкай кары" супрацьпастаўлялася псеўдагістарычнаму тэатральна-касцюмаванаму жывапісу: "...Пасля Сурыкава работы Неўрэва ў гістарычным плане падаюцца бляклымі, безгустоўна размаляванымі літаграфіямі: так шмат у іх таннага эфекту пры слабым разуменні ўмоў гістарычнага жывапісу. Наставіць як-небудзь у карціне фігур, не ўдумваючыся ў сюжэт і дапускаючы тэатральнае крыўлянне персанажаў, яшчэ не значыць у наш час маляваць гістарычныя сцэны..."

Аднак падкрэслю, што і карціну Сурыкава тады "не заўважылі" ні Стасаў, ні Крамской. Апошні пісаў: "...У ёй ёсць нейкі старажытны дух (і адзін толькі пах) - вось і ўсё"; у 1884 годзе: "...Рускі гістарычны жывапіс усё такі ж неразумны, якім быў і раней...". Думаю, падобныя водгукі ў прэсе не вельмі радавалі Неўрэва, тым больш, ягонае імя як гістарычнага жывапісца ў параўнанні з яго калегамі па пэндзлі рэдка згадвалася ў газетах ды часопісах. І гэтае, так бы мовіць, грамадскае ігнараванне яго як мастака-гісторыка раздражняла Неўрэва, і ў душы ягонай паступова назапашваліся крыўда і боль ад такой несправядлівасці. Часам хацелася проста збегчы як мага далей ад Масквы, кудысьці ў глухамань. Але пакуль такі час не прыйшоў...

Гэты час прыйшоў пасля знаёмства мастака з вышэй згаданым генералам Міхаілам Рыгоравічам Чарняевым, ваенным і дзяржаўным дзеячам, родам з Магілёўшчыны, дзе ён валодаў родавым маёнткам у вёсцы Тубышкі Круглянскага павета. Гэтага неардынарнага чалавека сёння ведаюць і ў Расіі, і ў Сербіі, і ў Туркменістане, але на Беларусі, на жаль, пра яго мала хто чуў, не лічачы жыхароў яго малой радзімы - Кругляншчыны. Тут, на жаль, ад ягонага маёнтка застаўся толькі камень-валун з надпісам "Месца былога маёнтка генерала М.Р. Чарняева" і помнік на магіле - побач з разбуранай Мікалаеўскай царквой. Гэтую царкву пабудаваў бацька генерала Рыгор Мікітавіч, выхаванец Шклоўскага кадэцкага корпуса, Герой Аўстэрліца і Айчыннай вайны 1812 года, удзельнік узяцця Парыжа і, больш за тое, губернатар французскага горада Люневіль. Тут ён і ажаніўся з дачкой мэра - францужанкай Эсфір-Шарлотай Лекюйе. Гэтая цудоўная жанчына нарадзіла яму некалькіх дзяцей, сярод якіх Міхаіл з'явіўся на свет у 1828-м, г. зн. трошкі раней за Неўрэва. Пазней падпалкоўнік Рыгор Чарняеў стаў камендантам горада Бярдзянска, а потым з усёй сям'ёй перасяліўся ў Беларусь, дзе купіў маёнтак Тубышкі, што перайшоў у спадчыну сыну Міхаілу. Пазней Міхаіл Рыгоравіч сваёй жонцы Антаніне Аляксандраўне падарыў яшчэ і дом у вёсцы Лыскаўшчына, дзе і прайшлі апошнія гады жыцця Мікалая Неўрэва. Вось такая атрымалася сямейная карусель, у якую па першым часе арганічна ды ўтульна ўпісваўся і мастак...

Але я хацеў бы трошкі падрабязней распавесці пра лёс генерала Чарняева, бо ён заслугоўвае таго, каб быць вядомым і нам, беларусам, тым больш, што без яго непасрэднага ўдзелу Неўрэў ніколі не апынуўся б у Беларусі. Мне дакладна не вядома, калі яны пазнаёміліся. Думаю, дзесьці ў 1873-м ці 1874 годзе, калі Неўрэў быў у росквіце творчых сіл, а апальны генерал, прыхільнік панславізму, з'яўляўся уладальнікам пецярбургскай кансерватыўнай газеты "Русский мир", дзе востра крытыкаваліся ўрадавая бюракратыя на чале з міністрам Д.Мілюціным і яго ліберальныя ваенныя рэформы. Да гэтага часу Чарняеў, былы выхаванец Дваранскага палка і Акадэміі генеральнага штаба, узначальваў ваенныя экспедыцыі ў Сярэднюю Азію, быў ваенным губернатарам Туркестанскага регіёна, потым удзельнічаў у Крымскай вайне, дзе праславіўся ў баях за Севастопаль, асабліва - за Малахаў курган; ваяваў з туркамі на Дунаі, вылучыўся ў Інкерманскай бітве. Кажуць, што ніколі ён не кланяўся ні кулям, ні начальству, пагарджаў тылавымі казнакрадамі і востра асуджаў загады "паркетных" генералаў, якія аддавалі свае распараджэнні ў Севастопаль, знаходзячыся ў Пецярбургу...

(Заканчэнне будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"