Паступленні ўнікальных прадметаў у музейную ўстанову сталі магчымымі дзякуючы супрацоўніцтву Нясвіжскага музея-запаведніка з Дзяржаўным сховішчам Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь. Частка сярэбранай калекцыі трапіла ў Дзяржаўнае сховішча з ламбардаў, частка - была канфіскавана ў кантрабандыстаў, а некаторыя рэчы ўяўляюць з сябе трафеі часоў Другой сусветнай вайны. У выніку плённай працы фонды славутай нясвіжскай установы займелі ў сваёй калекцыі 850 прадметаў. Пэўная іх колькасць ужо прадстаўлена для агляду наведвальнікам ратушы, частка - будзе выстаўлена ў залах Нясвіжскага замка.
"Сярод новых паступленняў ратушы - у асноўным, рэчы нямецкай, польскай і расійскай вытворчасці, - удакладняе Алена Шкраба. - Гэта прадметы канца ХІХ - пачатку ХХ ст. Кожны з іх мае сваю гісторыю, якую яшчэ неабходна будзе адкрыць".
Так, большасць каштоўных экспанатаў мае адмысловыя таўры, знакі пэўных майстроў, ювелірных дамоў. Аднак дакладна іх расшыфраваць пакуль яшчэ не атрымалася...
У ратушы новыя экспанаты прадстаўлены ў зале скарбніка. "Экскурсія пабудавана такім чынам, - распавядае Алена Шкраба, - што ў першую чаргу нашы наведвальнікі знаёмяцца са звычаямі ды парадкамі магістрата часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Мы распавядаем пра пасаду скарбніка і яго паўнамоцтвы, сярод якіх - права захоўваць да паўналецця спадчынніка багацце яго загінуўшых бацькоў. І тут добрай ілюстрацыяй да аповеду становіцца сярэбраны посуд, каштоўныя прадметы побыту, якія цалкам маглі ўяўляць з сябе здабытак гарадской сям'і рамесніка". Тут жа экскурсавод распавядае пра прафесію "златніка" або "сярэбраніка" ў часы ВКЛ і РП, адзначае загадчык сектара па навукова-экспазіцыйнай працы ратушы.
Адным з самых каштоўных прадметаў абноўленай экспазіцыі супрацоўнік музея назвала відэлец для рыбы нямецкай вытворчасці ХІХ ст. з імператарскім знакам. Але ж самыя цікавыя прадметы, перададзеныя з Дзяржсхова музею-запаведніку ў Нясвіжы, будуць экспанавацца ў замку.
"Гэта шкатулкі для ювелірных вырабаў, візітніцы, табакеркі, запальнічкі... - удакладняе захавальнік фонду Нясвіжскага музея-запаведніка Жанна Батурыцкая. - Сярод сталовых прыбораў ёсць нават кубачак XVIII ст., які, магчыма, належыў Пятру ІІ. На дне посуду можна разгледзець выяву царскіх рэгалій і адпаведны подпіс..."
Плануецца, што новыя сярэбраныя скарбы будуць прадстаўлены для аглядальнікаў замка ў зале прыватных калекцый ужо ў маі.
Д.А.
На здымку: сталовыя прыборы
з ратушы.