“Чэмпіён эпохі гусінага пяра”

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

“Чэмпіён эпохі гусінага пяра”, адзін з нямногіх пісьменнікаў, унесеных у “Кнігу рэкордаў Гінеса”, — усе гэтыя дасягненні належаць Юзафу Ігнацыю Крашэўскаму, 200-годдзе з дня нараджэння якога сёлета шырока адзначаецца ў Беларусі (родавы маёнтак яго знаходзіцца на Пружаншчыне) і Польшчы, дзе нарадзіўся славуты творца.

/i/content/pi/cult/376/7371/1-2.gifЯго дзіцячыя гады прайшлі ў маёнтку родных маці - Раманове - на Падляшшы і ў бацькавым маёнтку каля вёскі Доўгае Пружанскага павета на тэрыторыі Гродзенскай губерні. Акрамя таго, будучы пісьменнік скончыў Свіслацкую гімназію - адну з найлепшых навучальных устаноў на беларускіх землях. "У гэтым ціхім і спакойным мястэчку, - успамінаў юнак, - я працаваў, як ніколі, але змяніў накірунак: у Бялай мы больш забаўляліся, чым вучылі фізіку і хімію, у Любліне мучыліся матэматыкай, у Свіслачы я як след заняўся мовай і літаратурай..."

З нагоды памятнай даты ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі падрыхтавана выстаўка "Юзаф Крашэўскі ў люстэрку гісторыі", дзе прадстаўлены дакументы XIX - XXI стст. з фондаў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў. Сярод іх - прыжыццёвыя выданні твораў Юзафа Крашэўскага на польскай мове, пераклады, а таксама даследаванні, якія распавядаюць пра жыццё і творчасць пісьменніка.

Адкрываюць экспазіцыю творы Юзафа Крашэўскага сацыяльна-бытавой тэматыкі, сярод іх - "Чарадзейны ліхтар", а таксама творы з так званага сялянскага цыкла, у тым ліку адна з першых і лепшых ягоных работ "Уляна. Палеская аповесць". Тут жа можна ўбачыць і ўзоры паэтычнай і драматычнай творчасці пісьменніка: зборнік "Анафеляс", яго выдатны лірычны цыкл "Гімны смутку".

Як вядома, Юзаф Крашэўскі атрымаў мастацкую адукацыю. Невыпадкова ў экспазіцыі можна ўбачыць яго малюнкі, якімі ілюстравана праца беларускага гісторыка, этнографа К.Тышкевіча "Вілія і яе берагі...", выдадзеная, дарэчы, самім Крашэўскім у Дрэздэне ў 1871 г.

Наступны раздзел экспазіцыі прысвечаны дзейнасці Юзафа Крашэўскага ў якасці рэдактара. Прадстаўлены экзэмпляры літаратурнага часопіса "Athenaeum", дзе ён працаваў у 1841 - 1851 гг. У ім былі ўпершыню надрукаваны творы У.Сыракомлі і Я.Баршчэўскага.

Асаблівай увагі заслугоўвае раздзел, прысвечаны перакладам твораў пісьменніка на беларускую мову. Упершыню на роднай мове загучалі вершы Крашэўскага "Дзед і баба", "Ці ты знаеш старонку?" у перакладзе Янкі Купалы. Празаічныя творы пісьменніка перакладалі Пётр Бітэль, Васіль Сёмуха, Леў Казлоў, Міхась Кенька. Усе гэтыя кнігі можна ўбачыць у экспазіцыі.

Акрамя таго, на выстаўцы, у тым ліку ў яе віртуальнай версіі, можна азнаёміцца з даследаваннямі, прысвечанымі жыццю і дзейнасці знакамітага пісьменніка, выдадзенымі на беларускай, польскай і рускай мовах.

Алена ЦІТАВЕЦ, Іна МУРАШОВА, навуковыя супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі