Perpetuum mobile самарэалізацыі

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

Рэгіёны: майстар-клас крэатыву

Ці лёгка "нарадзіць" адмысловую ідэю? Хто "нараджаў", адкажа без ваганняў: "Гэтак жа лёгка, як і словамі каханне апісаць!" І ў такой "складанай нескладанасці" - спецыфіка працы любога творцы. А большасць нашых работнікаў культуры, па перакананні "К", - менавіта творцы... Мы працягваем агляд праектаў, народжаных у самай гушчы клубнага і музейнага жыцця, і не па загадзе, а па прафесійным прызванні.

Ганцавіччына:

бульбіна-рэкардсменка

Метадыст Ганцавіцкага райметадцэнтра Мікалай Ленкавец - даўні сябра "К". Неаднойчы друкаваў у нас свае адметныя сцэнарыі. Якраз ён - адзін з самых яркіх генератараў творчых праектаў у раёне. Адзін з іх звязаны з экалагічным выхаваннем.

Праект складаецца з цыкла мерапрыемстваў, што рыхтуюць і ладзяць шэсць аматарскіх аб'яднанняў прыродазнаўчага кірунку пры вясковых установах культуры. "Галаўное" аб'яднанне дзейнічае пры Лактышаўскім сельскім клубе, з'яўляецца народным і называецца "Аквафіл". З вадой тут, сапраўды, усё як мае быць: і рэчка Лань паблізу працякае, і рыбасховішча "Лактышы" знаходзіцца. А пры СК, якім загадвае Людміла Макатрэвіч, створаны Музей рыбалоўства з чаўнамі, таптухамі, сеткамі ды іншымі прыладамі "воднага палявання"... Таму ёсць цвёрды намер ладзіць у раёне масавыя і тэатралізаваныя Дні рыбака.

 А яшчэ ва ўстановах культуры раёна ствараецца "Ганцавіцкая кніга прыродных рэкордаў" (Гінес - адпачывае!), куды заносяцца звесткі пра самыя вялікія грыб, бульбіну, рыбіну, дрэва, яблык і г. д.

Расоншчына:

тэатралізацыя

на экспарт

/i/content/pi/cult/376/7362/1-1.jpegА пра гэты праект "К" пісала неаднаразова. Але для "таўталогіі" ёсць нагода, бо ідэя знаходзіцца ў пастаянным развіцці. Справа ў тым, што тэатралізацыя апошняга дня Вялікай Айчыннай вайны, што ладзіцца мясцовым музеем і РДК на месцы лясной базы партызанскай брыгады Ракасоўскага (дзе камісарам быў Пётр Машэраў), сёлета набывае міжнародную папулярнасць.

На пачатку вясны ў Расоны прыбылі трыццаць работнікаў культуры Сембежскага раёна Пскоўскай вобласці. Наведалі музей, аграгарадкі, праслухалі канцэртную праграму - заплацілі за ўсе паслугі. Зацікавіліся расонскай тэатралізацыяй і замовілі правесці яе на сваёй тэрыторыі. Платны "экспарт" ляснога спектакля, як паведамляе начальнік аддзела культуры Расонскага райвыканкама Святлана Волкава, адбудзецца напрыканцы ліпеня.

Добрушчына:

выкупіць фісгармонію

У начальніка аддзела культуры Добрушскага райвыканкама Рыгора Козырава ўзнікла ідэя, рэалізацыя якой якасна зменіць змест дзейнасці Раённага краязнаўчага музея.

Сёння ва ўстанове часова захоўваецца нямецкая фісгармонія, што прыналежыць прыватнай асобе. Уладальнік збіраецца прадаць гэты ўнікальны інструмент. А работнікі культуры маюць намер яго выкупіць, каб ладзіць у музеі камерныя вечары арганнай музыкі. Як паказваюць папярэднія апытанні, такія мерапрыемствы будуць карыстацца ў наведвальнікаў, у тым ліку і ў моладзі, павышаным попытам.

Сёння для ажыццяўлення задуманага ідзе актыўны пошук пазабюджэтных сродкаў. Начальнік аддзела культуры перакананы, што спонсар для набыцця фісгармоніі і яе рамонту будзе знойдзены.

У пошуках ідэй і праектаў я патэлефанаваў ці не ў дзясятак раёнаў літаральна ўсіх абласцей Беларусі. Жаданае, як вы пераканаліся, знайшоў толькі ў трох. У астатніх толькі рукамі развялі. Справа зразумелая: у любым электрарухавіку не толькі ротар ёсць, але і статар. Няўжо камусьці наканавана круціцца, а камусьці...

На здымку: тэатралізацыя
ў Расонах.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"