Смарткіно для ўсіх

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

З 20 красавіка па 20 мая ў нашай краіне праходзіць Фестываль мабільнага кіно. Акцыя, зладжаная адным з аператараў мабільнай сувязі, падтрымана Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

 

Як паведаміла "К" вядучы спецыяліст упраўлення кінавідэамастацтва Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Паліна Тамашэўская, падтрымка фестывалю аказваецца ўжо не ўпершыню, у асноўным - у арганізацыйным аспекце.

Сама ж ідэя Фестывалю мабільнага кіно, або смарткіно, заключаецца ў тым, што кожны можа зняць свой фільм з дапамогай звычайнага мабільніка і выкласці стужку ў Сусветным павуцінні. А паводле ўмоў конкурсу, пераможцаў у шасці намінацыях чакаюць каштоўныя прызы і ўвага з боку ўсёй інтэрнэт-супольнасці Беларусі.

У рамках акцыі таксама пройдзе яшчэ адзін кінафэст - "Short dog", на якім будуць прадстаўлены шматлікія кароткаметражныя фільмы з розных краін свету. Прычым паказ стужак адбудзецца не ў кінатэатры, а пад адкрытым небам.

Як распавёў "К" адзін з арганізатараў мерапрыемства Мікола Шакель, пад час аднадзённага паказу будуць прадстаўлены найлепшыя кароткаметражкі з праграмы пяці розных еўрапейскіх кінафэстаў, у тым ліку - і мінскага. Прычым, на думку суразмоўцы, дэманстрацыя стужак прывабіць любога гледача, бо на фэсце пакажуць як мастацкія, дакументальныя, так і анімацыйныя фільмы.

Ю.Ч.