Там, за Араратам…

№ 42 (808) 20.10.2007 - 26.10.2007 г

“А за табою, Арарат, Арменія мая”… Пад дахам мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў натхнёна гучала мастацкае слова, лілася прыгожая этнічная музыка і зачароўваў рытмамі і адпрацаванасцю рухаў народна-сцэнічны танцавальны калектыў “Эрыбуні” армянскага культурна-асветніцкага таварыства “Айастан”. Канцэрт давалі з нагоды нацыянальнага свята — Дня Рэспублікі Арменія. Загадзя можна было чакаць, што самадзейныя артысты армянскай дыяспары пакажуць максімум, на што здольныя. І ўсё ж такога высокага ўзроўню мастацкай творчасці я нават не чакала. Звяртала на сябе ўвагу і інтэлігентнасць публікі, якая сабралася ў зале.

 /i/content/pi/cult/133/735/Ararat1.jpg

Народна-сцэнічны танцавальны калектыў “Эрыбуні” на фоне эліністычнага храма (І ст. да н.э.) у Арменіі. 

У таварыстве “Айастан” вельмі шмат увагі надаюць таму, каб аб’яднаныя ў яго беларускія армяне добра ведалі гісторыю і самыя розныя пласты культуры гістарычнай радзімы.
Пра скіраванасць у гэтае рэчышча яскрава гаварыў і згаданы канцэрт. Мяняліся касцюмы, мелодыі, асаблівасці рухаў. “Эрыбуні” прадставіў на суд гледачоў танцы, прысвечаныя розным рэгіёнам Арменіі, яе мастацкай разнастайнасці.
Адна з кветак гэтага букета — ванскі танец. Ён хутчэй сучасны, але ўжо сваёй назвай нагадвае пра гістарычную правінцыю, слаўную старажытнай — VIII стагоддзя да нашай эры — сталіцай Арменіі.Шыракскі танец — у гэтай мясцовасці знаходзіцца зона Ленінакана, страшэнна пацярпелая ад землятрусу 1988 года.
Зэйтунскі, эрзрумскі, арцахскі танцы, харэаграфічная кампазіцыя, прысвечаная тбіліскім армянам XVIIIXIX стагоддзяў кінто — гандлярам і рамеснікам, якія мелі пэўныя асаблівасці ў касцюме і стылі паводзін. З асаблівай цеплынёй прымалі гледачы дзіцячую групу “Эрыбуні”, шчодра падтрымліваючы апладысментамі кожны яе нумар.
Арганічна ўпісаліся ў канцэрт выступленні эстрадных армянскіх выканаўцаў. І ўжо проста скарала гучанне дудука — абрыкосавай дудачкі, ігру на якой некалькі разоў падчас канцэрта дэманстраваў Сцяпан Аруцюнян. Як лічыцца, гэты інструмент імітуе чалавечы голас і здольны перадаць любыя адценні пачуццяў. Мне, калі я слухала ігру на ім, уяўляліся непаўторныя горныя пейзажы і квітнеючыя сады…
Дудук сёння папулярны ў многіх краінах, шырока выкарыстоўваецца як сольна, так і ў розных ансамблях. А сучасную назву гэтаму інструменту, які ў старажытнасці называўся “ціранапоха”, фактычна далі рускія. Яны праяўлялі сваю цікавасць да інструмента словамі: “Пакажыце, што ў вас за дудачка”. У 1828 г. граф Іван Паскевіч (адзін з уладальнікаў палаца Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі) вызваленнем Ерэванскай крэпасці паклаў канец персідскаму панаванню ў Арменіі. Сімпатыі да рускіх былі настолькі вялікія, што нават свой традыцыйны інструмент армяне сталі называць на рускі манер.
Многія з прыведзеных вышэй звестак можна было пачуць на згаданым канцэрце. А завяршыўся ён выхадам артыстаў у глядзельную залу падчас выканання “Лорке” — вясельнага танца Арарацкай даліны.
Не дзіва, што пасля ўсяго гэтага захацелася пазнаёміцца з кіраўніком гэтага цікавага
 /i/content/pi/cult/133/735/Ararat2.jpg
калектыву, яшчэ больш даведацца пра творчасць беларускіх армян.
Рузана Аванесян нарадзілася ў Ерэване. А сёння (так склаўся лёс) жыве ў Мінску, тут атрымала вышэйшую адукацыю, працуе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Адным з маіх пытанняў да Рузаны было:
— Які кантынгент у асноўным складзе вашага ансамбля?
— Удзельнікі “Эрыбуні” — у асноўным студэнты, у асноўным армяне ці моладзь са змешаных сем’яў.
— Па ўсім відаць, што армянская самадзейнасць годна прафінансавана. Адных касцюмаў я налічыла не менш за 5 камплектаў. Як удаецца вам вырашаць фінансавыя пытанні?
— У нас 8 камплектаў касцюмаў. Дапамагалі ў стварэнні таго, што вы бачылі на сцэне, і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Арменіі ў Беларусі Алег Есаян, і армянскія прадпрымальнікі.
— Прызнацца, крыху здзіўляе колькасць у вашым калектыве светлавалосых дзяўчат.
— Насамрэч, сярод яго ўдзельніц толькі адна руская. Гэта салістка, наша зорка, Вольга Багушынская. Дарэчы, як нам вядома са старажытных легенд, да заваявання Арменіі цюркамі сярод армян сустракаліся і русыя, і сінявокія. Таму мы не ўспрымаем светлыя валасы, як не ўласцівыя нашаму этнасу.
Расказала Рузана Аванесян і пра тое, што спраўджваецца мара ўдзельнікаў “Эрыбуні” — іх запрасілі на гастролі ў Арменію.
Другі раз Рузана завітала ў рэдакцыю разам са сваім мужам Робертам — таксама актывістам таварыства “Айастан”.
Па маёй просьбе яны распавялі пра паездку “Эрыбуні” ў Арменію. Апроч цудоўных уражанняў — а калектыў гастраляваў па ўсёй краіне і па Нагорным Карабаху, у Сцепанакерце выступаў разам са спявачкай Стэлай, — беларускія армяне прывезлі перамогу ў танцавальнай намінацыі, трэцяе месца па валейболе прэстыжнага ўсеармянскага фестывалю-конкурсу ў Джэрмуку.
Заўсёды цікава, якая праграма падобных фестываляў у іншых краінах. Ад беларускіх фестываль-конкурс, аб якім ідзе гаворка, адрозніваецца, па-першае, тым, што ў ім удзельнічаюць як прадстаўнікі рэгіёнаў Арменіі (каб трапіць сюды, яны праходзяць праз адборачныя туры), так і калектывы армянскіх дыяспар з розных краін. Каманды з 12 чалавек, якія ўдзельнічаюць ва ўсеармянскім фестывалі-конкурсе, спаборнічаюць па спевах і танцах, жывапісе, скульптуры, складанні вершаў, брэйн-рынгу і брэйн-тэсту (адказах на пытанні), па некалькіх відах спорту.
— Падчас паэтычнага конкурсу, — узгадвае Рузана, — трэба было за 20 хвілін скласці верш з пэўнага набору слоў. І літаральна ашаламіла тое, што прадстаўнікі некаторых каманд з самой Арменіі за такі кароткі час паспелі скласці ці не паэмы. На конкурсе мадэліравання ўсім далі аднолькавыя адрэзы чырвонага атласу, іголкі, ніткі, і трэба было за суткі стварыць прыгожы касцюм. Мы пашылі класічную элегантную сукенку. У выніку журы сказала, што наша ўдзельніца як мадэль — бездакорная, але сукенка ўсё ж простая. Іншыя каманды прадстаўлялі строі досыць экстравагантныя, дэманструючы дызайнерскія знаходкі.
Яшчэ калектыў “Эрыбуні” паўдзельнічаў ва Ўсеармянскім маладзёжным форуме ў Цахкадзоры. На яго прыязджаюць, ізноў жа, як прадстаўнікі рэгіёнаў Арменіі, так і армяне з замежных краін. Сёлетняя тэма ўсеармянскага маладзёжнага форуму — “Арменія і глабалізацыя”.
Абяцанага мне здымка армянскага сімвала — гары Арарат (гара зараз знаходзіцца на тэрыторыі Турцыі, але яе відаць з Ерэвана) Рузана не прывезла: калі беларускія армяне гасцявалі ў Ерэване, Арарат увесь час быў у смузе.
— А якія вашы ўражанні ад наведвання Арменіі самыя яркія? — пацікавілася я ў Рузаны і Роберта.
— Іх шмат: цудоўная армянская прырода, старажытная архітэктура, ды, урэшце, і тое, як нас прымалі. Калі паглядзець відэазапіс усеармянскага фестывалю-конкурсу, дык бачна, што гледачы вітаюць нас стоячы і скандзіруючы “Беларусь!”.

Наталля РУСАК
Фота аўтара