Праект з фундушавым лістом

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

Унікальны аднадзённы выставачны праект Нацыянальнага гістарычнага ў сценах Свята-Духава кафедральнага сабора можа займець і ўвасабленне ў музеі.

Новыя адметныя факты з жыцця святой Сафіі Слуцкай і з гісторыі самага старажытнага дзеючага праваслаўнага храма беларускай сталіцы - Свята-Петрапаўлаўскага сабора - гэтымі днямі разглядаліся на Міжнароднай царкоўна-навуковай канферэнцыі.

Удзельнікі канферэнцыі, сярод якіх былі археолагі, архітэктары, мастацтвазнаўцы, рэстаўратары, багасловы, раскрылі не толькі найважнейшыя старонкі дзвюх азначаных тэм, але і шырокі гістарычны кантэкст, няпростыя, часам трагічныя, умовы, насуперак якім нашымі продкамі адбываўся шлях ахвярнага служэння.

Трэба адзначыць і адметную падзею, што мела месца ў рамках форуму. У прыватнасці, Нацыянальны гістарычны музей нашай краіны прадставіў унікальны аднадзённы выставачны праект у сценах Свята-Духава кафедральнага сабора, прысвечаны 400-годдзю памяці святой праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай, і заснаванню Свята-Петрапаўлаўскага сабора ў Мінску. Варта адзначыць, што галоўная адметнасць выстаўкі - у прадстаўленых арыгінальных матэрыялах, якія захоўваюцца пераважна ў фондах музея і толькі зрэдку дэманструюцца шырокай публіцы. Сярод іх - дакументы ХVІ - ХVІІІ стст. з колішняга Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра. Гэта, у тым ліку, фундушавы ліст з пячаткамі княжны Аўдоцці Друцкай-Горскай, у якім засведчана бясплатная перадача вялікага кавалка зямлі ў цэнтры Мінска пад будаўніцтва праваслаўнага манастыра ды храма. Да таго ж, на выстаўцы былі прадстаўлены і паштоўкі з краявідамі Слуцка пачатку ХХ ст.

Як адзначылі арганізатары праекта, у бліжэйшай перспектыве будзе разглядацца варыянт дэманстрацыі гэтай экспазіцыі ў пашыраным фармаце ў будынку Нацыянальнага гістарычнага музея.