У Мінску святкаванне распачнецца 8 мая ўрачыстым пасяджэннем і святочным канцэртам. 9 мая, як заўжды ў гэты дзень, па праспекце Незалежнасці пройдзе шэсце ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, кульмінацыяй якога будзе ўскладанне кветак да манумента на плошчы Перамогі. У святочным шэсці разам з ветэранамі традыцыйна ўдзельнічае Кіраўнік дзяржавы.
Асноўныя масавыя гулянні адбудуцца ў парку Перамогі. Тут, у рамках акцыі "Беларусь у маім сэрцы", пройдзе гала-канцэрт удзельнікаў фестывалю ваенна-патрыятычнай песні "Зорка". А ўвогуле ў розных раёнах горада адбудзецца каля пяцідзесяці святочных імпрэз з удзелам прафесійных і самадзейных артыстаў. Арганізатары імкнуцца зрабіць праграму святкавання разнастайнай, задаволіць густы і эстэтычныя запыты розных узростаў. Скажам, на пляцоўцы ля Палаца спорту пройдзе своеасаблівы фестываль маладзёжнай субкультуры: адбудуцца выступленні велабайкераў, майстроў графіці, сваю творчасць прадставяць маладыя дызайнеры і мадэльеры.
Фіналам свята стане салют. У сувязі з тым, што горад разбудоўваецца, і там, дзе былі свабодныя тэрыторыі, цяпер стаяць жылыя дамы, зменена дыслакацыя некаторых агнявых пазіцый. Усяго кропак, дзе будуць устаноўлены гарматы, - шэсць. Яны размеркаваны такім чынам, каб салют пабачыла як мага больш мінчан.
П.В.