У гонар летапісца Уздзеншчыны

№ 42 (808) 20.10.2007 - 26.10.2007 г

Сустрэча з выдатным чалавекам, прэзентацыя яго кніг, публічна прамоўленыя ім словы — гэта заўсёды добрая і павучальная падзея, асабліва калі чалавек гэты — яшчэ і падзвіжнік, і энтузіяст. Несумненна, што да такіх людзей належыць і адметны беларускі краязнаўца Уладзімір Кісялёў — кандыдат эканамічных навук, заслужаны работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі, узнагароджаны медалём “Свяціцеля Кірылы Тураўскага”. Артыкулы яго і аб ім неаднойчы ўпрыгожвалі старонкі “Культуры”.

 /i/content/pi/cult/133/732/Letapisec.jpg
Спачатку У.Кісялёў правёў прэзентацыю сваіх новых кніг “Парадоксы “электрического человека”.
Жизнь и деятельность белорусского учёного Якова Оттоновича Наркевича-Иодко” (Мінск, “Беларуская навука”, 2007) і “Исследователь внимательный и трудолюбивый. О жизни и деятельности историка и богослова, профессора В.Завитневича” ў вёсцы Ліцвяны на незабыўным мерапрыемстве “Лёсы нашых землякоў”, якое тады благаславіў і вёў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Актыўны ўдзел у той падзеі бралі намеснік старшыні Уздзенскага райвыканкама Яўген Шкель, дырэктар Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея Т.Лухверчык, навукоўцы, краязнаўцы, настаўнікі ды іншыя зацікаўленыя людзі са сталіцы і раёна і з іншых мясцн: А.Ярмольчык, В.Цяплова, А.Валахановіч, М.Лазар, Г.Шэйкін, І.Чарота, А.Папко…
А другая прэзентацыя апошніх здабыткаў нястомнага летапісца славы Наднёманскага краю і біёграфа адметнейшых постацей Бацькаўшчыны адбылася ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі экспазіцыю творчай і навуковай спадчыны У.Кісялёва, раздрукавалі прэс-рэліз.
Мерапрыемства праходзіла ў чытальнай зале прыродазнаўчых навук, якую аздабляе пано працы мастака Э.Рымаровіча “Якуб Атонавіч Наркевіч-Ёдка”.
Натхнёна вяла прэзентацыю гаспадыня залы Вольга Смык, якой дапамагала Алена Яцына. Цёпла, удзячна сустрэлі прысутныя — навукоўцы, выкладчыкі, вайскоўцы, краязнаўцы, нашчадкі, землякі і паслядоўнікі Наркевіча-Ёдкі ды іншыя — выступленне Уладзіміра Кісялёва, а ён звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што яшчэ можна зрабіць у гонар і Наркевіча-Ёдкі, і Завітневіча. Услед за ім выступілі Міхась Маліноўскі з Баранавічаў, А.Даўгяла, М.Слюсар, М.Крукоўскі (першы намеснік Уздзенскага райвыканкама), Л.Змачынская з роду Наркевіча-Ёдкі, У.Гілеп, А.Федарук, М.Корзун і інш.
Усе выступоўцы падкрэслілі незвычайны ўнёсак У.Кісялёва ў патрыятычна-духоўны летапіс нашай Айчыны, вызначылі праблемы, якія ўсім трэба неадкладна вырашаць.

Міхась УГРЫНСКІ
Баранавічы
Фота Анатоля КІСЯЛЁВА