Спачатку У.Кісялёў правёў прэзентацыю сваіх новых кніг “Парадоксы “электрического человека”. Жизнь и деятельность белорусского учёного Якова Оттоновича Наркевича-Иодко” (Мінск, “Беларуская навука”, 2007) і “Исследователь внимательный и трудолюбивый. О жизни и деятельности историка и богослова, профессора В.Завитневича” ў вёсцы Ліцвяны на незабыўным мерапрыемстве “Лёсы нашых землякоў”, якое тады благаславіў і вёў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Актыўны ўдзел у той падзеі бралі намеснік старшыні Уздзенскага райвыканкама Яўген Шкель, дырэктар Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея Т.Лухверчык, навукоўцы, краязнаўцы, настаўнікі ды іншыя зацікаўленыя людзі са сталіцы і раёна і з іншых мясцн: А.Ярмольчык, В.Цяплова, А.Валахановіч, М.Лазар, Г.Шэйкін, І.Чарота, А.Папко…
А другая прэзентацыя апошніх здабыткаў нястомнага летапісца славы Наднёманскага краю і біёграфа адметнейшых постацей Бацькаўшчыны адбылася ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі экспазіцыю творчай і навуковай спадчыны У.Кісялёва, раздрукавалі прэс-рэліз.
Мерапрыемства праходзіла ў чытальнай зале прыродазнаўчых навук, якую аздабляе пано працы мастака Э.Рымаровіча “Якуб Атонавіч Наркевіч-Ёдка”.
Натхнёна вяла прэзентацыю гаспадыня залы Вольга Смык, якой дапамагала Алена Яцына. Цёпла, удзячна сустрэлі прысутныя — навукоўцы, выкладчыкі, вайскоўцы, краязнаўцы, нашчадкі, землякі і паслядоўнікі Наркевіча-Ёдкі ды іншыя — выступленне Уладзіміра Кісялёва, а ён звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што яшчэ можна зрабіць у гонар і Наркевіча-Ёдкі, і Завітневіча. Услед за ім выступілі Міхась Маліноўскі з Баранавічаў, А.Даўгяла, М.Слюсар, М.Крукоўскі (першы намеснік Уздзенскага райвыканкама), Л.Змачынская з роду Наркевіча-Ёдкі, У.Гілеп, А.Федарук, М.Корзун і інш.
Усе выступоўцы падкрэслілі незвычайны ўнёсак У.Кісялёва ў патрыятычна-духоўны летапіс нашай Айчыны, вызначылі праблемы, якія ўсім трэба неадкладна вырашаць.
Міхась УГРЫНСКІ
Баранавічы
Фота Анатоля КІСЯЛЁВА