Ад згортыша да міфа

№ 42 (808) 20.10.2007 - 26.10.2007 г

“Беларуская лялька” — так называлася першае абласное свята-конкурс, якое наладзіў у Слуцку Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці сумесна з аддзелам культуры Слуцкага райвыканкама і ўпраўленнем культуры Мінскага аблвыканкама. Яго ўдзельнікі — гэта 102 майстры розных узростаў амаль з усіх раёнаў Міншчыны (самаму юнаму ўдзельніку — 7 гадоў, самаму старэйшаму — 73 гады).

 /i/content/pi/cult/133/731/Lyalka1.jpg
 Выстаўка Квасыніцкага цэнтра рамёстваў,
Слуцкі раён.
Рыхтуючыся да свята, работнікі культуры Мінскай вобласці вывучалі традыцыйныя формы беларускай лялькі, выяўленыя ў раёнах, прааналізавалі, якія лялькі вырабляюць майстры і хто з іх навучае гэтаму дзяцей і моладзь.
Прасачыць і падтрымаць пераемнасць пакаленняў у захаванні традыцыйнай культуры было адной з важнейшых задач свята-конкурсу. І яна была выканана, што вельмі ўзрадавала журы, якое ўзначальваў старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Яўген Сахута:
“Наколькі мне вядома, у іншых абласцях да такога свята яшчэ не дадумаліся, таму свята “Беларуская лялька” першае ў Мінскай вобласці і першае ў нашай краіне. Традыцыю вырабу самых розных лялек трэба адраджаць і развіваць. Што прыемна адзначыць, дык масавасць гэтага свята. Больш за 100 майстроў — для нас нечаканая з’ява, такой масавасці на святах традыцыйных рамёстваў яшчэ не было, акрамя хіба што саломкапляцення. Другая ягоная адметнасць — тое, што ў ім удзельнічала шмат дзяцей. Само сабой, што дзецям лялька падабаецца, але засвойваючы выраб традыцыйнай лялькі, яны навучаюцца іншым відам народнага мастацтва. Лялька — з’ява сінкрэтычная: тут і вышыўка, і ткацтва, і шыццё, і лепка, і разьба, і роспіс, і саломкапляценне, і шмат іншых відаў рамёстваў. Цяжка назваць від народнай творчасці, дзе б яны так шырока спалучаліся. Раз ёсць дзеці — ёсць працяг, значыць, будзе жыць традыцыя. І вялікі дзякуй кіраўніцтву Слуцкага раёна за тое, што цудоўна арганізавалі правядзенне гэтага свята-конкурсу, знайшлі магчымасць узнагародзіць усіх удзельнікаў не толькі спецыяльнымі прыгожымі дыпломамі, але і падарункамі”.
Адзначым, што больш за ўсё ўдзельнікаў прадставіў Слуцкі раён, і сярод іх шмат дзяцей (з гурткоў “Пацешкі” і “Васілінка” Квасыніцкага цэнтра рамёстваў, “Сувенір” Мусіцкага СДК, “Залаты напарстак”, “Тэатр моды”, “Мяккая цацка”, “Вязанне” і “Беларуская саломка” Слуцкага цэнтральнага дома творчасці навучэнцаў). За працу па пераемнасці мастацкіх традыцый у вырабе лялек былі адзначаны настаўнікі з Салігорскага раёна (Ірына Валатовіч — кіраўнік народнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Валошка” Дома культуры вёскі Доўгае), Вілейскага (Таццяна Ганчарык, Алена Кісялёва, Людміла Куліцкая, Святлана Макарэвіч), Маладзечанскага (Вікторыя Чырвонцава, Вольга Маслава), Дзяржынскага (Ірына Батура — кіраўнік студыі “Залатая саломка” са Станькаўскага СДК). Асобна — за высокае прафесійнае майстэрства ў выкананні батлеечных персанажаў — журы адзначыла дыпломам лаўрэата Таццяну Германовіч, метадыста Цэнтра мастацкай творчасці навучэнцаў у Слуцку.
У намінацыі “Лялька ў этнаграфічным і гістарычным касцюме” ўзнагародзілі 16-гадовую Анастасію Пісарык, якая займаецца ў гуртку “Васілінка” Квасыніцкага цэнтра рамёстваў Слуцкага раёна.
 /i/content/pi/cult/133/731/Lyalka3.jpg
 Старэйшая ўдзельніца свята-конкурсу  Станіслава Аль з сынам Раманамз Валожынскага раёна і іх лялькі.
Мастацкія традыцыі звычайна трывала захоўваюцца ў сям’і і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Лаўрэатамі ў намінацыі “Лепшы сямейны калектыў” сталі кіраўнік аматарскага аб’яднання “Сувенір” Мусіцкага СДК Слуцкага раёна Алена Матыліцкая і яе 14-гадовы сын Віталь. У гэтай жа намінацыі была адзначана старэйшая ўдзельніца свята-конкурсу Станіслава Аль з Валожына і яе сын Раман з вёскі Вальштовічы, які вядзе гурткі саломка- і лозапляцення ў Доме народнай творчасці.
У Станіславы Іосіфаўны цікавасць да лялькі з маленства: па суседстве жыла швачка, у якой было шмат ласкуткоў, і яна да яе бегала, калі была яшчэ малой дзяўчынкай. Швачка зрабіла ёй ляльку-цыганачку, а потым ужо Стася сама шыла для сябе розныя лялькі, рабіла цацкі з саломы, шышак, пер’я, скручвала лялькі з кускоў палатна і з бабулінай суконнай хусткі, перавязаўшы паяском. Мама ткала, вышывала, выпякала ў святочныя дні з цеста лялечак і птушак, — ад яе вучылася, а таксама ад брата, з якім пляла саламяных павукоў, а на печы зімой — лялечак і розных звяркоў, таксама з саломкі. З бульбы, гліны рабілі лялек, салдацікаў, посуд, звяркоў.
Святлана Клубовіч з вёскі Чырвоная Зорка Клецкага раёна расказала, што ў яе дзяцінстве цацак куплёных не было, бо сям’я жыла бедна. Бацька — інвалід Вялікай Айчыннай вайны — не мог мець добрага заробку. Ён хацеў стаць печніком і некалькі гадоў запар перарабляў у хаце печкі, таму было дастаткова гліны. З яе Святлана пачала ляпіць для сябе лялькі. Падрасла — не кінула гэтызанятак, ляпіла для падарункаў розных звяркоў і лялек. Неабпаленыя лялькі з гліны майстрыха размалёўвае фарбамі. Зараз працуе з дзецьмі, вядзе гурток “Сударушка” ў вёсцы Туча. Яна стала дыпламанткай конкурсу ў намінацыі “Лепшая хатняя калекцыя”, а лаўрэатам — Іна Пісарык з вёскі Квасынічы Слуцкага раёна.
Наталля Сухая, вядучы метадыст па промыслах і рамёствах Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, падзялілася ўражаннямі: “Ідэя свята падаецца мне вельмі актуальнай. Многія мае знаёмыя і сябры маюць дзяцей і вельмі цікавяцца традыцыйнай лялькай. На жаль, матэрыялаў, якія б давалі інфармацыю пра тое, як рабіліся лялькі, як іх выкарыстоўвалі ў абрадах вельмі мала. Калі мы сабралі майстроў разам, раптам самі
 /i/content/pi/cult/133/731/Lyalka2.jpg

 Працуе журы.

ўбачылі, якія разнастайныя віды лялек у нас ёсць. Найбольш мяне ўразілі самыя старажытныя: лялькі-згортышы з палатна або з бабулінай суконнай хусткі, спавітыя, як немаўляты, паясамі, а таксама аўтарскія лялькі, якія вырабляюць маці і дачка з Пухавіцкага раёна — Вольга і Ніна Дзмітрук. Ніну памятаю яшчэ як навучэнку Маладзечанскага музычнага вучылішча, дзе ёсць аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яе дыпломная работа “Міфалагічныя вобразы сядзібных духаў” была прадстаўлена на гэтым свяце вучылішчам, а сама Ніна і яе маці выступалі за Пухавіцкі раён, дзе жывуць і працуюць. Ніна была адзначана сярод пераможцаў за творчую фантазію. З Маладзечанскага музычнага вучылішча выйшла таксама майстрыха з Чэрвенскага раёна Таццяна Бабровіч.
Яе лялька “Палявік” аказалася лепшай сярод фальклорных персанажаў. Поспех гэтых маладых майстрых — заслуга Вікторыі Чырвонцавай, якая заснавала аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў гэтым вучылішчы.
Калі я спыталася ў майстра беларускай лялькі, члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці і члена журы конкурсу Галіны Рудніцкай, чые работы яе больш за ўсё ўразілі, яна адказала: “Я ў захапленні ад батлеечных лялек Таццяны Германовіч. Там такая дробненькая вышыўка крыжыкам, што проста неверагодна, як гэта можна вышыць! Уразілі лялькі, што ўвасаблялі міфалагічныя вобразы, — лесавік, дамавік, палявік, гуменнік, валасень,шэшка, баннік — работы майстрых з Чэрвеня і Мар’інай Горкі”.На Міншчыне шырока вядомы народны клуб “Пралеска” ў Стоўбцах, якім кіруе Аліна Халявінская, майстар саломкапляцення. З яе вучаніц журы адзначыла старэйшую — Наталлю Пятроўскую, якая ўжо дасягнула пэўнай ступені майстэрства і выканала лепшую саламяную традыцыйную ляльку, атрымаўшы дыплом лаўрэата. У вёсцы Навасёлкі Бярэзінскага раёна жыве Аляксандра Грыцкевіч, якая займаецца вырабам тыпова беларускай ільняной лялькі, — яе работы таксама былі адзначаны журы як лепшыя.
Лепшую этнаграфічную ляльку выканаў Уладзімір Ціханоўскі з вёскі Рачэнь Любанскага раёна. Ён выкарыстоўвае такія традыцыйныя матэрыялы, як лён, дрэва, тканіна, салома. Удзельнік рэгіянальных і раённых выставак народнага мастацтва. У Слуцку журы ўручыла яму дыплом лаўрэата за саламяную ляльку “Жытняя баба”.
Загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва Віталь Каспяровіч нагадаў пра тое, як узнікла ідэя правядзення свята-конкурсу і акрэсліў перспектыву: “Гады тры таму мы праводзілі ў вобласці агляд калектываў з найменнем “народны”, якія займаюцца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. І з таго часу неаднаразова прыязджалі ў Слуцк, дзе нас уразілі ў Доме рамёстваў лялькі. Так і з’явілася ідэя правесці гэтае спецыяльнае свята. Распаўсюдзілі анкеты ва ўсіх раёнах вобласці, каб выявіць, колькі ж майстроў можа прыехаць на такое свята праз два гады. Аказалася — 43 майстры.Мы ведалі таксама, што ў Слуцку каля 50 дзяцей займаецца вырабам лялек. Гэтага было дастаткова, і мы пачалі рыхтавацца да свята, якое паспяхова ажыццявілі сёлета. Самае галоўнае, што майстры змаглі сустрэцца і ўбачыць, што робяць іншыя, падзяліцца сваім вопытам. У Салігорску ў нас ёсць свята цацкі і гульні — там самыя розныя цацкі прадстаўлены, а тут — толькі лялькі, выкананыя з саломы, ільну, тэкстылю і іншых традыцыйных матэрыялаў. У нашай вобласці праводзіцца 14 святаў па розных відах рамёстваў, у асноўным яны рэгіянальныя. Прытым яны праводзяцца ўжо не адзін год, і ніводзін раён не адмовіўся ад свайго свята, а традыцыйна яго праводзіць. Слуцк даўно хацеў мець сваё, і мы задаволены тым, што тут замацуецца традыцыйнае свята беларускай лялькі”.
Падчас свята-конкурсу многія майстры зразумелі, што яшчэ трэба параспытваць у старэйшых людзей пра лялькі... Ёсць яшчэ над чым папрацаваць, выяўляючы рэгіянальныя традыцыі. Дзеці і дарослыя з кожным годам удасканальваюць сваё майстэрства па вырабе сувенірнай лялькі. Шмат ідэй з’яўляецца ў выканаўцаў аўтарскай лялькі — гэта новы жанр мастацтва, які з’явіўся ў ХХ ст.
Прадстаўнікі гэтага накірунку ў Слуцку таксама вучыліся ў калег. Дапамога тым, хто цікавіцца лялькай, — і матэрыялы, назапашаныя ў Мінскім метадычным цэнтры народнай творчасці. Таму развітваліся радасна і аптымістычна: “Да новых сустрэч на наступным свяце беларускай лялькі ў Слуцку!”

На свяце пабывала
Ганна СЯРПЕЙКА
Фота Наталлі СУХОЙ