“Усё! Выканаў!”

№ 16 (1039) 21.04.2012 - 28.04.2012 г

Ахвотнага і лёс вядзе

/i/content/pi/cult/374/7306/1-4.jpegмя Якуба Якубоўскага - энцыклапедыста, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР - вядомае не толькі татарскай дыяспары.

Доўгі час Якуб Якубоўскі працаваў загадчыкам галіновай рэдакцыі геаграфіі, геалогіі і геафізікі Галоўнай рэдакцыі "Беларускай Савецкай Энцыклапедыі". Справа стварэння першай айчыннай энцыклапедыі захапіла яго цалкам. Спачатку з'явілася 12-томная ўніверсальная БелСЭ, за якую ён разам з калегамі ў 1976 г. атрымаў званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, потым - іншыя выданні і ўлюбёная ім "Энцыклапедыя прыроды Беларусі". Лепшыя вучоныя былі згуртаваны вакол гэтага выдання. Усяго больш чым на 30 тамах розных энцыклапедый стаіць прозвішча Якуба Якубоўскага.

Лёсавызначальным для далейшай дзейнасці стала знаёмства з Ібрагімам Канапацкім. Якуб Адамавіч знайшоў сабе не толькі паплечніка ды аднадумца, але і вернага сябра. Разам яны абмяркоўвалі планы работы па адраджэнні культурнага і рэлігійнага жыцця ў татарскіх абшчынах Мінска, Мінскай вобласці і ўсёй Беларусі. Сумесна шукалі зацікаўленых у гэтай справе асоб, абапіраліся на сяброўства і падтрымку ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі, наладжвалі сувязі з татарамі ў Маскве, Казані, Крыме, Літве, Польшчы, са студэнтамі з арабскіх краін, што вучыліся ў Мінску. Марылі пра адраджэнні Мінскай мячэці ды іншых зруйнаваных мусульманскіх храмаў...

Хутка ўзнікла ідэя стварэння энцыклапедычнага выдання "Татары Беларусі, Літвы і Польшчы". Канцэпцыя яго была выкладзена ўжо ў 1992 г. у артыкуле Якуба Якубоўскага "Разважанне пра даведнік аб татарах", друкаваўся слоўнік даведніка з кароткімі дэфініцыямі, публікаваліся пробныя артыкулы з запланаваных трох соцень. Якуб Адамавіч распачынаў праект сам. З паўгода ён правёў у бібліятэках, складаючы картатэку паводле "Словаря тюркизмов в русском языке" Шыпавай, адшукваючы цюркізмы ў пяцітомным "Тлумачальным слоўніку беларускай мовы". У выніку ж вылучыў больш за 600 слоў цюрскага паходжання ў беларускай мове.

У красавіку 1998 г. Якубоўскі дадрукаваў на хатняй машынцы апошнюю старонку слоўніка "Энцыклапедычнага даведніка татараў Беларусі" -
10 000 тэрмінаў з дэфініцыямі, - адкінуўся ў крэсле і сказаў: "Усё! Выканаў!" Верыў, што "напісанае - застаецца" і ягоная справа будзе запатрабавана...

Пайшоў з жыцця Якуб Адамавіч 14 верасня 1998 г. у Мінску. З вялікай пашанай пахавалі яго на мізары ў Смілавічах, пад векавой хвояй...

Разалія АЛЕКСАНДРОВІЧ, Таццяна ЯКУБОЎСКАЯ

На здымку: сям'я Я.Якубоўскага.