Матрыца цэнтра Еўропы

№ 16 (1039) 21.04.2012 - 28.04.2012 г

Як вызначалі "сэрца" нашай часткі свету?

/i/content/pi/cult/374/7304/1-1.gifУжо да пачатку сезона патэнцыйных гасцей краіны тураператары запрашаюць наведаць Беларусь - "запаветны куток у цэнтры Еўропы". А тое, што гэта не проста прыгожая метафара, яшчэ ў 2000 годзе вызначылі навукоўцы. Паводле іх даследаванняў, цэнтр Еўропы знаходзіцца на тэрыторыі нашай дзяржавы: на Віцебшчыне, непадалёк ад возера Шо. У 2008-м былі праведзены паўторныя даследаванні, у выніку якіх геаграфічны цэнтр Еўропы змясціўся ў Полацк. Пра пошукі геаграфічнага цэнтра па карце Еўропы - гутарка з намеснікам дырэктара РУП "Белаэракосмагеадэзія" Сяргеем ЗАБАГОНСКІМ.

- Сяргей Аляксандравіч, хто замаўляў доследы ў 2008 годзе?

- Замаўляў гэтую працу Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь. Ён жа і зацвердзіў вынікі нашых доследаў. Калегія Камітэта прыняла да ўвагі заключэнне па дадзеным пытанні Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута геадэзіі, аэрафотаздымкі і картаграфіі Расійскай Федэрацыі, і ў выніку з'явілася пастанова ад 3 мая 2008 года "Пра падыходы па вызначэнні месцазнаходжання геаграфічнага цэнтра Еўропы".

- І што ў той пастанове?

- Яна ўхваляе нашу методыку; адзначае, што гэтая кропка не можа быць скарыстана ў якасці пачатку сістэмы адліку якіх-небудзь каардынат; рэкамендуе рэспубліканскаму ўнітарнаму прадпрыемству "Белкартаграфія" адлюстроўваць памятны знак геаграфічнага цэнтра Еўропы на картаграфічных матэрыялах для прыцягнення ўвагі людзей.

- Не зусім зразумелы другі пункт: "...Не можа быць пачаткам сістэмы адліку каардынат...".

- Іншымі словамі, геадэзічнай каштоўнасці не ўяўляе. Не трэба блытаць памятны знак і геадэзічны, які мае чыста практычнае прызначэнне...

- Якімі крытэрыямі кіраваліся супрацоўнікі "Белаэракосмагеадэзіі", вызначаючы межы Еўропы?/i/content/pi/cult/374/7304/1-2.gif

- Па-першае, нагадаю, што такое Еўропа. Гэта частка мацерыка Еўразія, гэткая паўвыспа. Крайнія мацерыковыя кропкі Еўропы на поўначы - мыс Нордкін, на поўдні - мыс Марокі, на захадзе - мыс Рока, на ўсходзе - усходняе падножжа Палярнага Урала каля Байдарацкай губы. Калі за прыблізнае знаходжанне геаграфічнага цэнтра Еўропы прыняць сярэдняе значэнне шырот і даўгот мацерыковых кропак, дык такім цэнтрам будзе кропка на тэрыторыі Беларусі з каардынатамі 530 34' паўночнай шыраты і 280 53' усходняй даўгаты.

Аднак разам з мацерыковай часткай да Еўропы адносяцца выспы і архіпелагі, найбуйнейшыя з якіх - Новая Зямля, Зямля Франца-Іосіфа, Шпіцберген, Ісландыя, Брытанскія выспы і Зеландыя на поўначы; Балеарскія, Сардзінія, Сіцылія, Крыт на поўдні. У названых межах плошча Еўропы разам з выспамі складае каля дзесяці мільёнаў кіламетраў. І калі ўлічваць так званую выспавую Еўропу, дык каардынаты цэнтра крыху змесцяцца па шыраце да поўначы. Але ўсё адно гэты цэнтр, безумоўна, застанецца ў межах тэрыторыі Беларусі.

- Вы зыходзілі з мацерыковай часткі ці ўлічвалі і выспы?

- Мы пабудавалі замкнуты контур тэрыторыі Еўропы. Пры гэтым прастора ўнутраных еўрапейскіх мораў - Балтыйскага і Белага - і найбуйнейшыя выспы былі ўключаны ў лік аб'ектаў даследавання. У межах акрэсленага контуру выкананы каардынатныя вызначэнні, па якіх пабудавана матрыца з крокам сеткі ў адзін градус па шыраце і даўгаце. У выніку шматразовай камп'ютарнай апрацоўкі матрыцы былі атрыманы каардынаты, што прапануюцца ў якасці геаграфічнага цэнтра Еўропы.

- І дзе ж тая кропка?

- У Полацку, дакладней - паблізу горада. Яе каардынаты 55030' паўночнай шыраты, 28047' усходняй даўгаты.

- Вы згадвалі заключэнне расійскіх калег па гэтым пытанні. Ці згодны яны з вашымі разлікамі?

- У "Заключэнні па вызначэнні геаграфічнага цэнтра Еўропы, выкананым у Беларусі" ад 14 красавіка 2008 года, складзены загадчыкам картаграфічнага аддзела і зацверджаны дырэктарам Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута геадэзіі, аэрафотаздымкі і картаграфіі Расійскай Федэрацыі, гаворыцца, што наш падыход да рашэння пастаўленай задачы ўяўляецца карэктным. Паколькі геаграфічны цэнтр Еўропы, паводле прапанаваных разлікаў, знаходзіцца паблізу Полацка, дык, беручы да ўвагі не толькі геаграфічнае, але і культурна-гістарычнае значэнне горада, у ім можа быць размешчаны памятны знак, які сімвалізуе цэнтр Еўропы.

- Сёння, паводле вашых разлікаў, цэнтр Еўропы знаходзіцца ў Полацку. А ў 2000 годзе беларускія навукоўцы вызначылі, што ён знаходзіцца за сорак восем кіламетраў на паўднёвы захад ад горада, за два кіламетры ад возера Шо - гэта 55010' паўночнай шыраты, 28015' усходняй даўгаты. У сувязі з гэтым - пытанне:
у 2000-м карысталіся той жа методыкай, што і ў 2008-м? І калі так, дык чаму разбежка - у пяцьдзясят кіламетраў?

- Я не маю пад рукой матэрыялаў 2000 года, але мяркую, што методыка была тая ж. Проста, апошнія даследаванні - больш дакладныя. І вазьміце да ўвагі, што тэрыторыя Еўропы - каля дзесяці мільёнаў квадратных кіламетраў. Калі на камп'ютары апрацоўваецца такі абшар, дык нельга цалкам выключыць хібнасць у некалькі дзясяткаў кіламетраў...


Версіі аднаго цэнтра

Ад Штраленберга да Крэмніцы
У Антычнасці мяжой паміж Еўропай і Азіяй лічылі раку, якая сёння завецца Донам. Такім падзел заставаўся і ў Сярэднявеччы. І толькі ў 1730-м швед Штраленберг выказаў меркаванне: мяжа Еўропы мусіць быць пасунутай з Дона да Уральскіх гор і ракі Урал. Напрыканцы XVIII стагоддзя на тракце паміж Екацерынбургам і Цюменню з'явіўся сімвалічны памежны слуп, каля якога ссыльныя, каго ў кайданах этапіравалі ў Сібір, узялі звычай кленчыць і браць жменю еўрапейскай зямлі на развітанне...

Тым часам ва ўсталяваных геаграфічных межах ужо даўно вядуцца дыскусіі пра месцазнаходжанне цэнтра Еўропы. Першая спроба "прысябечыць" геаграфічны цэнтр Старога Свету мела месца ў 1775 годзе. Астролаг і картограф караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага шукаў і знайшоў гэтую кропку, зразумела, ва ўладаннях караля - у мястэчку Сухаволя на захадзе Вялікага Княства Літоўскага (сёння - Беласточчына). Прычым непасрэдна на рыначным пляцы.

У 1885 - 1887 гадах у Закарпацці, якое тады належыла Аўстра-Венгерскай Імперыі, праводзілі геадэзічныя доследы для пабудовы чыгункі з Рахава ў Сігет. У часе гэтых доследаў узнікла меркаванне, што ў Верхнецісенскай катлавіне можа знаходзіцца цэнтр Еўропы. Пад замову гэтай ідэі навукоўцы з ваенна-геаграфічнага інстытута вызначалі магчымы цэнтр менавіта там, дзе было загадана шукаць: на беразе Цісы ў мястэчку Малы Паток. Нібыта браліся пад увагу крайнія значэнні па шыраце і даўгаце, пасля чаго вылічаўся геаметрычны цэнтр. Цяпер Закарпацце - гэта захад Украіны. А ўжо ў нашы дні паўднёвыя суседзі вызначылі ў сябе яшчэ адзін цэнтр Еўропы - мястэчка Добравялічкаўка на Кіраваградчыне.

На пачатку 1900-х гадоў географы Германскай імперыі зрабілі ўласныя разлікі. У немцаў атрымалася, што цэнтр Еўропы павінен быць у Дрэздэне, побач з царквой "Фраўэнкірхе". Яшчэ адзін цэнтр Еўропы знаходзіцца ў Славакіі, у горадзе Крагуле - вядомым гарналыжным курорце непадалёк ад Крэмніцы. Знайшлі яго гадоў трыццаць таму. Маецца цэнтр часткі свету і ў Венгрыі.

Наступны цэнтр Еўропы - непадалёк ад сталіцы Літоўскай Рэспублікі побач з беларускай мяжой. Яго вылічылі французы. У гэтай сувязі варта згадаць, што Французская акадэмія гадоў пятнаццаць таму ў сваім афіцыйным выданні адзначала: "Пытанне пра геаграфічны цэнтр Еўропы - даволі спрэчнае. Іх увогуле можа быць некалькі, бо метады вылічэння бяруцца розныя. У адрозненне ад акружнасці ці квадрата, у Еўропы няма стопрацэнтна дакладнага цэнтра".

Свой цэнтр Еўропы маюць таксама чэхі. А па версіі палякаў ён знаходзіцца пад Кракавам і, зразумела ж, у згаданай Сухаволі. Два цэнтры Еўропы і ў Расіі: пад Смаленскам і ў Калінінградскай вобласці.

У Антычнасці мяжой паміж Еўропай і Азіяй лічылі раку, якая сёння завецца Донам. Такім падзел заставаўся і ў Сярэднявеччы. І толькі ў 1730-м швед Штраленберг выказаў меркаванне: мяжа Еўропы мусіць быць пасунутай з Дона да Уральскіх гор і ракі Урал. Напрыканцы XVIII стагоддзя на тракце паміж Екацерынбургам і Цюменню з'явіўся сімвалічны памежны слуп, каля якога ссыльныя, каго ў кайданах этапіравалі ў Сібір, узялі звычай кленчыць і браць жменю еўрапейскай зямлі на развітанне...

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"