Гастролі з майстар-класам

№ 16 (1039) 21.04.2012 - 28.04.2012 г

Нясвіж: Акадэмія музыкі — Культурнай сталіцы

/i/content/pi/cult/374/7302/201.jpeg

18 красавіка ў рамках акцыі "Культурная сталіца Беларусі-2012" Нясвіж наведаў студэнцкі Аркестр салістаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Усе ўдзельнікі аркестра - насамрэч салісты, але разам яны ствараюць гарманічны ансамбль. Заснавальнік творчага калектыву - прафесар Акадэміі Эдуард Кучынскі.

Аркестр існуе два гады. Кожны з шаснаццаці аркестрантаў за час вучобы багата папаездзіў па свеце ў якасці саліста, зрываў апладысменты на славутых сцэнах, атрымліваў прэстыжныя ўзнагароды. Вандроўка ў Нясвіж - першыя гастролі аркестра: раней ён выступаў толькі ў Мінску.

У Культурнай сталіцы аркестр даў два канцэрты. Першы - майстар-клас для творчай моладзі - у Радзівілаўскім палацы, другі - у мясцовым Доме культуры. Палацавая зала змяшчае сто гледачоў, зала ГДК - чатырыста. Студэнты Акадэміі музыкі прапанавалі слухачам праграму, якая ўключала творы Вівальдзі, Мендэльсона, Брамса, Грыга, П'яцолы.

На пытанне нашага карэспандэнта, як ён ацэньвае выступленне сваіх вучняў, прафесар Кучынскі адказаў, што вельмі высока. Эдуард Віктаравіч не стаў нікога вылучаць, хіба адзначыў лідарскія здольнасці Улады Беражной, якая з'яўляецца кіраўніком аркестра.

Зважаючы на высокі прафесіяналізм студэнцкага аркестра і яго поспех у мясцовай публікі, раённы аддзел культуры запрасіў музыкантаў яшчэ раз наведаць Нясвіж, каб даць канцэрт у ратушы.

Між іншым, жыхарам Культурнай сталіцы ёсць з чым параўноўваць. Днём раней у горадзе выступаў Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Цітовіча, а ўжо назаўтра тут чакалі ансамбль "Камерата".

На здымку: пад час майстар-класа ў палацы Радзівілаў.

Фота аўтара

 

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"