Княжацкія строі — для нашых сучаснікаў

№ 42 (808) 20.10.2007 - 26.10.2007 г

— Я апрану чырвоную аксамітную сукенку, — казала старэйшая сястра, — аздобленую карункамі ручной работы. — А я апрану вось гэтую гладкую бальную сукенку, — казала малодшая, — але на яе надзену брыльянты і капялюшык з залатымі кветкамі. Так збіраліся на баль героі Шарля Перо у канцы ХVII стагоддзя, і, здавалася б, зараз, на пачатку XXI, — гэта сапраўды казка. Але казачнікаў і тых незвычайных людзей, якія імкнуліся зрабіць іх творы рэальнасцю, хапала заўсёды. Наш час — не выключэнне. Менавіта з такіх — і Любоў КАЗЛОВА, аўтар і дызайнер выстаўкі “Гістарычны касцюм XVI — XIX стагоддзяў”, жанчына, якая вырашыла, нібы з дапамогай чарадзейнай палачкі, павярнуць час назад і перанесці сучасных “папялушак” на незвычайнай прыгажосці баль.

 /i/content/pi/cult/133/730/Stroi2.jpg
“На Беларусі добра даследаваны сялянскі касцюм,— кажа Любоў Георгіеўна, — а вось шляхецкаму неяк мала ўвагі надалі.
Вось я і вырашыла выправіць гэтую несправядлівасць і прадэманстраваць найпрыгажэйшыя ўбранні, якія насілі і беларускія панны таксама (бо ўся заможная Еўропа тады мела прыблізна агульную моду)”. Але прадстаўленыя цудоўныя строі з’яўляюцца заходнееўрапейскімі па сваім паходжанні. Аказваецца, перад тым, як пачаць сваю працу, аўтарка выстаўкі наведала карцінную галерэю “Уфіцы” ў Фларэнцыі — і вельмі ўпадабала ўбранні знатных асоб на карцінах. Знайшла і даследавала выкрайкі касцюмаў XVI — XIX стагоддзяў, а таксама матэрыялы, з якіх яны вырабляліся, — і стварыла нешта асабістае, але безумоўна скіраванае на адлюстраванне агульных гістарычных тэндэнцый. А Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі гасцінна запрасіў дызайнера зрабіць выстаўку гістарычнага касцюма, якая будзе дзейнічаць у сценах музея да 12 снежня.
На выстаўцы прадстаўлены 10 строяў розных эпох і краін: ад іспанскай сукенкі ХVI стагоддзя, якой Англія пазней дадала высокі сеткавы каўнер, — да жаночага ўбрання 1870 года, завужанага ад сцёгнаў, што надавала фігуры S-падобную форму і рабіла жанчыну па-сапраўднаму жаноцкай і элегантнай.
Можна пабачыць тут і мужчынскія касцюмы — таксама элегантныя і багатыя.
“Матэрыялы выкарыстаны ўсе тыя, з якіх і шылі ў мінулыя вякі, — распавяла Любоў Георгіеўна, — толькі, па праўдзе кажучы, натуральны шоўк прыйшлося замяніць на штучны, а розныя каштоўнасці — стразамі ды звычайнымі пацеркамі. Але асаблівасць
 /i/content/pi/cult/133/730/Stroi3.jpg
касцюмаў найперш у тым, што яны створаны ў разліку на сучаснага чалавека: у такіх строях ён ці яна можа сесці на звычайнае крэсла ці за руль аўтамабіля — і адчуваць сябе камфортна”.
Мне быў вельмі цікавы далейшы — пасля выстаўкі — лёс касцюмаў.
“Хутчэй за ўсё іх набудуць беларускія тэатры, — адказала аўтарка. — Мы актыўна супрацоўнічаем з усімі, асабліва з Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы. Напрыклад, адна з нядаўніх замоў прадпрыемства “Люсерж” (выпускае мяккія цацкі і тэатральныя ўбранні, а яго заснавальнікам і кіраўніком з’яўляецца Любоў Казлова) — касцюмы для оперы “Кармэн”.
… І напрыканцы я папрасіла Любоў Георгіеўну адкрыць мне хаця б адзін чароўны сакрэт — калі яе выстаўка так падобная на казку. “Галоўнае чарадзейства ва ўсім гэтым — ператварэнне. Калі звычайны чалавек апране касцюм — у люстэрцы ён убачыць не сябе, але цудоўнага героя, таго, на каго калісь так марыў быць падобным: смелага князя ці высакародную княгіню, якія жылі годна і адлюстроўвалі сваю сутнасць у асабістай прыгажосці ўбрання”.

Таццяна МАЦЮШОНАК
На здымках: экспанаты выстаўкі.
Фота аўтара