Дынаміка пазітыву

№ 16 (1039) 21.04.2012 - 28.04.2012 г

Мы пацікавіліся, якімі клопатамі гэтымі днямі жывуць аддзелы культуры асобных постчарнобыльскіх раёнаў Беларусі. Самымі, як аказалася, звычайна стваральнымі. Безумоўна, 26 красавіка паўсюдна пройдуць мітынгі-рэквіемы… Але не менш галоўным падаецца і тое, якімі яркімі фарбамі насычаецца тут адроджанае жыццё, рэалізацыяй якіх творчых праектаў займаюцца сёння мясцовыя работнікі культуры. Як вядома, падмурак для заўтрашняга жыццёвага пазітыву мы закладваем менавіта сёння…

 

Веткаўшчына

Аўдыягіды -

на чатырох мовах

Каардынатар інфармацыйнай дзейнасці ААН у Беларусі Уладзіслаў Хількевіч паведаміў "К", што 19 красавіка ў Ветцы адбылася цырымонія ўрачыстага адкрыцця абноўленай экспазіцыі Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава.

У адпаведнасці з праектам "Развіццё міжнароднай даследчай і інфармацыйнай сеткі па Чарнобылі (ICRIN)" у практыку музея быў укаранёны шэраг сучасных інфармацыйных тэхналогій: створана сістэма аўдыягідаў на чатырох мовах (рускай, англійскай, нямецкай, італьянскай), распрацаваны вэб-сайт установы.

Таксама адбылася алічбоўка найбагацейшага этнаграфічнага матэрыялу, назапашанага за многія гады музейных экспедыцый. Устаноўлена і відэаапаратура.

Названая ініцыятыва стала 12-й і фінальнай у спісе праектаў малых грантаў, накіраваных на развіццё рэгіёнаў, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і прафінансаваных праектам ICRIN. Агульны бюджэт ініцыятывы, паведамляе Уладзіслаў Хількевіч, склаў 17,5 тысячы долараў. 7 з іх - грант праекта, а 10,5 тысячы - мясцовы ўклад.

Краснапольшчына

Фінансаванне - праграмнае

Начальнік аддзела культуры Краснапольскага райвыканкама Алена Раманенка паведаміла "К", што неаспрэчнае дасягненне апошняга часу - доўгачаканае адкрыццё ў райцэнтры Дома рамёстваў.

Майстры-рамеснікі, якія спецыялізуюцца на саломкапляценні, дрэваапрацоўцы і рэдкім сёння роспісе па дрэве, паспелі заваяваць аўтарытэт не толькі ў раёне, але і на Магілёўшчыне. Да прыкладу, з поспехам "гастралявалі" ў Мсціславе.

Упэўнена нарошчвае "вытворчыя" абароты Маладзёжны цэнтр "Міраж", які прапаноўвае наведвальнікам не толькі культурныя, але і спартыўныя паслугі. План пазабюджэтнай дзейнасці ён з поспехам выконвае. Да прыкладу, днямі тут прайшоў конкурс "Міс Вясна".

Менавіта з надыходам вясны, як распавядае Алена Раманенка, у Краснаполлі вырашылі ўшчыльную падысці да вырашэння галоўнай культурнай праблемы райцэнтра, звязанай з неабходнасцю капітальнага рамонту мясцовага музея. Будынку - больш за сто гадоў, і ён патрабуе неадкладнага абнаўлення. У Дзяржаўнай праграме "Культура Беларусі" на 2012 - 2015 гг. для гэтых мэт на бягучы год прадугледжана 500 мільёнаў рублёў. Цяпер завяршаецца складанне праектна-каштарыснай дакументацыі. У аднаўленчых работах будзе прымаць удзел і гаспадарчая група аддзела культуры. У выніку рамонту кардынальна зменіцца і музейная экспазіцыя.

Брагіншчына

Дарогай

жывых вёсак

У Брагінскім раёне, па словах начальніка мясцовага аддзела культуры Ліны Пятніцкай, распачынаецца акцыя "Дарогай выселеных вёсак". У паселішчах Савічы, Гдзень, Сабалі ды іншых, насельнікі якіх не пажадалі ў свой час высяляцца ці зноў вярнуліся ў роднае жытло, аддзел культуры ладзіць вялікія канцэртныя праграмы.

Апрача работнікаў культуры, да вяскоўцаў едуць прадстаўнікі службы быту, гандлю. А жыхары паселішчаў, сярод якіх шмат таленавітых людзей, ладзяць у адказ выстаўкі ўласнай творчасці. У выніку атрымліваюцца маштабныя вясковыя святы...

Захавальніца фондаў Брагінскага гістарычнага музея з карціннай галерэяй Надзея Мялешка распавяла, што экспазіцыя "Згубленая зямля" карыстаецца нязменным поспехам: кожны год яе наведвае амаль чатыры тысячы чалавек. Нагадаем, экспазіцыя адкрылася з нагоды 20-годдзя чарнобыльскай бяды. Тры выставачныя залы дапамаглі аформіць брагінцам французы, а мастацкім кіраўніком праекта быў дызайнер Уладзімір Цэслер...

У карціннай галерэі гэтымі днямі экспануюцца работы мастака Віктара Шматава. На партрэтах - жыхары Брагіншчыны.

Нараўляншчына

Палюбіць

прыпяцкі край

У Нараўлянскім музеі, па словах начальніка мясцовага аддзела культуры Віктара Захаранкі, экспануецца калекцыя кандыдата сельскагаспадарчых навук з Гомеля Валерыя Рымашэвіча. Гэта - нацельныя крыжыкі XV - XVII стагоддзяў, а таксама - іконы... Справа ў тым, што гэты спецыяліст-аграрый пасля чарнобыльскай бяды чытаў у Нароўлі лекцыі па правільным ды бяспечным землекарыстанні і з таго часу палюбіў і нараўлянскі край, і яго насельнікаў.

Шэраг аб'ектаў культуры, па словах Віктара Захаранкі, гэтымі днямі якасна абнаўляецца дзякуючы Дзяржпраграме "Развіццё Прыпяцкага Палесся". Рамантуецца РДК (на бягучы і наступны гады выдаткавана 4 мільярды рублёў), мадэрнізуецца Нараўлянская ДШМ (3,5 мільярда), плануецца рэканструкцыя Канатопскага сельскага клуба.

Будынак музея летась адрамантавала гаспадарчая група аддзела культуры. Прыемныя змены адбыліся і ў Раённым доме рамёстваў, які распачаў выраб мастацкай керамікі.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"