Дзе ж “Амазонія”?

№ 16 (1039) 21.04.2012 - 28.04.2012 г

Нярэдка знаёмства гледачоў з сучаснай драматургіяй “заканчваецца” на этапе чытак п’ес. Але здараюцца і прыемныя неспадзяванкі. На наступным тыдні — 27 красавіка — ахвотныя змогуць пабачыць, як адна з чытак у рамках фестывалю “ТэART” “ператворыцца” ў спектакль “Амазонія” — першы пастановачны праект Цэнтра візуальных мастацтваў. Рэжысёрам выступіў акцёр і рэжысёр Купалаўскага тэатра Ігар Пятроў. За яго плячыма — рэжысёрская магістратура Цэнтра Мейерхольда ў Маскве, удзел у шэрагу міжнародных лабараторый і майстар-класаў, стварэнне шэрагу пастановак, праекта “Тэатральны SOUND” у рамках фестывалю “Панарама”.. З ім мы і размаўляем пра тое, чым здзівіць гледачоў спектакль.

/i/content/pi/cult/374/7295/2-3.jpeg- Нашы героі - сучасная моладзь, што, як і многія сёння, "пазначана" слаба развітым пачуццём адказнасці: за свае рашэнні, за ўласнае жыццё і жыццё блізкіх... Жаданне збегчы ад неабходнасці вырашэння гэтых праблем у іншыя светы - камп'ютарныя гульні і віртуальную прастору, свет уласных фантазій або тэлесерыялаў - гэта, так бы мовіць, адна з "прыкмет" нашага часу. Але ж у рэальным жыцці ў нас "застаецца" сям'я, каханне, - як быць з гэтым? Як навучыцца разумець, што для цябе насамрэч важна, а што - толькі ўласныя "віртуальна-серыяльныя" фантазіі і недарэчнасці?

- У чытцы, якую вы прадстаўлялі мінулай восенню, былі заняты маладыя акцёры - студэнты Акадэміі мастацтваў...

- Іх жа вы пабачыце і ў спектаклі. Я свядома зрабіў стаўку на гэтых хлопцаў і дзяўчат, яшчэ трэцякурснікаў, выхаванцаў Мікалая Кірычэнкі: мне падабаецца іх творчы запал і жаданне працаваць, спасцігаць п'есу, разам заглыбляцца ў матэрыял. Да таго ж, на маю думку, "Амазонія" - выдатны і рэдкі ўзор сучаснай п'есы, які дае багатую глебу для сапраўднай акцёрскай працы: у персанажаў ёсць рэальная магчымасць для ўзаемадзеяння адно з адным. А ўлічваючы тое, што сама гісторыя, расказаная ў п'есе, - не "пра кагосьці", а пра /i/content/pi/cult/374/7295/2-4.jpegсучаснікаў - маладых людзей, якія толькі-толькі ўступаюць у жыццё і паўстаюць перад неабходнасцю зрабіць свой выбар. Як не страціць у сабе чалавека ва ўмовах камерцыі? Як быць верным сапраўдным каштоўнасцям? Я бачу, наколькі цікавая і важная для маладых акцёраў праца з такім матэрыялам.

- Пастановачная група спектакля - міжнародная...

- Так, драматург - малады польскі аўтар Міхал Вальчак. Мастакі - таксама з Польшчы. Харэограф - Майк Портуш, француз, які шмат стажыраваўся ў розных краінах свету. Ён ставіць пластыку акцёрам і робіць некалькі харэаграфічных нумароў. Магу сказаць, што той кірунак сучаснай авангарднай харэаграфіі, які ён прадстаўляе, на Беларусі практычна невядомы. Музычным афармленнем займаецца наш Павел Захаранка, які стварыў унікальны музычны сінтэз, што нібыта заглыбляе нас у свет камп'ютарных гульняў...

На здымку: Ігар Пятроў; студэнты Акадэміі мастацтваў рыхтуюцца да прэм'еры.

Фота Юрыя ІВАНОВА