Калі Слова стала art'ам

№ 16 (1039) 21.04.2012 - 28.04.2012 г

“Кожная кніга павінна “знайсці” свайго мастака”

/i/content/pi/cult/374/7294/2-1.jpgНаогул, мастацтва - дзіўная рэч, асабліва калі яно - сапраўднае. Здаецца, даўно бачыў твор, але мінаюць гады, дзесяцігоддзі, і калі ты зноў сустракаеш гэтыя, можа, у чымсьці прызабытыя творы на выстаўцы альбо ў кнізе, то з задавальненнем бачыш у іх тое, што раней не заўважаў, - глядзіш на твор іншымі вачыма, можа, больш пільна, уважліва, чым, скажам, у пару юнацтва. Так здарылася і са мной, калі я прыйшоў у Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, дзе працуе выстаўка кніжнай графікі, прымеркаваная да 130-годдзя з дня нараджэння Песняра і да Года кнігі.

Здавалася б, усе работы - даўно знаёмыя, а ўражанне - свежае, быццам бачыш усе гэтыя цудоўныя карціны-ілюстрацыі ўпершыню. Вельмі цікава было паглядзець, у тым ліку, як розныя мастакі ўспрымаюць, скажам, адну і тую ж купалаўскую паэму (да прыкладу, "Яна і Я" альбо "Курган"). Дзе мастак становіцца сапраўдным "сааўтарам" паэта, а дзе проста рупліва "перакладае" літаратурны купалаўскі тэкст у літаграфію, малюнак пяром ці афорт. Хаця і тое, іншае, мае права на жыццё, асабліва тады, калі ўсё зроблена па-майстэрску.

Мне, праўда, больш даспадобы, калі пісьменнік і мастак - раўнапраўныя сааўтары, але гэта адбываецца рэдка. Як прыклад такой "садружнасці", супольнасці - Янка Купала і Арлен Кашкурэвіч, Янка Купала і Васіль Шаранговіч, Янка Купала і Георгій Паплаўскі, Янка Купала і Міхась Басалыга... Створаныя нашымі мастакамі ілюстрацыі да выданняў Песняра (арыгіналы некаторых кніг таксама прадстаўлены ў экспазіцыі), што выйшлі ў свет у розныя гады, даўно ўвайшлі ў "залаты фонд" беларускай кніжнай графікі./i/content/pi/cult/374/7294/2-2.jpg

На выстаўцы дэманструецца толькі часцінка з тысячы твораў выяўленчай Купаліяны розных жанраў, сярод якіх уласна ілюстрацыя займае асаблівае месца. Тут можна пабачыць нават кніжкі, сціпла аформленыя яшчэ пры жыцці паэта, пачынаючы з 10-х гадоў мінулага стагоддзя. Ілюстраваную вокладку, да прыкладу, меў першы зборнік паэта "Жалейка" (мастак  - Якубоўскі) 1908 года. Потым у мастацкім афармленні выходзілі кнігі "Паўлінка", "Магіла льва", "Сон на кургане", "Шляхам жыцця", "Творы 1918 - 1928". У 1930-я гады Анатоль Тычына і Барыс Малкін стварылі цэлыя сюжэтныя кампазіцыі для выданняў паэмы "Над ракой Арэсай", якія былі тады вельмі папулярныя і падабаліся самому Купалу.

Пра ілюстрацыі кніг Песняра - пасляваеннага часу і асабліва пра выяўленчую класіку 1960 - 1990-х гадоў - можна распавядаць бясконца. У сённяшняй экспазіцыі - толькі маленькая частка гэтай спадчыны. Акрамя ўжо згаданых мастакоў - Барыс Забораў, які пачынаў сваю творчасць менавіта з ілюстрацый паэзіі Купалы, Анатоль Александровіч, Рыгор Сітніца, Янка Раманоўскі... Ёсць на выстаўцы і жывапісныя работы М.Селешчука да кнігі Алега Лойкі "Як агонь, як вада" ("Янка Купала ў Пецярбургу", "Жонка паэта - У.Ф. Луцэвіч" і "Янка Купала і Якуб Колас"), ілюстрацыі Георгія Паплаўскага і, зноў жа, ілюстрацыі Алены Лось да выдання "Слова аб палку Ігаравым", празаічны і вершаваны пераклад якога на беларускую мову зрабіў Янка Купала яшчэ ў часы Грамадзянскай вайны.

Выстаўка мае назву "З кутка жаданняў" - гэта з аднайменнага верша паэта 1912 года. Памятаеце першую страфу: "З цэлым народам гутарку весці,/ Сэрца мільёнаў падслухаць біцця -/ Гэткай шукаю цэлы век чэсці,/ Гэта адно мне падпорай жыцця...". Вельмі пранізлівыя радкі. Дарэчы, сам паэт яшчэ з "віленскіх" і "пецярбургскіх" часоў цікавіўся выяўленчым мастацтвам не толькі Беларусі, але і іншых народаў, падтрымліваў таварыскія адносіны з Міколасам Чурлёнісам, Мацвеем Манізерам, Заірам Азгурам, Язэпам Драздовічам, Аскарам Марыксам, Канстанцінам Елісеевым. Янка Раманоўскі (я яго добра ведаў), пляменнік паэта, успамінаў: "Яшчэ малым я любіў маляваць, і дзядзька Янка быў маім першым крытыкам ды дарадчыкам, і так - аж да апошняга майго развітання з ім, што адбылося ў 1941-м у Ляўках..."

І яшчэ. Янка Купала, працуючы ў свой час рэдактарам дзяржаўнага выдавецтва БССР, шмат зрабіў для таго, каб палепшыць мастацкае афармленне беларускіх кніг, асабліва - для дзяцей. Казаў, што кожная кніга павінна "знайсці" свайго мастака і мусіць быць аформлена на высокамастацкім узроўні. Гэты, так бы мовіць, запавет Песняра ў другой палове ХХ і пачатку ХХІ стагоддзя годна выконвалі ды і сёння выконваюць нашы славутыя мастакі-ілюстратары, для каго Слова Янкі Купалы стала часткай жыцця і творчасці.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"