Урокі ад прымадонны

№ 16 (1039) 21.04.2012 - 28.04.2012 г

Ці апошні трубач у Старога Гродна?

/i/content/pi/cult/374/7291/1-1.jpegСёння ўрачыста завяршаецца Тыдзень музычнага мастацтва "Наталля Гайда запрашае", насычаны сустрэчамі з артыстамі розных гарадоў Расіі, Казахстана і Азербайджана, якія цягам пяці дзён прымалі ўдзел у спектаклях Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра побач з нашай славутай зоркай, вядомай на ўсёй постсавецкай прасторы.

"Бабін бунт", "Аршын мал алан", "Сільва", "Граф Люксембург" і сённяшні заключны канцэрт суправаджаліся не толькі штодзённымі рэпетыцыямі па "ўводзе" замежных удзельнікаў, але і жывым абменам думкамі і вопытам. Усе запрошаныя, што вельмі важна, прыязджалі не адно на свой спектакль, а знаходзіліся сярод калег цягам усяго тыдня. Яны сустракаліся з журналістамі, са студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, наведалі Дзяржаўны музей тэатральнай і музычнай культуры ды іншыя памятныя месцы сталіцы. Дырэктары чатырох тэатраў - Карагандзінскага, Санкт-Пецярбургскага, Свярдлоўскага і нашага - за "круглым сталом" абмяркоўвалі праблемы менеджменту, намецілі планы далейшага супрацоўніцтва. Сяброўства ж замацоўвалася - без усялякага на тое "планавання".

Ды ўсё ж галоўныя адкрыцці чакалі нас на спектаклях, кожны з якіх нёс у сабе неспадзяванку. Ну што, здавалася б, можна адкрыць у тым жа "Бабіным бунце" Я.Пцічкіна, акрамя традыцыяналізму? Хіба новыя акцёрскія індывідуальнасці. Сапраўды, букет "нашых і гасцей" аказаўся папраўдзе фестывальным! Але пры такім суквецці яркіх індывідуальнасцей, калі ў спектаклі цяжка вылучыць "самую-самую" галоўную ролю, а Наталля Гайда настолькі змяняе амплуа, што частка яе прыхільнікаў, не пазнаўшы прымадонну, гатова скардзіцца адміністрацыі на яе адсутнасць, раптам становіцца зразумела: змяніўся сэнс самога твора. Абсалютна "савецкая" гісторыя зараджэння "бабскай" свабоды ў казачым коле ператварылася ў тэатралізавана выкладзеную філасофскую тэорыю К.Юнга пра калектыўнае падсвядомае пачуццё, у лірычна-іранічныя разважанні пра тое, што прычыны жаночай жорсцкасці ды злосці трэба шукаць у неспатоленасці пачуццяў, зайздрасці, адчаі. І змагацца з усім гэтым патрэбна не грубай сілай, а - пяшчотай ды гумарам. Простыя жыццёвыя ісціны?

Прыезд санкт-пецярбургскага дырыжора Андрэя Аляксеева пераканаў, што роля "за пультам" не толькі ў тэмпах, але і ў фарбах. Не столькі ў "кіраванні", колькі ў... накіроўванні настрою аркестрантаў і ўсіх удзельнікаў спектакля. Добра вядомая музыка, дзе акрамя меладызму быццам нічога і не было, раптам зайграла вясновай квеценню. Усё тая ж аркестроўка Льва Карпенкі літаральна расправіла крылы: стала аб'ёмнай, папраўдзе сімфанічнай, у пэўных момантах - з намёкамі на джазавасць.

Удзел Уладзіміра Якаўлева з Іркуцка (дзед Захар) і Таццяны Клімавай з Растова (Наста) пераканаў, наколькі важна мець у тэатры не адно адораную моладзь, а зорнае старэйшае пакаленне і моцнае - сярэдняе. Бо менавіта гэта забяспечвае адбор лепшых традыцый ды пераемнасць майстэрства, без якіх няма мастацтва. А тое, што за тры гады пасля прэм'еры спектакль не толькі не разваліўся, а яшчэ і набраў сакавітасці, дадаў харэаграфічнай яркасці, сведчыць пра вялікі патэнцыял трупы і карпатлівую працу рэжысёра Настассі Грыненка і харэографа Дзмітрыя Якубовіча.

Як аказалася, з традыцыйнай пастаноўкі музкамедыі  можна зрабіць "маленькі шэдэўр". А калі так, дык... Чаго ж чакаць, пакуль беларускія кампазітары напішуць "вялікія сусветныя ноу-хау"? І толькі тады думаць, як іх увасабляць і ці пойдзе ўсё ж на іх публіка. Можа, прасцей - ставіць ды ставіць? Чым, уласна кажучы, Музычны тэатр і займаецца, выпускаючы прэм'еру за прэм'ерай і... дапрацоўваючы ў іх літаратурную і музычную асновы! Але, за выключэннем навагодняй казкі, пакуль што ўсе тыя "дапрацаваныя" прэм'еры - не беларускія...

Яшчэ адзін "урок ад Гайды" - пра ролю асобы. Усе госці пагадзіліся ўдзельнічаць у праекце без ганарараў. Бо іх запрашала - сама Гайда. Ды ўсё ж спакою не дае адно пытанне. Чаму праект "Наталля Гайда запрашае", які стаў, па сутнасці, міждзяржаўным форумам тэатраў музкамедыі, успрымаецца ўсяго толькі "асабістай ініцыятывай" тэатра? А той жа фестываль "Уладзімір Співакоў запрашае" і абодва оперныя форумы - Калядны і Маладзёжны - справядліва лічацца справай дзяржаўнай важнасці. Можа, адміністрацыі тэатра трэба больш актыўна выходзіць з прапановамі і шукаць падтрымкі?..

На здымку: сцэна са спектакля "Сільва" з Наталляй Гайда ў галоўнай ролі.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"