Паветраны шар у блакітным небе

№ 42 (808) 20.10.2007 - 26.10.2007 г

6 кастрычніка Слонім адсвяткаваў сваё 755-годдзе. “Гісторыя Слоніма — гэта гісторыя працавітых і мужных патрыётаў свайго горада, якія ўмеюць цаніць жыццё, мір, дружбу і суладна працаваць”, — гэтак вітаў слонімцаў у час адкрыцця свята старшыня райвыканкама Мечыслаў Касцюк.

 /i/content/pi/cult/133/729/Slonim1.jpg
 Канцэрт на плошчы працягваўся да позняй ночы.

І — дзіўна: на пахмурным небе раптам заззяла яркае сонейка — нібы ў падарунак гараджанам і гасцям. На свята прыехалі прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў Малетай (Літва), Целянешты (Малдова), Таржок і Сергіеў Пасад (Расія), знакамітыя людзі, якія нарадзіліся ў гэтым краі. Сярод іх — трохразовы чэмпіён свету і сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў Іван Ціхан, трохразовы чэмпіён свету Уладзімір Раманоўскі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Іван Міско, намеснік камандуючага Балтыйскага флоту віцэ-адмірал Васіль Апановіч, генерал-палкоўнік Пётр Чавус.
Пад гукі уверцюры ансамбля гістарычнай музыкі “Пастараль” да цэнтральнай плошчы Слоніма наблізілася святочная калона, якую ўзначальваў “гаспадар зямлі Гродзенскай” Уладзімір Саўчанка.
Завітаў на свята і… Леў Сапега са сваёй світай. Канцлер Вялікага княства Літоўскага быў старастам Слонімскім з 1586 года, і пры ім горад атрымаў магдэбургскае права, стаў цэнтрам рамяства і гандлю. Леў Сапега прывітаў прысутных і загадаў узняць сцяг горада Слоніма, на якім выяўлены залаты леў з падвойнай срэбранай стралой. Сцяг, дарэчы, стаў для слонімцаў сапраўдным падарункам, бо зацвердзілі яго акурат напярэдадні юбілею.
Свята сабрала ці не ўсіх жыхароў горада: вялізная плошча была запоўнена да краёў.
Ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны граматы і грашовыя прэміі лепшым людзям горада, а таксама запачаткавана новая традыцыя — уручэнне званняў “Ганаровы грамадзянін

 /i/content/pi/cult/133/729/Slonim2.jpg
 Тэатралізаванае шэсце.

Слонімскага раёна”. Іх атрымалі Іван Ціхан, Уладзімір Лабаноўскі і Іван Міско.
А пасля афіцыйнай часткі на плошчы адбылося выступленне калектываў мастацкай самадзейнасці горада і раёна.
У гарадскім парку працавалі атракцыёны, выстаўка-кірмаш сельскагаспадарчай прадукцыі і вырабаў устаноў прафтэхадукацыі Гродзенскай вобласці, выстаўка-продаж вырабаў народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Душы народнай увасабленні”. Музеі горада Слоніма былі адкрыты для наведвальнікаў, у Цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася сустрэча з удзельнікамі літаратурнага аб’яднання імя А.Іверса.
Свята завяршылася тэатралізаваным прадстаўленнем на стадыёне з удзелам маладзёжнай зборнай краіны па мастацкай гімнастыцы, тэатра роставых фігур “Клоуны свету” і студыі “Фэсці”, артыстаў цырка, Слонімскага духавога аркестра і маленькіх зорачак Ксені Сітнік і Андрэя Кунца.
Парашутысты Гродзенскага авіяклуба прадэманстравалі віртуознае прызямленне, а зялёны паветраны шар, які “вырас” літаральна на вачах публікі, узняўся ў неба пад усеагульныя апладысменты. Шоу на стадыёне стала чарговай творчай удачай рэжысёра Васіля Бізюка.
У тым, што юбілей горада быў адзначаны годна і без прыкрых эксцэсаў, немалая заслуга начальніка Слонімскага РАУС палкоўніка Генадзя Шлыковіча.
Самыя яскравыя імгненні свята — на гэтых здымках.

Юрый ІВАНОЎ,
наш спецкар
Мінск — Слонім — Мінск
Фота аўтара