Неіндустрыяльны Сяргей Лазніца Міжнародная формула кіно ад рэжысёра "У тумане"

№ 16 (1039) 21.04.2012 - 28.04.2012 г

Эксклюзіўнае інтэрв'ю для "К" удзельніка Канскага фестывалю

/i/content/pi/cult/374/7286/1-1.jpeg

Фестывальныя прарывы беларускага ігравога кіно здараюцца пакуль не так часта, як нам таго хацелася б. Але сёлета становішча можа змяніцца: праца над стужкай ураджэнца Баранавічаў Сяргея ЛАЗНІЦЫ "У тумане" паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава, пра што неаднаразова пісала "К", завяршаецца днямі. Як стала вядома ў дзень падпісання нумара ў друк, карціна, актыўны ўдзел у стварэнні якой прымае Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", уключана ў асноўны конкурс 65 Міжнароднага Канскага кінафестывалю, які пачынаецца 16 мая.

Здымкі стужкі праходзілі ў сумежнай Віцебшчыне Латгаліі - фактычна, амаль у тых самых мясцінах, дзе адбываюцца падзеі твора Быкава. Беларускі складнік у інтэрнацыянальнай камандзе стваральнікаў карціны наогул даволі вялікі. Так, галоўную ролю ў фільме выконвае беларус Уладзімір Свірскі, свой важны унёсак зрабіў сусветна вядомы гукааператар Уладзімір Галаўніцкі, даўні ўдзельнік дакументальных праектаў Сяргея Лазніцы і яго ігравой стужкі "Шчасце маё", што прыняла ўдзел у конкурснай праграме Канскага фестывалю ў пазамінулым годзе. Працавалі над карцінай і іншыя спецыялісты "Беларусьфільма", якія выязджалі на здымкі ў Латвію.

На мінулым тыдні менавіта разам з Уладзімірам Галаўніцкім Сяргей Лазніца ўносіў апошнія папраўкі ў гукавы рад карціны на тон-студыі "Беларусьфільма". Спецыялістам Нацыянальнай кінастудыі былі давераны работы па перазапісе гуку будучай стужкі.

Карэспандэнт "К" заспеў Сяргея Лазніцу і Уладзіміра Галаўніцкага перад вялікім маніторам, на якім застыў стоп-кадр з героямі Васіля Быкава. Пад час невялікай паўзы ў напружанай працы рэжысёр "У тумане" адказаў на некалькі пытанняў нашай газеты. Да прэм'еры аб падрабязнасцях стварэння новай стужкі звычайна не гутараць, таму пытанні "К" датычыліся творчага свету і асабістых перажыванняў кінарэжысёра.

- Сяргей, вы нарадзіліся і часта бываеце ў Беларусі, шчыльна ўзаемадзейнічаеце з айчыннымі кінематаграфістамі, вас цікавіць проза Васіля Быкава і Алеся Адамовіча. Ці будзе дакладным сцвярджэнне, што Беларусь для вас - гэта своеасаблівае "творчае перакрыжаванне"?

- "Творчае перакрыжаванне" для мяне ў дадзеным кантэксце - паняцце нейкае незразумелае. Іншая справа, што з беларускай зямлёй у мяне звязаны пэўныя ўражанні. З дзіцячых гадоў я наведваў Беларусь, і, напэўна, атрыманыя менавіта тады перажыванні зноў і зноў прыводзяць мае думкі да гэтых мясцін ды людзей, якія тут жывуць. Бывае, вельмі цяжка адказаць, чаму чалавек вяртаецца ў пэўныя мясціны, сутыкаецца з тымі або іншымі людзьмі. У 1997-м на фестывалі ў Екацерынбургу я пазнаёміўся з беларускім дакументалістам Віктарам Аслюком. Мы пасябравалі, я прыехаў да яго ў госці ў Мінск, а праз колькі гадоў на "Беларусьфільм" мяне прывяла вытворчая неабходнасць. Дзяцінства, знаёмства, праца - усё гэта не звязаныя адна з адной падзеі, што аказаліся злучанымі ў своеасаблівы ланцужок, дзякуючы якому я наведваю Беларусь.

- Ці верыць рэжысёр Сяргей Лазніца ў супадзенні, у тое, што іх ланцужок складаецца не выпадковым чынам?

- У выпадковасць нельга верыць або не верыць - пра шэраг супадзенняў можна ведаць ці не ведаць, папросту не разумець, чаму яны адбыліся. Усё, што дзеецца на экране, не з'яўляецца рэалізмам - ва ўсім ёсць пэўны містычны момант. Тое ж самае датычыцца карцін, дзеянне якіх разгортваецца ў мінулым. Калі Аляксей Герман-старэйшы дабіваецца максімальнай адпаведнасці гістарычным аналагам нават дробных дэталей у кадры сваіх стужак, гэта не значыць, што яго карціна - рэалістычная, - такім чынам ён толькі жадае надаць неабходны маштаб дакладнасці. Пры гэтым кадры ягоных стужак насычаны такімі прадметамі, якія вы ў жыцці наўрад ці пабачыце побач адно з адным. Падзеі на экране ні ў якім разе нельга назваць рэалізмам, як тую самую музыку, да якой немагчыма дакрануцца. Кіно існуе ў нашым уяўленні. Ці ж яно рэалістычнае?

- А калі гледачы пасля сеансу паскардзяцца: маўляў, паказанае на экране не адпавядае рэчаіснасці?

- Глядач параўноўвае тое, што бачыць на экране, са сваім асабістым досведам. А ён не можа быць, так бы мовіць, бясконцым, ахопліваць усе праявы жыцця. Але кіно і не прэтэндуе на тое, каб адлюстроўваць нешта абсалютна дакладна. Кожны чалавек бачыць на экране нешта сваё - тое, што менавіта ён можа пабудаваць ва ўласным уяўленні. Вы і я глядзім адзін і той жа фільм, а бачым два розныя творы, таму што, дзякаваць богу, нашы ўяўленні - розныя. Выказвацца абсалютна дакладна можна толькі пра неабарачальныя працэсы.

- Ваш творчы працэс - абарачальны? Вы ўносіце змены пад час працы над стужкай?

- Праца над сцэнарыем не мае дачынення да абарачальнасці, бо заўсёды можна вярнуцца да першапачатковага варыянту. Што да непасрэдна здымак, то гатовая стужка адрозніваецца ад сцэнарыя працэнтаў на пяць: выкідаюцца і замяняюцца асобныя словы, рэплікі персанажаў, але больш значных змен я звычайна не раблю.

- Апошнім часам шмат гаворыцца аб тым, што кінематограф становіцца цалкам прадзюсарскім, індустрыяльным. Ці адчуваеце вы сябе паўнавартасным аўтарам, які можа цалкам вырашаць творчы лёс твора?

- Адказ вельмі кароткі: так. Мяркую, не трэба так рэзка падзяляць кіно на камерцыйнае і, быццам бы, "некамерцыйнае", аўтарскае. Існаваў і існуе шэраг рэжысёраў, якім удаецца сумяшчаць і свой асабісты стыль, і мець вялікія касавыя зборы. Што да мяне, дык я цалкам кантралюю творчы працэс, уключаючы падбор здымачнай групы, выканаўцаў, мантаж і гэтак далей. Тут у нас з прадзюсарам Хайнам Дэкертам поўнае ўзаемаразуменне і падзяленне функцый: гэта значыць, фінансавым бокам стварэння стужкі, яе дыстрыб'юцыяй я не займаюся. Увогуле ж, абсалютнай фінансавай самастойнасцю можа пахваліцца толькі адна кінематаграфія ў свеце - амерыканская; у астатніх краінах кінематаграфістам даводзіцца атрымліваць фінансаванне з розных крыніц, у тым ліку ад дзяржавы. Канешне ж, сучасная мадэль кінавытворчасці, паводле якой ствараюцца мае стужкі, не засяроджваецца на пэўнай краіне або студыі. Сучасная кінастудыя, мяркую, павінна ўяўляць з сябе выключна тэхналагічны комплекс, а для здымачных груп натуральна быць абсалютна незалежнымі ад геаграфічнай прывязкі. Да прыкладу, над карцінай, якую я цяпер завяршаю, працуюць нямецкі прадзюсар, румынскі аператар, выканаўцы роляў з Расіі і Беларусі... Адразу пасля Мінска я выпраўляюся ў Берлін, дзе жыву ўжо працяглы час, а потым - адразу ў Амстэрдам. Там пройдзе заключны этап працы над гукам "У тумане"...

- Я ведаю, у вас ёсць ідэя зняць дакументальны фільм непасрэдна ў Мінску...

- Так. Але адразу пасля завяршэння "У тумане" я прыступаю да падрыхтоўчага перыяду новай ігравой карціны, які зойме шмат часу. Таму да ідэі здымак дакументальнай стужкі ў Беларусі давядзецца вярнуцца ўжо пазней...