Класіка ў святы і будні

№ 16 (1039) 21.04.2012 - 28.04.2012 г

З 15 па 20 мая ў Мінску ў сёмы раз пройдзе Беларускі Міжнародны фестываль тэатраў лялек. Пра гэта на прэс-канферэнцыі, што адбылася 19 красавіка ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек, паведамілі журналістам арганізатары фестывалю.

 

Адзін з айчынных фестываляў, улюбёных не толькі прафесіяналамі, але і гледачамі, і гэтым разам не адступіць ад сваёй канцэпцыі ды прадставіць спектаклі ўсіх айчынных тэатраў лялек. Гэтым разам аказалася, што, не згаворваючыся, усе яны дэманстравалі пастаноўкі паводле сусветнай або айчыннай класікі: Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек - "Сабачае сэрца" М.Булгакава, Беларускі тэатр "Лялька" з Віцебска - "Прынцэсу і свінапаса" Х.К. Андэрсэна, Магілёўскі абласны тэатр лялек - "Дзікае паляванне караля Стаха" У.Караткевіча, Брэсцкі тэатр лялек - "Караля Ліра" У.Шэкспіра, Гродзенскі абласны тэатр лялек - "Пікавую даму" А.Пушкіна і П.Чайкоўскага, Мінскі абласны тэатр лялек "Батлейка" з Маладзечна - "Чароўную дудку" В.Вольскага, а гаспадары фестывалю - Беларускі дзяржаўны тэатр лялек - "Вянчанне" В.Гамбровіча.

Міжнародная частка праграмы складаецца з работ, што прывязуць нам калектывы з Грэцыі, Малдовы, Германіі, Літвы, Украіны і Расіі. "Вясновай песняй дразда" Рэспубліканскага тэатра лялек "Лікурыч" (Кішынёў) і "Дамамі клоўнаў" Тэатра лялек "Мерлін" (Афіны) адкрыецца фестывальная праграма. Эстафету падхопяць "Улача" К.Функе Магдэбургскага тэатра лялек, "Сямейка з Вялікага Гаю" Д.Чапаўскайтэ Каўнаскага дзяржаўнага тэатра лялек, "Клочки по закоулочкам" Г.Остэра Валынскага акадэмічнага абласнога тэатра лялек (Луцк), а завершыць усё "Вершнік Cuprum" Тэатра "Лялечны фармат" (Санкт-Пецярбург).

Як зазначыў пад час прэс-канферэнцыі рэжысёр Аляксей Ляляўскі, сёлетняя фестывальная афіша скіравана не на жаданне здзівіць якім-небудзь радыкальным эксперыментам і ўразіць спакушаную фестывальную публіку, а, хутчэй, на спробу рэальнага аналізу таго, якім жа чынам і ў якіх рэчышчах развіваецца сёння "будзённае" жыццё тэатраў лялек, як яны працуюць са сваім традыцыйным гледачом, што за матэрыял для пастановак прапаноўваюць. Для таго, каб высновы гэтыя былі больш абгрунтаванымі і пацверджанымі, плануюцца, асабліва - пасля дзіцячых спектакляў, абмеркаванні ўбачанага з маленькімі гледачамі, іх кантакты з аўтарамі кожнага са спектакляў.

А дырэктар Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Яўген Клімакоў распавёў, што ў наступным сезоне, калі, дарэчы, тэатр адзначыць сваё 75-годдзе, плануецца адраджэнне Лабараторыі тэатра лялек. Ёсць дамоўленасць паміж дырэктарамі ўсіх айчынных лялечных калектываў, што раз на месяц адзін з беларускіх тэатраў будзе паказваць на сталічнай сцэне якую-небудзь пастаноўку з яе далейшым абмеркаваннем у коле крытыкаў і практыкаў.

Т.К.