Запалім оперныя зоркі!

№ 16 (1039) 21.04.2012 - 28.04.2012 г

20 — 25 мая, пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва краін-удзельніц СНД, у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры Беларусі пройдзе Маладзёжны форум опернага мастацтва. Ён збярэ 16 маладых салістаў з краін СНД і Балтыі, якія разам з нашымі зоркамі выступяць у шасці беларускіх пастаноўках.

 

Гэты творчы праект, як і вось ужо два Калядныя оперныя форумы, зладжаныя нашым Вялікім тэатрам, - вынік шматлікіх мемарандумаў аб супрацоўніцтве, падпісаных дырэкцыяй тэатра. На сённяшні дзень такія дамовы, што замацоўваюць і выводзяць на новы ўзровень творчыя сувязі, падпісаны ўжо з васямнаццаццю опернымі тэатрамі іншых краін. Невыпадкова Мінск пачынаюць называць опернай сталіцай СНД.

Пацвярджэннем апошняга стане і Міжнародны конкурс вакалістаў - выканаўцаў італьянскай оперы, які пройдзе ў нас у час чарговага Каляднага опернага форуму. Адбор на гэтае спаборніцтва ажыццяўляецца па ўсім свеце. Толькі ў адной Маскве ў такім адборы прыняло ўдзел больш за 200 чалавек. А колькі яшчэ іншых краін! Можна толькі ганарыцца тым, што паўфінал і фінал конкурсу пройдуць менавіта ў нас.

Дый цяперашні Маладзёжны форум шмат у чым стане творчым "спаборніцтвам", у якім перамогуць усе. "Кармэн", "Багема", "Іяланта", "Рыгалета", "Травіята", "Князь Ігар" - усе гэтыя спектаклі з інтэрнацыянальным складам маладых салістаў убачаць не толькі мінчане - відэазапісы будуць разасланы па ўсіх тэатрах-удзельніках праекта, і артысты, занятыя ў паказах, змогуць атрымаць дадатковую рэкламу. Серыю праграм, прысвечаных форуму, рыхтуе і тэлекампанія "Мір". Да таго ж, форум стане своеасаблівым майстар-класам: з удзельнікамі будуць займацца так званыя коўчы - спецыяльныя выкладчыкі замежнай мовы, якія займаюцца з вакалістамі. Так што італьянскія і французскія спевы будуць у нас ідэальнымі. Праца "артыстычнай зборнай" над той жа "Кармэн" распачнецца ажно 16 мая - прытым, што спектакль адбудзецца толькі 20-га.

Такімі больш працяглымі рэпетыцыямі Маладзёжны форум адрозніваецца ад колішніх Усесаюзных фестываляў творчай моладзі, якія двойчы праходзілі ў Мінску ў 1980-я на базе абодвух нашых тэатраў: Вялікага і Музычнага. Прыемна, што традыцыя ўдзелу ў спектаклях моладзі розных краін аднаўляецца.