“Маладзечна” і “фестывальнае сеціва”

№ 16 (1039) 21.04.2012 - 28.04.2012 г

7 — 10 чэрвеня пройдзе Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Летась было прынята рашэнне вярнуцца да колішняй практыкі штогадовага правядзення гэтага свята.

/i/content/pi/cult/374/7277/1-2.jpegУ праграме фестывалю - як заўсёды, шмат самых розных падзей. Тут і выступленні беларускіх паэтаў, і прэзентацыі новых кніг, і канцэрт сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага, і запланаваны працяг "Залатой калекцыі" беларускіх песень, і творчыя сустрэчы з артыстамі Мінскага абласнога драматычнага тэатра.

Але ў цэнтры, як паведаміў на прэс-канферэнцыі дырэктар - мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, народны артыст краіны, прафесар Міхаіл Фінберг, будзе праграма да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, якая ўтрымлівае амаль 40 твораў, і, зразумела, конкурс маладых выканаўцаў. Падрыхтоўка ідзе поўным ходам. Удельнікі конкурсу адабраны з усёй рэспублікі і, як заўсёды, выканаюць адну беларускую песню пад фанаграму "мінус адзін", а другую - з аркестрам.

- Фестываль у Маладзечне, - падкрэсліў маэстра, - замацоўвае ўсё тое, што робіцца нашым аркестрам у галіне нацыянальнай спадчыны.

Сапраўды, калектывам праведзена больш за 140 фестываляў у малых гарадах Беларусі. Літаральна ўчора прайшоў 143-і Фестываль камернай музыкі - у Хойніках. Днямі адбудзецца новы фестываль - у Навагрудку. 27 красавіка "фестывальнае сеціва" папоўніць яшчэ адзін новы горад на карце Беларусі - Горкі.

Н.Б.