Гродна, чэрвень і фінал

№ 16 (1039) 21.04.2012 - 28.04.2012 г

На фінальныя мерапрыемствы Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне з'едзецца каля тысячы ўдзельнікаў.

/i/content/pi/cult/374/7276/1-1.jpeg17 красавіка ў Доме Урада прайшло пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні IX Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.

Старшынёй аргкамітэта з’яўляецца віцэ-прэм’ер Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік, намеснікам старшыні — міністр культуры краіны Павел Латушка. Прадстаўнікі рэспубліканскіх і рэгіянальных устаноў дзяржаўнага кіравання і грамадскіх аб’яднанняў нацыянальных меншасцей Беларусі разгледзелі вынікі правядзення абласных і Мінскага гарадскога фестывальных тураў.

Па словах дырэктара Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіла Рыбакова, у названых турах удзельнічала больш за дзве тысячы чалавек з 67 раёнаў краіны. Рэспубліканскае журы адабрала 984 прадстаўнікоў 33 нацыянальнасцей, якія і будуць весці рэй пад час заключных фестывальных мерапрыемстваў…

У Гродне плануецца рэалізацыя традыцыйных праектаў. Усе прызвычаіліся, да прыкладу, да заўжды яркага тэатралізаванага шэсця. Не менш цікава ладзяцца выстаўкі-кірмашы, дзе свае адмысловыя творы прэзентуюць народныя майстры краіны. І, натуральна, на гродзенскіх вуліцах будуць гучаць па-ранейшаму самабытныя і непаўторныя па нацыянальным каларыце канцэртныя праграмы.

Нацыянальныя падворкі прадставяць выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, народныя строі, дэгустацыі страў. Дарэчы, сёлета на падворках мяркуецца абыграць тэму вясновых святаў і абрадаў шматлікіх нацыянальнасцей краіны.

Сярод новых фестывальных мерапрыемстваў — пленэр “Гродна — вачамі мастакоў”, гала-канцэрт на інтэрнацыянальнай студэнцкай пляцоўцы.

Мяркуецца, што ў заключных фестывальных мерапрыемствах прымуць удзел каля тысячы выканаўцаў — прафесійных і самадзейных артыстаў, калектываў нацыянальных суполак.

Нагадаем, заключныя мерапрыемствы IX Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, які заснавалі Міністэрства культуры краіны, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, міністэрствы адукацыі і інфармацыі, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, аблвыканкамы, Мінскі і Гродзенскі гарвыканкамы, мяркуецца правесці ў Гродне 1 — 3 чэрвеня.

Наш кар.