17 красавіка ў Доме Урада прайшло пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні IX Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.
Старшынёй аргкамітэта з’яўляецца віцэ-прэм’ер Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік, намеснікам старшыні — міністр культуры краіны Павел Латушка. Прадстаўнікі рэспубліканскіх і рэгіянальных устаноў дзяржаўнага кіравання і грамадскіх аб’яднанняў нацыянальных меншасцей Беларусі разгледзелі вынікі правядзення абласных і Мінскага гарадскога фестывальных тураў.
Па словах дырэктара Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіла Рыбакова, у названых турах удзельнічала больш за дзве тысячы чалавек з 67 раёнаў краіны. Рэспубліканскае журы адабрала 984 прадстаўнікоў 33 нацыянальнасцей, якія і будуць весці рэй пад час заключных фестывальных мерапрыемстваў…
У Гродне плануецца рэалізацыя традыцыйных праектаў. Усе прызвычаіліся, да прыкладу, да заўжды яркага тэатралізаванага шэсця. Не менш цікава ладзяцца выстаўкі-кірмашы, дзе свае адмысловыя творы прэзентуюць народныя майстры краіны. І, натуральна, на гродзенскіх вуліцах будуць гучаць па-ранейшаму самабытныя і непаўторныя па нацыянальным каларыце канцэртныя праграмы.
Нацыянальныя падворкі прадставяць выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, народныя строі, дэгустацыі страў. Дарэчы, сёлета на падворках мяркуецца абыграць тэму вясновых святаў і абрадаў шматлікіх нацыянальнасцей краіны.
Сярод новых фестывальных мерапрыемстваў — пленэр “Гродна — вачамі мастакоў”, гала-канцэрт на інтэрнацыянальнай студэнцкай пляцоўцы.
Мяркуецца, што ў заключных фестывальных мерапрыемствах прымуць удзел каля тысячы выканаўцаў — прафесійных і самадзейных артыстаў, калектываў нацыянальных суполак.
Нагадаем, заключныя мерапрыемствы IX Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, які заснавалі Міністэрства культуры краіны, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, міністэрствы адукацыі і інфармацыі, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, аблвыканкамы, Мінскі і Гродзенскі гарвыканкамы, мяркуецца правесці ў Гродне 1 — 3 чэрвеня.
Наш кар.