Вытокі мудрасці

№ 42 (808) 20.10.2007 - 26.10.2007 г

На пачатку новага тэатральнага сезона Брэсцкі абласны тэатр драмы і музыкі прэзентаваў сваім гледачам прэм’ерны спектакль — “Вечар” Аляксея Дударава. Гэта, дарэчы, ужо трэці зварот нашых тэатраў на працягу апошняга часу да згаданай п’есы: некалі папулярную, а потым амаль забытую, яе паставілі спачатку купалаўцы, потым — магіляўчане, і вось “Вечар” “дабраўся” да Брэста. У чым жа сакрэт такога ўсплеску цікавасці да гэтай гісторыі? Адкуль такая актуальнасць?

 /i/content/pi/cult/133/727/Vechar.jpg

Так, росквіт на Беларусі аграгарадкоў і развіццё вясковай інфраструктуры, павышэнне якасці жыцця ў рэгіёнах нібыта павінны звесці да нуля гісторыі, падобныя да той, што разгортваецца ў дудараўскім “Вечары”, дзе трое адзінокіх старых у закінутай і забытай людзьмі вёсачцы дажываюць сваё жыццё. Але ж ці пра гэта насамрэч распавядае п’еса? Валерый Раеўскі ў сваёй пастаноўцы гэтай п’есы ў Купалаўскім тэатры на першы план выносіць шчырае, прагнае жаданне жыць, нягледзячы ані на ўзрост сваіх герояў, ані на побытавыя цяжкасці і закінутасць іх. Уладзімір Пятровіч у пастаноўцы Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра акцэнтуе нашу ўвагу на жывасці ўспрыняцця гэтымі старымі людзьмі навакольнага жыцця, іх шчырасці і адкрытасці сонцу, вадзе, — прыродзе. Ніводзін са спектакляў не ставіць сваёй мэтай выклікаць у нас пачуццё жалю і шкадавання да гэтых старых, хутчэй, наадварот — зайздрасць да іх жыццёвай мужнасці, чысціні ўспрыняцця навакольнага свету і чысціні ўзаемаадносін паміж сабою.
У Брэсцкім абласным тэатры драмы і музыкі Аляксандр Козак працягвае сваю
“рэжысёрскую” тэму, распачатую яшчэ ў “Мосце” паводле Васіля Быкава, — тэму адказнасці чалавека за ўласнае жыццё і жыццё блізкіх. Услед за “Мастом”, “Вечар” у рэжысуры Козака сцвярджае перакананне ў тым, што кожны чалавек мае ад нараджэння дарагі скарб — магчымасць уласнага выбару. І калі ў “Мосце” гэты дар дзеліць людзей на “сваіх” і “паліцаяў”, у “Вечары” рэжысёр настойліва нагадвае нам, што “колеры” ўласнага жыцця мы выбіраем выключна самі. І тое, якім бачыць навакольны свет і сябе ў ім — самотна-шэрым ці празрыста-правільным, — гэта таксама наша прэрагатыва.
Багатая пастановачнаятрадыцыя “Вечара” сведчыць, што гэта спектакль, у першую чаргу, акцёрскі: менавіта творчыя індывідуальнасці выканаўцаў іграюць у ім вызначальную ролю. Але Козак не шукае “падыходзячыя” тыпажы, наадварот: як мастацкі кіраўнік тэатра ён робіць “стратэгічную” стаўку на пераадоленне акцёрамі ўласнага сцэнічнага іміджа і шлейфа папярэдніх роляў. У выніку стаўшы ўжо класічным дудараўскі “трохкутнік”— Мульцік, Ганна і Гастрыт — ператвараецца для выканаўцаў гэтых роляў у своеасаблівы парог, пераступаючы які, яны пашыраюць уласны акцёрскі дыяпазон і адкрываюць для сябе свет новых, будучых роляў. Аляксандр Маршын, якога гледачы ведаюць, у першую чаргу, па ролях сацыяльных герояў, паспрабаваў стварыць глыбока псіхалагічны вобраз чалавека моцнага, упэўненага ў справядлівасці і правільнасці той ісціны, што дасталася яму ад продкаў: жыццё неабходна любіць і паважаць ва ўсіх яго праявах. Рэжысёр падкрэслівае гэтае паважлівае стаўленне тым, што нават майструючы “пра запас” сабе труну, Мульцік Маршына ў кожным сваім слове, у кожным руху выпраменьвае жыццярадаснасць і пазітыўны настрой, дорачы яго сваім нешматлікім навакольным. “Універсал” Міхаіл Мятліцкі ў ролі Гастрыта прыходзіць да маральнага і псіхалагічнага “прасвятлення” свайго персанажа праз падкрэслена гратэскавую манеру існавання “а-ля “Белыя росы”. А тэатральная прыма Тамара Ляўчук, якая перайграла шэраг “ракавых” жанчын-гераінь сусветнага і беларускага рэпертуару, у ролі Ганны, бадай, упершыню для сябе сыграла жанчыну “старую і непрыгожую”, даказаўшы тым самым, што жаночая абаяльнасць і прыцягальнасць — гэта не ўзроставая прыналежнасць, а ўнутраная, душэўная характарыстыка чалавека.
Арганізуючы сцэнічную прастору спектакля, становіцца вялікі калодзеж-журавель, які ўзвышаецца на сцэне, нібы старадаўняя піраміда індзейцаў майя (сцэнаграфія Віктара Лесіна). Жыццеарганізуючая, сакральная аура гэтага калодзежа, тое, з якой павагай і пашанай прыходзяць старыя да яго па ваду, міжволі прымушае задумацца над тым, што і жыццё чалавечае нагадвае гэткі ж глыбокі калодзеж, напоўнены векавой мудрасцю нашага народа.
Можна бясконца доўга чэрпаць з яго, адкрываючы штораз для сябе ўсё новыя і новыя глыбіні, і так і не дабрацца да самага дна. І, думаецца, што гэтая векавая ідэя павагі і пашаны да сваіх вытокаў, народнай мудрасці, праверанай самім жыццём, наўрад ці зможа стаць калі-небудзь неактуальнай.

Таццяна КОМАНАВА
На здымку: сцэна са спектакля ”Вечар”.
Фота аўтара