Экспануецца... неба

№ 15 (1038) 14.04.2012 - 20.04.2012 г

Напрыканцы красавіка Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры зладзіць выстаўку “Апякункі паэтычных нябёсаў”, прысвечаную беларускім паэткам 2-й паловы мінулага стагоддзя.

У экспазіцыю, як і мае быць на літаратурнай выстаўцы, увойдуць кнігі ды рукапісы. Акрамя таго, будуць прадстаўлены фотаздымкі і асабістыя рэчы паэтэс. Такога роду выстаўку музей, паводле слоў яго дырэктара Лідзіі Макарэвіч, ладзіць упершыню. Раней праекты распачыналі да юбілейных дат таго або іншага літаратара. “Цяпер мы хочам пазнаёміць наведвальнікаў з літаратурнай з’явай — жаночай паэзіяй”, — кажа яна.

У красавіку — маі экспазіцыяй у музеі будзе ўшанавана выдавецтва “Мастацкая літаратура”, якому сёлета спаўняецца сорак гадоў. У перспектыве — перасоўная выстаўка да 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка.