Арцём-музыка са скрыпкай Гварнеры

№ 15 (1038) 14.04.2012 - 20.04.2012 г

Амаль Алімпійская "дысертацыя" супраць падманлівых пачуццяў

/i/content/pi/cult/373/7262/6_1.gifІмя скрыпача Арцёма ШЫШКОВА добра вядомае не толькі на Беларусі. І справа не адно ў тым, што цяпер ён працягвае навучанне ў Вене, тыдзень таму стаў лаўрэатам Міжнароднага конкурсу ў Берліне, а днямі едзе на чарговае міжнароднае спаборніцтва — у Брусель. Справа, відаць, менавіта ў яго, так бы мовіць, прамяністасці. А яе сакрэт зусім не ў «бландзіністасці» віхроў — у асаблівай шчырасці, эмацыйнай чуллівасці і прыгажосці гукаў, што, бы само сонечнае святло, ліюцца са скрыпкі ў руках Арцёма. Мабыць, яшчэ і імя музыканта паўплывала на тое, што нават ЦЁМныя, трагічныя старонкі музыкі ў яго выкананні становяцца, найперш, АРТам — высокім мастацтвам, якое абавязкова нясе ў сабе катарсіс — духоўнае ачышчэнне і прасвятленне.

Чарговы раз у гэтым можна было пераканацца, слухаючы ігру Арцёма Шышкова ў зале Белдзяржфілармоніі ў час яго нядаўняга прыезду ў Мінск. Ці ў Інтэрнэце, дзе выкладзены яго запісы. Назіраючы ж за Арцёмам амаль з першых гадоў навучання ў класе Эдуарда Кучынскага яшчэ ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Акадэміі музыкі, заўважаеш, як літаральна з кожным выхадам на сцэну сталее, мацнее ягоны талент, як усё больш па-філасофску асэнсаванай, а не толькі віртуознай ды эмацыйнай, становіцца яго ігра. Можа, ён і ёсць увасабленне купалаўскага Сымона-музыкі? Толькі — са скрыпкай Андрэа Гварнеры, набытай для Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі нашым Міністэрствам культуры. І з куды больш шчаслівым лёсам, дадзеным Незалежнай Беларуссю. Іншыя ж краіны ў майстэрстве нашага скрыпача бачаць заваёвы ўсёй нацыянальнай культуры...

— Пэўна, справядліва кажуць, — зазначае Арцём, калі мы, нарэшце, дазвоньваемся на яго венскі нумар, — што вялікае бачыцца на адлегласці. Калі я займаўся ў Эдуарда Віктаравіча, многае ўспрымалася як дадзенасць: маўляў, ёсць — і ўсё. А тое, што дае ён, — «норма». І толькі праз час я пачаў асэнсоўваць, наколькі гэта мудры, унікальны не толькі ў межах Беларусі педагог.

— Цалкам з вамі згодная. Дый вы, наколькі пераканалася, можаце распавядаць пра яго бясконца. Чаму ж тады цяпер вучыцеся — у Вене, у Доры Шварцберг?

— Я вучуся не проста ў Венскім універсітэце музыкі і выканальніцкіх мастацтваў, а ў аспірантуры пры гэтай навучальнай установе.

— У нас таксама ёсць аспірантура! Пры Акадэміі музыкі…

— Але яна зусім іншая. Раней было падзяленне: для навукоўцаў (тых жа музыказнаўцаў) існавала аспірантура, а для музыкантаў-выканаўцаў — асістэнтура-стажыроўка. Спачатку тая стажыроўка была разлічана на два гады, потым — на год. А потым яе зусім скасавалі, пакінуўшы магістратуру як падрыхтоўку да аспірантуры і саму аспірантуру, сутнасць якой засталася гэткай жа, як і раней: напісанне дысертацыі. Але тое зусім іншая дзейнасць! І яна патрабуе такой жа адданасці, як заняткі на інструменце. Калі, да прыкладу, спартсмен заменіць штодзённыя трэніроўкі на стварэнне метадычных і навуковых прац, скрупулёзна апісваючы, як правільна трэба трэніравацца, ён страціць сваю ўласную спартыўную форму і ўжо не зможа паехаць на Алімпіяду. Так і тут. Калі выконваеш музычны твор, дык папярэдне быццам тое ж даследаванне праводзіш. Чаму кампазітар напісаў так, а не інакш? Што ён хацеў гэтым выказаць? А што хачу гэтым выказаць я? І, галоўнае, як усё тое, што знойдзена і зразумела, данесці да слухача?

— Сапраўдная «дысертацыя» атрымліваецца…

— Толькі вынікі яе выкладаюцца не словамі ў «друкаваным выглядзе», а на іншай мове — музычнай. Гэта і ёсць мая спецыяльнасць, і менавіта ёй я займаюся ў Вене, не прэтэндуючы на ўласна навуковыя сферы. Мая аспірантура — па класе сола, а ёсць такая ж аспірантура па класе аркестравага выканання. Кожны можа выбраць сваё! Заняткаў «па раскладзе» вельмі мала: сустрэчы з педагогам па спецыяльнасці і рэпетыцыі з канцэртмайстрам. Я павінен толькі граць!

— У сэнсе: граць, граць ды граць?

— І не толькі ў класе. Вітаюцца любыя выступленні, а магчымасцей для гэтага шмат. У Вене (як, дарэчы, і ва ўсіх заходнееўрапейскіх гарадах) — мноства залаў: вялікіх, камерных — любых, разлічаных на самую патрабавальную публіку.

— Невыпадкова ж яе называюць музычнай сталіцай Еўропы!

— Цікава, што з першага погляду, калі хтосьці з турыстаў прыязджае ў Вену літаральна на некалькі гадзін, дык нават бывае расчараваны: маўляў, на вуліцах музыка не гучыць. А ў Мінску — нават у падземных пераходах нікуды ад яе не падзецца! Так і ёсць: стаць вулічным музыкантам, разлічваючы, як у іншых еўрапейскіх гарадах, на схільнасць мінакоў, там не атрымаецца, бо адразу падыдзе ветлівы паліцэйскі. Затое акадэмічнай музыкі ў залах — на любы густ. І на адкрытым паветры канцэрты праводзяцца — згадайма тое ж акадэмічнае «Еўрабачанне», якое цяпер трансліруецца і ў Беларусі.

— Але ж вы, наколькі мне вядома, выступаеце не толькі ў Вене: маю на ўвазе ваш удзел у калектыве — «Lipkind-квартэце»…

— Са жніўня ў нас распісаны турнэ па Злучаных Штатах Амерыкі, потым гастролі ў Балгарыю, Галандыю. А дагэтуль, напрыканцы ліпеня, мяне запрашаюць на Фестываль камернай музыкі ў Нарвегію. Гэта вельмі цікавы творчы праект, бо на фестывалі збіраюцца музыканты з усяго свету, кожны папярэдне атрымлівае спіс удзельнікаў, якія будуць граць з ім у ансамблі, і даведваецца пра тыя творы, што ён будзе там выконваць. А ўжо рэпетыцыі раней падрыхтаваных ансамблевых твораў пачынаюцца непасрэдна ў час прыезду. Такая магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі розных выканальніцкіх школ і, галоўнае, выступіць з імі разам, дасягаючы пры гэтым сапраўдных ансамблевых якасцей і пачуцця музычнага партнёрства, дае музыканту вельмі многа. Тут важным аказваецца і сам працэс рэпетыцый, калі трэба прыладкавацца адно да аднаго, і ўласна канцэрты. Дарэчы, у Еўропе падобных фестываляў і праектаў вельмі шмат, бо сутнасць іх у тым, што музыканты, так бы мовіць, размаўляюць адно з адным на музычнай мове — і даносяць свой дыялог да слухачоў. Таму вельмі хацеў бы пажадаць сваім маладым беларускім калегам не спыняцца ва ўласных творчых пошуках, заўсёды шукаць штосьці новае, ісці далей. Магчымасцей для гэтага цяпер — безліч. Ёсць Інтэрнэт, што вельмі можа дапамагчы ў самаадукацыі. Існуюць шматлікія майстар-класы: любая атрыманая інфармацыя можа пайсці на карысць, калі да яе ставіцца з патрэбным асэнсаваннем. Але, здараецца, калі чалавек дасягае пэўнага ўзроўню, яму ўжо здаецца, што можна і адпачыць. Гэта падманлівае пачуццё: мяжы дасканаласці не бывае. І толькі калі музыкант ставіць перад сабой усё новыя і новыя мэты, калі імкнецца не толькі дасягнуць іх, але і зрушыць іх яшчэ далей, — толькі тады і ўзнікае сапраўднае мастацтва.

— У нас, здараецца, ужо пасля заканчэння гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі іншым становіцца абыякава, не цікава: маўляў, я ўжо і так самы разумны. Гэтую рысу студэнта некаторыя называюць сіндромам ліцэіста…

— Яшчэ больш гэткай «супакоенасці» ўзнікае, здараецца, пасля заканчэння ВНУ. Мабыць, для гэтага і існуе поствышэйшая адукацыя ў сферы культуры, каб прывучыць мастака ўдасканальвацца ўсё жыццё.

— Для такога ўдасканалення і «вечна новых» мэт існуюць, пэўна, і конкурсы? Ваша конкурсная (і, адпаведна, пераможная) палітра вельмі багатая: здаецца, яшчэ крыху — і вы пачняце трэці дзясятак іх адліку. Што запомнілася на тым жа конкурсе Макса Росталя ў Берліне, дзе вы толькі што сталі лаўрэатам? Можа, звернеце ўвагу на нейкія арганізацыйныя моманты, якія маглі б быць карыснымі для нас?

— Тая арганізацыя, што я ўбачыў на конкурсе ў Берліне, — абсалютны стандарт для Еўропы. Калі некалькі гадоў таму я ўдзельнічаў у Конкурсе імя Чайкоўскага ў Маскве, дык сутыкнуўся са шматлікімі хібамі. Штосьці не прадумана, нешта — кінута на праславутае «авось»... Мяркую, у арганізацыйным плане беларускія конкурсы павінны арыентавацца на еўрапейскі ўзровень. А гэта — дасканалая папярэдняя прапрацоўка сітуацый, магчымасць адразу атрымаць усю інфармацыю, забяспечанасць канкурсантаў рэпетыцыйным часам і класамі для заняткаў, а галоўнае — што ні здарылася б, усе імкнуцца канкурсанту дапамагчы. І гэтая зацікаўленасць лёсам кожнага, увага да канкурсантаў адбіваецца ўжо на твары арганізатараў, на іх эмацыйным пасыле, які ідзе да суразмоўцы. І яшчэ. Я звярнуў увагу, што на еўрапейскіх конкурсах неяк не прынята тлумачыць канкурсанту, што з зададзеным ім пытаннем трэба звяртацца да іншых. Табе гатовы дапамагчы любы прадстаўнік арганізацыйнага персаналу — бы ён твой сябра.

— Ці адчуваеце сяброўскую атмасферу, калі завітваеце ў Мінск?

— Прыязджаць даводзіцца не так часта, як хацелася б: час распісаны па днях, гадзінах, хвілінах. Але заўсёды рады сустрэцца з сям’ёй, сябрамі, хаця не заўсёды хапае часу нагаварыцца ўволю. Гэтым разам, дарэчы, давялося нават пабачыцца з сястрой: яна спецыяльна дзеля мяне скарэкціравала дату свайго вяртання разам з сям’ёй з Індыі, дзе жыла апошнія тры месяцы. Асаблівая ж удзячнасць — маме: у маю адсутнасць яна вырашае масу арганізацыйных спраў, якія я ніколі не пацягнуў бы сам. Як толькі аднекуль вяртаюся ў Мінск, абавязкова заходжу ў клас да Кучынскага. Прыемна бачыць, як паступова «гадуюцца» яго выхаванцы. Хаця, здаецца, і не так шмат часу мінула пасля майго ад’езду, але адразу бачны зрухі наперад. Я ж кажу: гэта ўнікальны педагог!..

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"