Ліра распавядальная

№ 42 (808) 20.10.2007 - 26.10.2007 г

Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры” выпусціў, нарэшце, свой альбом “Распавядальная” — першы за апошнія шэсць гадоў. Ён рыхтаваўся ледзь не чатыры гады, затое песні, што ў яго ўвайшлі, ужо паспелі палюбіцца слухачам, бо гучалі падчас гастрольнага тура калектыву больш як у 100 гарадах Беларусі.

 /i/content/pi/cult/133/726/Lira.jpg

Такі дзіўнаваты, на першы погляд, тэмп працы над кампакт-дыскам зусім не гаворыць пра агульную запаволенасць дзейнасці ансамбля. Якраз наадварот: праца над запісамі спалучалася не толькі з шырокай канцэртнай дзейнасцю ансамбля, але і з усталяваннем новай студыйнай тэхнікі, рамонтам у будынку, а таксама паступовым замацаваннем цяперашняга песняроўскага складу. Да таго ж, да выпуску альбома было прымеркавана і адкрыццё афіцыйнага інтэрнет-сайта ансамбля www.pesnyary.by.
Агульная стылёвая накіраванасць новага дыска (і, адпаведна, эстэтычных схільнасцей ансамбля) — мяккая “распавядальнасць”, перавага пастэльнай лірыкі, пэўная саладжавасць, што прыйшла на месца колішняму “фірменнаму” песняроўскаму шматгалоссю. Пры такім падыходзе нават жартоўна-гульнёвая сцэнка гэткага “канфлікту пакаленняў”, што адлюстраваны ва ўсім вядомай беларускай народнай песні “Саўка ды Грышка”, ператварылася ў лагодную акварэлевую замалёўку. Невыпадкова, відаць, альбом і сайт упрыгожаны сімвалічным пейзажам-нацюрмортам: вобразным сімвалам “Песняроў” стаў любімы інструмент Уладзіміра Мулявіна — беларуская народная калёсная ліра (яе вобраз падчас прэзентацыі дыска “ўвасобіўся” ў вялізны торт).
У далейшых планах ансамбля — выпуск новых альбомаў, у тым ліку адзін з песнямі на вершы Янкі Купалы, другі — на вершы беларускіх паэтаў ХІХ стагоддзя (не толькі ў беларускамоўнай, але і ў польскамоўнай версіі — як першы крок да скарэння Еўропы), дыскі з коласаўскімі творамі, фальклорнымі апрацоўкамі і аўтарскімі кампазіцыямі саміх удзельнікаў цяперашніх “Песняроў”.

Надзея БУНЦЭВІЧ