Сустракаем Співакова!

№ 15 (1038) 14.04.2012 - 20.04.2012 г

20 красавіка ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь урачыста стартуе ІІ Міжнародны музычны фестываль “Уладзімір Співакоў запрашае”. Ён прадоўжыцца да 28 красавіка і, апроч сталіцы, завітае ў Гомель, Магілёў і Нясвіжскі замак.

Падобны фестывальны разгорт і разнастайнасць сталі магчымымі, калі з’ядналіся намаганні Міністэрства культуры Беларусі, кампаніі “Берын Арт Менеджмент” і партнёраў ды спонсараў. Сёлетняя праграма яшчэ больш багатая па жанрах. Тут і сусветна вядомыя оперныя зоркі (сярод іх — наш Анатоль Сіўко, які пакуль вучыцца ў Маладзечанскім філіяле Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі), і мастацтва кіно — стужка Чарлі Чапліна “Агні вялікага горада”, што будзе дэманстравацца ў суправаджэнні Нацыянальнага філарманічнага аркестра Расіі пад кіраўніцтвам Співакова. Быццам у працяг нашага нядаўняга фестывалю “Мандалінісіма”, сольны канцэрт дасць гітарыст-віртуоз Томі Эмануэль з Аўстраліі. Дырыжор Аркадзь Берын стане за пульт аўстрыйскага аркестра “Камерата Зальцбург”, з якім будзе саліраваць Уладзімір Співакоў. З аркестрам “Віртуозы Масквы” саліраваць будзе не толькі замежная творчая моладзь, але і наша Юлія Шчасновіч, якая летась атрымала ад Співакова флейту французскай фірмы.

Выступленні сусветна знакамітага піяніста Барыса Беразоўскага пройдуць толькі ў згаданых рэгіёнах, мінаючы Беларускую дзяржаўную філармонію, і гэта ўжо паспела крыху сапсаваць настрой мінскім меламанам. Праўда, крыўдуюць яны дарма, бо маглі паслухаць ягонае выступленне летась на Міжнародным форуме “Магія раяля”. Затое дзякуючы планаванню яго фестывальных вандровак мясцовыя ўлады пачалі яшчэ больш актыўна клапаціцца пра сваю “інструментальную базу” і яе адпаведнасць музычнаму рангу госця. Інтэр’еры таго ж Нясвіжскага палаца, як і раней — Мірскага замка, упрыгожыў белы раяль.

У рамках фестывалю пройдзе таксама дабрачынны канцэрт і, упершыню, адкрытыя майстар-класы па оперна-сімфанічным дырыжыраванні.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"