Вяртанне Дастоева

№ 15 (1038) 14.04.2012 - 20.04.2012 г

Новым прыцягальным аб’ектам культурна-турыстычнай інфраструктуры нашай краіны ў бліжэйшай перспектыве можа стаць родавы маёнтак класіка сусветнай літаратуры Фёдара Дастаеўскага ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці.

Як адзначыў міністр культуры нашай краіны Павел Латушка, адказваючы на пытанні журналістаў у час Міжнароднай выстаўкі "Адпачынак-2012", гэты праект будзе мець вялікае значэнне для развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў галіне культуры. Пасля аднаўлення родавага маёнтка Дастаеўскіх у ім размесціцца музейная экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці знакамітага пісьменніка. Плануецца, што праект будзе фінансавацца з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Пра сур’ёзнасць намераў па рэалізацыі праекта сведчыць той факт, што гэтае пытанне абмяркоўвалася напрыканцы мінулага года пад час сустрэчы Прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча і кіраўніка Урада Расіі Уладзіміра Пуціна.

Па словах начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігара Чарняўскага, як толькі вырашацца пытанні па фінансаванні праекта, будуць распрацаваны канцэпцыя і праект узвядзення сядзібы. Перад гэтым, на думку Ігара Чарняўскага, важна дэталёва прааналізаваць усе дакладныя гістарычныя даныя, непасрэдна звязаныя з жыццём прадстаўнікоў роду Дастаеўскіх на тэрыторыі Беларусі.

Плануецца таксама, што аднаўленне колішняга маёнтка Дастаеўскіх, які цалкам знішчылі ў 60-я гады мінулага стагоддзя, будзе праводзіцца паэтапна, паколькі патрабуецца вырашыць шэраг пытанняў, у тым ліку — звязаных са стварэннем аб’язной дарогі да сядзібы, пракладкай неабходных камунікацый.

Істотныя захады па аднаўленні родавага маёнтка Дастаеўскіх робяцца на мясцовым узроўні. Па словах начальніка аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Уладзіміра Шэляговіча, на дадзены момант, каб распачаць работы, вельмі важна вызначыцца з праектна-каштарыснай дакументацыяй, а таксама — з фінансаваннем аб’екта. Як адзначыў начальнік аддзела культуры, гэтыя пытанні ў бліжэйшы час мусяць быць разгледжаны на нарадзе з удзелам намесніка міністра культуры нашай краіны Віктара Кураша.