“Міс Беларусь” у рэжыме “рэаліці”

№ 14 (1037) 07.04.2012 - 14.04.2012 г

Ці кожная прыгажуня — “Міс Талент”?

Аднымі з самых рэйтынгавых тэлешоу ці не ва ўсім свеце з'яўляюцца конкурсы прыгажосці. На іх вызначаюцца /i/content/pi/cult/372/7253/2-1.jpegсвае каралевы, якія, разам з тым, мусяць быць эрудзіраванымі, адукаванымі, умець не толькі правільна дэфіліраваць па подыуме, але і праяўляць сваё красамоўства. І Беларусь - краіна, лічу, з самымі прыгожымі дзяўчатамі ў свеце - у гэтым не з'яўляецца выключэннем.

Нацыянальны конкурс "Міс Беларусь" праводзіцца раз на два гады, пачынаючы з 1998-га. Як вядома, з 2008 года клопат па арганізацыі і правядзенні конкурсу ўзяў на сябе тэлеканал "АНТ", пры гэтым кардынальна змяніўшы фармат мерапрыемства. З апошнім змянілася і асноўная мэта спаборніцтва: для тэлеканала важна не проста абвясціць уладальніцу тытула "Міс Беларусь", але і забяспечыць чарговай пераможцы яе прафесійнае развіццё, а таксама максімальнае раскрыццё задаткаў ды талентаў. Да таго ж, замест аднаго шоу канал прапануе гледачу некалькі яскравых трансляцый цягам шасці тыдняў. Як можа заўважыць кожны, "Міс Беларусь" даўно выйшла за рамкі традыцыйных конкурсаў прыгажосці.

Разам з тым, штогод спаборніцтва прыгажунь становіцца ўсё больш цікавым і насычаным рознага кшталту мерапрыемствамі, творчымі сустрэчамі, майстар-класамі.

Што ж варта чакаць ад сёлетняга "форуму беларускай красы", які толькі стартаваў у тэлеэфіры? З гэтым пытаннем карэспандэнт "К" звярнуўся да дырэктара Дырэкцыі спецпраектаў канала "АНТ" Анжаліны МІКУЛЬСКАЙ. "Злавіць" аднаго з арганізатараў конкурсу ў гэты "гарачы" час аказалася справай далёка не простай. Тым не менш, Анжаліна Мікульская знайшла колькі хвілін, каб, хоць і за рулём аўтамабіля, распавесці чытачам "К" пра ўсе падрабязнасці Нацыянальнага конкурсу.

- Якія змены адбыліся ў конкурсе "Міс Беларусь" сёлета і чым яны абумоўлены?

- Каб лепш пазнаёміцца з дзяўчатамі, разабрацца ў іх здольнасцях і нават выявіць сапраўдныя таленты, перад кожнай намінацыяй уведзены адмысловыя выпрабаванні - гэта і стала адметнай рысай сёлетняга конкурсу. Так, дзяўчаты ўжо наведвалі конна-спартыўны манеж, дзе спаборнічалі ў верхавой яздзе, вучыліся правільна "трымаць спіну". І далёка не ўсе не тое, што не ўмелі да праекта ездзіць на конях, але многія нават ніколі не падыходзілі да іх. Тым не менш, ніхто не разгубіўся, а наадварот - выявіў сваю знаходлівасць. Наступнае выпрабаванне дзяўчат чакала ў стралковым клубе...

Гэта з'яўляецца адметным элементам "рэаліці", што заўсёды падабаецца гледачу, бо дазваляе паказваць удзельніц конкурсу ў больш шырокім спектры. Цяпер не толькі журы, але і тэлеглядач можа зразумець, што ўяўляе з сябе кожная з намінантак не толькі ў знешнім плане. Гэтак можна даведацца, чым яна жыве, чым "дыхае".

- Мяркуючы па статыстыцы мінулагодніх конкурсаў, часцей за ўсё іх пераможцамі станавіліся беларускія прыгажуні, якія атрымлівалі гуманітарную адукацыю. Сярод іх - дызайнер-дэкаратар, культуролаг, некалькі журналістак, юрыст... Такая тэндэнцыя - адмысловая перавага журы ці выпадковасць?

- Па шчырасці, пра гэты факт ніколі і не задумвалася. Паверце, ніякай "дыскрымінацыі" ў нас абсалютна не існуе. Што ж да адукацыі, то арганізатары конкурсу пры адборы дзяўчат на гэта не звяртаюць увагі. Мы глядзім у першую чаргу на знешнія даныя дзяўчыны, а пасля, ужо пад час размовы, выяўляем, з чаго складаецца яе ўнутраны свет, чым прэтэндэнтка цікавіцца ў жыцці. Што і казаць: анкетаванне дзяўчат утрымлівае даволі вялікі спіс пытанняў, сярод якіх  - і тыя, што датычацца адносін удзельніц да культуры ды творчасці, спорту. Калі ж казаць пра іх адукацыю, то, сапраўды, тыя ж студэнткі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў выклікаюць толькі прыемнае ўражанне.

- Атрымліваецца, арганізатары конкурсу не ў апошнюю чаргу ўлічваюць і творчыя здольнасці дзяўчат. Якія тут крытэрыі?

- Мяркую, што ўладальніца звання "Міс Беларусь" мусіць быць не толькі прыгожай, але і таленавітай. Разам з тым, творчы нумар - ці не самае хвалюючае выпрабаванне для канкурсантак. Пагадзіцеся, можна цягам месяцаў рыхтавацца - і за хвіліну ўсё сапсаваць. Усведамляючы важнасць творчага складніка нашага шоу, яшчэ пад час мінулага конкурсу мы заснавалі новую намінацыю - "Міс Талент". І гэта з'явілася пэўнай нечаканасцю для канкурсантак: не выпадкова пазалетась дзяўчаты часцей выкарыстоўвалі экспромт. Сёлета ж яны ў гэтым плане ўжо больш падрыхтаваныя.

Думаю, многія з цікавасцю будуць назіраць як за танцавальнымі нумарамі нашых удзельніц, працэсам стварэння жывапісных работ, так і за шоу мыльных бурбалак. Вельмі прыемна, што многія з сёлетніх канкурсантак займаюцца разнастайнай творчасцю, імкнуцца спяваць, граць на музычных інструментах. У выніку з 28 удзельніц мы адабралі дзясятку лепшых, што прадставіць гледачам пад час аднаго з паўфінальных шоу - 4 мая - самыя цікавыя нумары.

- Наколькі мне вядома, акрамя адмысловых выпрабаванняў для дзяўчат, сёлета былі падрыхтаваны і іншыя, не менш цікавыя, "фішкі" - да прыкладу, тая ж досыць незвычайная сцэна...

- Сапраўды, спецыяльна для Нацыянальнага конкурсу "Міс Беларусь" была ўпершыню створана сцэна з улікам дэфіле. Калі больш дакладна, то подыум, на якім адбываюцца асноўныя падзеі шоу - тэлевізійны. Дзякуючы гэтаму з'явілася магчымасць убачыць дзяўчат у руху, буйным планам. Прыемна адзначыць, што дадзеным пытаннем займалася група мастакоў-пастаноўшчыкаў, якая працуе на тэлеканале "АНТ". Спадзяюся, нашы гледачы таксама пазітыўна ўспрымуць гэтае "ноу-хау".

- На заканчэнне нашай размовы не магу не запытацца пра перспектывы будучых пераможцаў Нацыянальнага конкурсу. Што можа даць дзяўчыне статус "Міс Беларусь" акрамя матэрыяльных выгод?

- Не без гонару магу канстатаваць, што на сённяшні дзень Нацыянальны конкурс набыў сусветны маштаб. У выніку пераможца атрымлівае магчымасць прадстаўляць Беларусь на конкурсе "Міс Сусвет", а фіналісткі - на іншых міжнародных конкурсах, у тым ліку такіх прэстыжных, як "Міс Еўропа", "Міс Інтэркантыненталь", "Міс Ітэрнэшнл". Да таго ж, сімвалам конкурсу і пераходнай узнагародай з'яўляецца залатая карона, вырабленая па заказе Нацыянальнай школы прыгажосці ў 2004 годзе: упрыгожанне вагой 120 грамаў выканана з белага золата і паўтысячы фіянітаў ды тапазаў! Так што, думаю, ёсць за што пазмагацца!..

"Галоўнае -
быць сабой"

Сваімі думкамі наконт конкурсу падзялілася Вольга Неўдах з Брэста. Яна ў 2002 годзе, яшчэ будучы студэнткай/i/content/pi/cult/372/7253/2-3.jpeg сталічнай ВНУ, стала пераможцай Нацыянальнага конкурсу. На той час дзяўчыне было 22 гады. Да слова, пасля той перамогі яе чакаў паўфінал конкурсу "Міс Еўропа". Вольга годна прадставіла Беларусь і на Міжнародным конкурсе "Міс Сусвет". Да таго ж, яна стала пераможцай у катэгорыі "Фотамадэль" на міжнародным конкурсе мастацтваў у Галівудзе. Сёння Вольга Неўдах жыве ў родным горадзе, дзе ўзначальвае брэсцкі філіял адной са сталічных студый моды.

- Дзесяць гадоў таму вы сталі пераможцай на Нацыянальным конкурсе "Міс Беларусь". Якое значэнне тая перамога мае для вас сёння?

- З пазіцыі сённяшняга дня перамога на Нацыянальным конкурсе - адна з самых светлых старонак жыцця, але, падкрэслю, жыцця мінулага. Гэта быў адметны шлях, які я мусіла з годнасцю прайсці. Не магу не адзначыць, што перамога на Нацыянальным конкурсе дала штуршок для майго далейшага развіцця. Я не без задавальнення ўдзельнічала ў разнастайных конкурсах, мерапрыемствах індустрыі моды. Аднак на пэўным этапе прыняла рашэнне нейкім чынам змяніць жыццё, перагарнуць гэтую старонку біяграфіі.

- Ці цікавыя для вас сёння конкурсы прыгажосці, у тым ліку - Нацыянальны конкурс "Міс Беларусь"? Як ацэньваеце ўзровень цяперашняга праекта?

- Так, сёлета я з задавальненнем сачу за конкурсам. Відавочна, што ў гэтым праекце працуе каманда сапраўдных прафесіяналаў. Бачны высокі ўзровень конкурсу, які падтрымліваецца нават у дробязях. Пад час першага паўфіналу, куды была запрошана ў якасці госці, я мела магчымасць пабачыць конкурс "знутры". І, паверце, нашы стылісты, рэжысёры, харэографы - усе, як кажуць, на сваіх месцах. А таму, калі параўноўваць спаборніцтвы, што праходзілі раней, з сёлетнім маштабным шоу, перавага, адназначна, будзе на баку апошняга.

- Што вы як прафесіянал можаце сказаць пра сёлетніх канкурсантак, магчыма, нешта ім параіць?

- Бачна, што канкурсанткі істотна адрозніваюцца сваёй падрыхтаванасцю, уменнем трымацца на сцэне. Камусьці ў гэтым дапамагае прыродная харызма, нехта ж з усіх сіл стараецца вучыцца сам. У любым выпадку, усе ўдзельніцы - вельмі сімпатычныя, а таму журы будзе даволі няпроста выбраць лепшую.

Ад сябе магу параіць дзяўчатам хіба толькі адно: не губляць сваё аблічча. Вядома ж, калі ёсць конкурс, будуць і канкурэнткі, у выніку ж трэба камусьці спадабацца, а таму заўсёды будзе спакуса здрадзіць, і ў першую чаргу - сваёй унутранай сутнасці. У такой сітуацыі галоўнае - быць самім сабой, прытрымлівацца акрэсленай жыццёвай пазіцыі і праяўляць сябе толькі з найлепшага боку.

На здымку: Вольга Неўдах.

На здымку: вядучыя конкурсу "Міс Беларусь-2012" Іван Вабішчэвіч і Вольга Багатырэвіч (у цэнтры) разам з удзельніцамі.

Фота Дзмітрыя РУДЗЕНКІ

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"