Калі класіка апранае смокінг

№ 14 (1037) 07.04.2012 - 14.04.2012 г

Творы Купалы і Коласа на сцэне: перачытанне, перастварэнне або “дацкая" даніна”?

У юбілейны год Купалы і Коласа мы вырашылі пагутарыць і з тэатральнымі рэжысёрамі, якія звярнуліся да драматургічнай класікі Песняроў беларускага слова. Нас цікавіла не толькі закулісная "кухня", але і не менш цікавае пытанне: наколькі актуальныя тэксты, створаныя на пачатку мінулага стагоддзя, прычым - не для сцэнічнага ўвасаблення? Дакладней - якія звышзадачы ставяць перад сабой рэжысёры розных пакаленняў, звяртаючыся да пастаноўкі п'ес рамантычна-неўтаймоўнага Янкі Купалы і эпічна-сцішанага Якуба Коласа? На які вынік спадзяюцца, якога розгаласу чакаюць? І ці трапляюць падобныя пастаноўкі ў рэчышча сённяшняга часу? А мо перачытанне класікі - проста чарговая "дацкая" даніна чарговаму юбілейнаму году?

"...Гняздо"

з экстрымам

/i/content/pi/cult/372/7252/1-1.jpegУ Палескім драматычным тэатры ставяць купалаўскае "Раскіданае гняздо". Тэатр - малады, гэткі ж малады і рэжысёр-пастаноўшчык - Павел МАРЫНІЧ: шэсць гадоў таму ён скончыў Магілёўскае вучылішча культуры, летась (завочна) - БДУКіМ...

- Павел, пасля размеркавання трапілі ў Пінск з глабальнай ідэяй тэатральны свет перакуліць? Падаецца, перад творцай у 20 з невялікім гадоў не можа быць менш амбіцыйных мэт?

- Праца ў тэатры - даўняя мара. Дзякаваць богу - рэалізаваная... Зварот да Купалы ніякім чынам не звязаны з "дацкай", як вы кажаце, абавязалаўкай. Вось ужо тры гады п'есу выношваю. Думаю, у маі адбудзецца прэм'ера. Мяркую, атрымаецца гэткая кампазіцыя паводле купалаўскага твора.

- Наколькі ён для вас актуальны? І, калі акцэнтаваць увагу на купалаўскіх сімвалах, што вам як рэжысёру больш даспадобы: сякера Сымона, вянок Зоські ці скрыпка Данілы?

- Напэўна, усё разам. Але ад скрыпкі я крыху адыходжу... Галоўны акцэнт раблю менавіта на гняздо - як на архетып сям'і, роднаснасці, нейкага яднання. Сям'я Зяблікаў - гэта сімвал тагачаснай Беларусі. І спроба захавання ўласнай беларускай годнасці для мяне - надзвычай важны момант. Пра гэта і будзе спектакль... Спрабую вывесці на першы план узаемаадносіны Зоські і Паніча. У рэчышчы п'есы выкарыстоўваю элементы "абагульненых" беларускіх абрадаў, да прыкладу - Купалля...

- Такое сцэнічнае "абагульненае" перачытанне нашай абрадавасці для вас гэткае ж надзённае, як і пераасэнсаванне Купалавай класікі?

- Так. Мне ў першую чаргу хацелася б звярнуцца да нацыянальных каранёў, але - пры самым ашчадным стаўленні да першакрыніцы. Лічу неабходным гаварыць з гледачом менавіта на сцэнічнай мове Янкі Купалы.

- А сюжэтная лінія "Зося - Паніч" - сацыяльная ці любоўная?

- У большай ступені - любоўная. Мяне вельмі цікавяць іх узаемаадносіны: як яны пазнаёміліся, чаму Паніч кінуў дзяўчыну?.. А спектакль будзе пачынацца з адлюстравання рэвалюцыйных падзей 1905 года... Натуральна, гэта спроба прааналізаваць, як паводзілі сябе людзі ў экстрэмальнай сітуацыі... Словам, спектакль пра сям'ю, пра тыя абставіны, што яе могуць разбурыць.

- Увага да беларускай класікі - пазіцыя прынцыповая?

- Несумненна! Хочацца і "Паўлінку" паставіць, і штосьці з Крапівы...

- І апошняе пытанне, Павел. Вы актыўна рэкламуеце свой тэатр праз сацыяльныя сеткі. Якой бачыце перспектыву такога камп'ютарнага самапіяру?

- Перакананы, што рух наперад тут непазбежны. Бадай, стрымлівае адзінае: тэатр не так даўно адкрыўся, і мы не можам пакуль ахапіць усё...

Зямля

без "экшна"

Мастацкаму кіраўніку Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача Уладзіміру САВІЦКАМУ - 52 гады. У /i/content/pi/cult/372/7252/1-2.jpegтворчай скарбонцы - немалы "капітал" паспяховых спектакляў, пастаўленых паводле беларускай класічнай драматургіі і на Коласаўскай, і на Купалаўскай сцэнах. У "паслужным спісе" - Колас, Купала, Караткевіч, Куляшоў, Быкаў, Аляхновіч... У дасведчанага рэжысёра - сваё стаўленне да нашай літаратурнай спадчыны...

- Без класічнай драматургіі, - кажа Уладзімір Савіцкі, - беларускі тэатр нікога не зацікавіць... Шэкспір, Мальер, Брэхт - вялікія аўтары, і мы павінны падсілкоўвацца сусветнай культурай, але калі не будзем працаваць над уласным матэрыялам, калі не будзем мець сваё аблічча і пункт гледжання, на нас ніхто і ўвагі не зверне.

- І для рэжысёра будучая пастаноўка павінна пачынацца...

- З уважлівага і паважлівага прычытання твора.

- Мінае час - мяняецца стаўленне да класікі?

- На тое яна і класіка, каб пераасэнсоўваць не яе, а сябе ў адпаведнасці з класікай. І трэба быць, так бы мовіць, "у часе", бо тэатр па-за часам не можа існаваць. Спектакль, як кнігу, нельга пакласці на паліцу... Калі тэатр бярэ класічны твор, то ён праз аўтара найперш пераасэнсоўвае сябе ў гэтым часе. І калі сцэна не адчувае часу, не разумее яго, дык гэта - "музей", а не тэатр... Карацей, за неахайнасць класіка пачынае, калі хочаце, "помсціць"...

- Цяпер вы пераасэнсоўваеце сябе з дапамогай "Новай зямлі" Якуба Коласа, якая ў вашай версіі называецца "Міхалава зямля". Як я зразумеў, нагодай для з'яўлення спектакля стала не столькі 130-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа, колькі рэжысёрская прага нацыянальнага самавызначэння ў сённяшніх рэаліях... Калі ж прэм'ера "Міхалавай зямлі"?

- Мяркуем, што яна неўзабаве адбудзецца спачатку ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.

- Гадзіна паэтычнай, драматычнай дзеі: двое акцёраў, два крэслы, два ліхтары... Цалкам зразумелы сцэнічны аскетызм, але Міхал і Антось - у смокінгах... Як тыя строі сумяшчаюцца са спрадвечным сялянскім пошукам кутка ўласнай зямлі?

- На сцэне самы галоўны выразны сродак - акцёр. Таму нішто яму не замінае... З коласаўскай "энцыклапедыі сялянскага жыцця" мы вынялі самую трагічную і шчымлівую ноту: гэта мары Міхала пра зямлю, пра яе пакутлівыя і безвыніковыя пошукі... А смокінг - самая годная апратка для дэкламацыі класічнага твора. Ён не адцягвае ўвагу гледача на дробязі...

- У "Міхалавай зямлі", па вызначэнні, няма "экшна"...

- Увогуле, у спектаклі няма светлавых эфектаў, дыму, правальванняў пад сцэну.. Усё засяроджана на галоўнай думцы аўтара і нерве акцёра. Думаю, для маладога гледача такі, як вы кажаце, аскетызм будзе цалкам зразумелы...

Гутарыў Яўген РАГІН

Фота Юрыя ІВАНОВА

Дэталь па сутнасці
Ад даты да даты: тры "прычыны"
Неаднойчы даводзілася чуць, у першую чаргу - ад людзей тэатральных, што так званыя дацкія спектаклі для прафесійных тэатраў - не тое што справа несур'ёзная, але і сапраўднае зло: яны, маўляў, ствараюцца з прычын, аніяк не звязаных з творчымі памкненнямі іх пастаноўшчыкаў, і, адпаведна, стаўленне да іх (нават унутры самога калектыву) нельга назваць глыбокім і ўдумлівым. Вызначаць, так яно ці не, - не з'яўляецца мэтай дадзенага матэрыялу. Больш цікавай задачай мне падаецца разуменне таго, што станоўчага даюць такія пастаноўкі тэатральнаму працэсу ў цэлым і кожнаму канкрэтнаму калектыву асобна? Акрамя "запланаванага" глядацкага інтарэсу, вядома.

Задача першая, з тых, што выконваюцца падобнымі пастаноўкамі, і самая відавочная, - нагадаць сваім гледачам пра тое, што жывём мы не ў культуралагічным вакууме, і што культурныя здабыткі ды адкрыцці пачынаюцца не ад нас. Скажаце, банальна? Ды толькі я не пагаджуся: дадзеная праблема - адсутнасць звычкі глядзець на тыя або іншыя падзеі нашых дзён не аднамомантна, а з пазіцый агульнакультурнай эвалюцыі, характэрная не толькі для так званага простага гледача, але вельмі часта становіцца "прыкметай" і тых людзей, якія лічаць сябе прадстаўнікамі творчага цэха. Не магу забыцца на выпадак, калі мой калега-крытык пад час абмеркавання аднаго з беларускіх спектакляў, пастаўленых заезджым рэжысёрам-"гастарбайтарам", на думку пра тое, што наш тэатр перажываў эстэтыку, якую прапанаваў і выдаваў за наватарскую пастаноўшчык, яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя, безапеляцыйна заявіў: "А я гэтага не бачыў!"... Што можна супрацьпаставіць такім "важкім", бы цагліна, аргументам? Хіба толькі нагадваць з педантычнай рэгулярнасцю аб тым, што "і наша" культура квітнее не на пустым полі, ды і падпітваюць яе зусім не заезджыя "зоркі", а - айчынныя асобы, што, бы "пчолкі", абрабляюць яе з дня ў дзень.

Акрамя таго, існуе меркаванне, што тэатральныя пастаноўкі паводле твораў як айчыннай, так і замежнай класікі дазваляюць займацца адукацыяй шырокіх слаёў насельніцтва, так бы мовіць, у "стылі "лайт": маўляў, людзі сёння не часта бяруць у рукі кнігі з класікай, ды і часу на іх прачытанне патрабуецца значна больш, чым, напрыклад, дзве-тры гадзіны, за якія тэатр "распавядае" са сцэны гэтую ж гісторыю. Я не з'яўляюся прыхільніцай падобнага роду тэорыі, бо лічу, што ў рэаліях ХХІ стагоддзя арыентацыя на гледача, які будзе шчыра здзіўляцца сюжэту "Гамлета" або "Раскіданага гнязда", па меншай меры, прыніжае сам тэатр і выяўляе мінімальны ўзровень яго творчых амбіцый. Іншая справа, што ўся гісторыя беларускага тэатра мінулага стагоддзя сведчыць: яркія рэжысёрскія асобы, якія, хоць і ў адзінкавых экзэмплярах, усё ж нараджаліся ды ўзрасталі выключна на нацыянальнай драматургіі, на творах, што хтосьці мог бы назваць "дацкімі", а хтосьці - патрыятычнымі. Сёння ж пытанне аб наяўнасці ў краіне маладых перспектыўных рэжысёраў можна ўзнімаць на ўзроўні Чырвонай кнігі...

Апошнім часам (і ў беларускім тэатры гэта заўважна таксама) пашыраецца тэндэнцыя не проста звароту да класічных "дацкіх" твораў і сюжэтаў, але і асэнсавання іх з пазіцый дня сённяшняга. Наколькі шчыра, таленавіта ды прафесійна пераканаўча атрымліваецца гэта ў розных рэжысёраў - справа іншая. Аднак сам па сабе вектар іх творчых памкненняў цалкам правільны: не "кланіраванне" спектакляў-"мумій" пад дэвізам захавання айчынных традыцый, а жывы зварот да іх на новым, сённяшнім вітку культурнага развіцця нацыі - вось той адзіны шлях, дзякуючы якому самі і традыцыі "пераходзяць" з адной эпохі ў іншую, укараняюцца ў нашым жыцці і атрымліваюць шанц гэтымі самымі традыцыямі застацца, а не сысці ў нябыт... следам за даўніной.

Таццяна КОМАНАВА