Першы настаўнік сусветна вядомых

№ 14 (1037) 07.04.2012 - 14.04.2012 г

“Віленская эпоха” ў біяграфіі Івана Трутнева

/i/content/pi/cult/372/7251/2-2.jpg

Іван Пятровіч Трутнеў... Гэтае імя даўно вядомае ў Расіі і Літве, менш - у Беларусі, хаця 46 гадоў жыцця (са сваіх 85-і) Трутнеў пражыў у тагачаснай Вільні, дзе і знайшоў месца спачыну на Ефрасіннеўскіх могілках. Выдатны педагог, буйны жывапісец, асветнік, грамадскі дзеяч, ён, можна сказаць, стаўся духоўным бацькам для такіх мастакоў, як браты Юзаф і Баляслаў Бальзукевічы, Канстанцін Гурскі, Ілья Гінцбург, Баляслаў Тамашэвіч, Юозас Зікарас, Рафал Яхіловіч, Язэп Драздовіч, Станіслаў Флёр, Уладас Дзіджокас, Леў Альпяровіч, а таксама для будучых "зорак" Парыжскай школы Жака Ліпшыца, Хаіма Суціна, Міхаіла Кікоіна, Паўла Крэменя ды яшчэ дзясяткаў творцаў, якія ўвайшлі ў гісторыю нацыянальнага і сусветнага выяўленчага мастацтва.

Менавіта "віленскі перыяд" біяграфіі Трутнева мяне асабліва цікавіць, бо час папярэдняга жыцця творцы ў Расіі даволі поўна паказаны ў дарэвалюцыйных рускіх і савецкіх крыніцах. Ды і калі гаворка ішла пра Віленскую рысавальную школу Трутнева, то і тут падыход да яго педагагічнай дзейнасці ў біёграфаў мастака быў, мякка кажучы, тэндэнцыйна "русафільскі", бо Вільня ў XIX стагоддзі і на пачатку XX-га лічылася галоўным горадам Паўночна-Заходняга краю Расійскай Імперыі. Пра тое, што гэты культурны цэнтр меў непасрэднае дачыненне да зямлі этнічнай Беларусі і нават быў сталіцай ВКЛ, ніхто з рускіх даследчыкаў ніколі не ўзгадваў. Сапраўды, Віленская рысавальная школа з чатырохгадовым тэрмінам навучання паўстала з мэтай прапаганды менавіта рускай культуры, бо тады, як пісаў гісторык і бібліёграф, захавальнік Віленскага музея старажытнасцей Аляксандр Мілавідаў, "...у краі не было ніводнай рускай мастацкай майстэрні, нельга было знайсці жывапісца для ікон, іканастаса і насценнага роспісу праваслаўных цэркваў...". Хаця, па вялікім рахунку, тут, у тым ліку і дзякуючы плюралізму Трутнева, вучыліся і каталікі (напрыканцы XIX ст. яны складалі большасць), і іудзеі, і пратэстанты, і нават атэісты-бязбожнікі - усе рознага саслоўя ды сацыяльнай прыналежнасці.

Самому Івану Пятровічу, калі ён упершыню прыехаў на зямлю Беларусі (спачатку - у Віцебск, потым - у Вільню), было ўжо 39 гадоў. За плячыма - бліскучая мастацкая адукацыя, трохгадовая творчая практыка ў Еўропе, прызнанне яго жывапіснага таленту, выстаўкі, узнагароды... Словам, мог бы добра, без усякіх праблем, атабарыцца ў Пецярбургу ці Маскве, як гэта зрабілі многія яго калегі па жывапісе, былыя "правінцыялы" В.Васняцоў, І.Крамской, А.Куінджы, М.Мікешын, В.Пяроў, І.Рэпін, К.Савіцкі, І.Шышкін. Але лёс распарадзіўся інакш, і самае цікавае, што мастак яму ніяк не супраціўляўся, наадварот, сам ішоў насустрач лёсу, як кажуць, з адкрытым забралам.

Яго бацькі былі дваровымі людзьмі памешчыка Плямяннікава, аднаго з паважаных гаспадароў павятовага гарадка Ліхвін Калужскай губерні (старадаўні Ліхвін у 1944 г. перайменавалі ў Чэкалін: у гонар Героя Савецкага Саюза, партызана Сашы Чэкаліна). Сям'ю Трутневых цалкам утрымліваў тата Пётр Апанасавіч, які працаваў на пасадзе кіраўніка памешчыцкіх маёнткаў. Маці - Таццяну Сцяпанаўну - мастак не памятаў: яна памерла, калі хлапчаню быў усяго гадок. Такім чынам, дзяцінства Вані было даволі самотным. Адзіная радасць - летнія купанні ў рэках Ака, Ліхвянка і Вялікая Рэчыца, што працякалі ў ваколіцах горада, сяброўства з дзецьмі купца Ртышчава, які, дарэчы, пабудаваў на свае грошы Свята-Вядзенскую царкву, і, канешне ж, рысаванне. У дзесяцігадовым узросце Трутнеў трапіў у павятовае вучылішча горада Перамышля (гэта недалёка ад Ліхвіна), дзе настаўнічаў яго старэйшы брат Аляксандр. Менавіта апошні прыкмеціў у Івана моцныя здольнасці да мастацтва і садзейнічаў таму, каб той стаўся ў вучылішчы найлепшым вучнем па рысаванні.

/i/content/pi/cult/372/7251/2-1.jpegПамешчык Плямяннікаў жа, відаць, быў чалавекам адукаваным і прыстойным, з таго культурнага дваранскага асяроддзя, адкуль выйшлі яго сучаснікі тыпу Івана Тургенева і Льва Талстога, бо пасля заканчэння Іванам Трутневым вучылішча, ён "...отпустил крепостного своего дворового человека Ивана Петровича сына Трутнева, холостого, вечно на волю с тем, где он, Петров, жить и избрать род жизни какой пожелает..." Ці думаў тады гэты "сын прыгоннага", што лёс даў яму магчымасць стаць у Беларусі і Літве першым выдатным настаўнікам некалькіх пакаленняў таленавітых мастакоў, што менавіта Вільня стане яго другой радзімай на доўгія гады? Канешне ж, не! А пакуль па парадзе брата Іван выправіўся на перакладных у Маскву. Там адразу ж паступіў у дзяржаўную Другую Строганаўскую рысавальную школу, дзе маглі бясплатна вучыцца адораныя дзеці прыгонных і разначынцаў. Тут рыхтавалі звыш 300 мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і майстроў тэхнічнага набіўнога малюнка. У 1849-м Трутнеў скончыў школу з атэстатам настаўніка рысавання.

А што далей? Далей маячыла, як у міражы, Імператарская Санкт-Пецярбургская акадэмія мастацтваў, куды, на свой страх і рызыку, не маючы аніякай крыніцы для існавання, Іван вырашыў паступаць. Але - адразу не ўдалося, і давялося цэлы год жыць у сталіцы ў бядоце, літаральна на хлебе і вадзе. Затое ў наступным, 1850-м, справядлівасць перамагла: яго прынялі ў батальны клас акадэміка Багдана Вілевальдэ, які звярнуўся ў акадэмічны Савет, каб выклапатаць для здольнага студэнта дапамогу:
"...Іван Трутнеў, які навучаецца пад маім кіраўніцтвам батальнаму жывапісу, дэманструе добрыя поспехі і падае надзеі. Але, будучы крайне матэрыяльна незабяспечаным, не мае магчымасці працягваць навучанне..." Савет і прэзідэнт Акадэміі Максімільян Лейхтэнбергскі (зяць Мікалая I) пайшлі насустрач такой просьбе і прызначылі Трутневу дапамогу: восем рублёў штомесячна. А праз год Таварыства заахвочвання мастакоў прыняло яго ў склад сваіх пенсіянераў. Іван Пятровіч у гады студэнцтва быў чалавекам даволі кампанейскім, меў шмат сяброў, сярод якіх - аднакурснікі беларус М.Мікешын, а таксама К.Пржэцлаўскі, Я.Нордман, В.Паноў, А.Пяткевіч, М.Дунаеў, Д.Гардзееў, А.Эйхенвальд, будучыя акадэмікі І.Шышкін, В.Якабі і А.Рыцоні, што, праўда, бліскуча скончылі Акадэмію трошкі пазней за Трутнева.

Першыя творы мастака - сюжэты з паўсядзённай рэчаіснасці: побыт простых людзей і няхітрыя, немудрагелістыя жыццёвыя сцэны, якія так любілі маляваць мастакі так званага фядотаўскага кірунку. За палатно "Гульня ў носкі" (мужык і салдат у карчме гуляюць у карты; выйграў салдат і б'е картамі па носе рамізніка) Трутнеў у 1853-м атрымаў сваю першую ўзнагароду - сярэбраны медаль, а праз год - за "Гульню ў жмуркі" - Малы залаты медаль. Але самыя вялікія дасягненні ў студэнцкія гады - карціна "Блаславенне сына ў апалчэнне" (стары сівы бацька, журботная маці і маўклівыя суседзі-сяляне праводзяць хлопца на вайну) і, канешне ж, шматфігурнае палатно "Хрэсны ход на Вадохрышча ў вёсцы", за якую аўтар, ужо "класны мастак першай ступені", атрымаў Вялікі залаты медаль і права на замежную камандзіроўку ў Еўропу. Сучаснікі прынялі гэтую работу на ўра, бо ў ёй "усё дыхала праўдай". Гэта сапраўды рэалістычны, "народны" твор, поўны жыцця і чалавечых пачуццяў, чым вельмі нагадвае карціну Рэпіна "Хрэсны ход у Курскай губерні", намаляваную Ільём Яфімавічам праз 25 гадоў пасля Трутнева. Па сутнасці, дадзеная работа была апошнім буйным дасягненнем мастака ў Расіі, гэта значыць, перад яго ад'ездам за мяжу і потым - у Вільню. Праўда, і ў час прабывання ў Еўропе (Германія, Францыя, Бельгія, Галандыя, Італія) Трутнеў па-ранейшаму звяртаўся да побытавых жанравых тэм, маляваў шматлікія сцэны з народнага жыцця, асабліва - у Рыме і Неапалі, але "заграніцы" доўга не вытрымаў: за год да завяршэння камандзіроўкі папрасіў Акадэмію дазволіць яму датэрмінова вярнуцца дамоў, каб прысвяціць сябе вывучэнню рускага народнага побыту.

Мастак вярнуўся ў 1865 годзе, і тут жа атрымаў пасведчанне "для праезду па гарадах Расійскай Імперыі". Але лёс склаўся так, што далейшую частку жыцця яму давялося правесці на нашай зямлі. Свой "беларускі перыяд" Трутнеў пачаў з... Віцебска. Як ён туды трапіў, не ведаю. Крыніцы пра гэта маўчаць. Між тым, у Віцебску, з сярэдзіны сакавіка 1866-га, Трутнеў амаль год прапрацаваў настаўнікам рысавання і чарчэння ў мужчынскай гімназіі. Хто ведае, як склалася б далей ягонае жыццё ў горадзе на Заходняй Дзвіне, каб раптам не прыйшло яму запрашэнне ад апекуна Віленскай вучэбнай акругі Івана Карнілава, у падпарадкаванні якога знаходзіліся навучальныя ўстановы ўсіх беларускіх губерняў Паўночна-Заходняга краю Расійскай Імперыі. У запрашэнні Івану Трутневу прапаноўвалася арганізаваць у Вільні бясплатную мастацкую школу для ўсіх ахвотных, у тым ліку - і для ніжэйшых саслоўяў. Мэта гэтай школы, з пункта гледжання расійскага ўрада, была адна: распаўсюджванне ў краі рускай культуры (у процівагу польскай), каб мясцовае мастацтва "адлілося ў рускія формы", бо ўсё мастацтва нібыта "насіла адбітак нацыянальнага польскага індывідуалізму". Бясспрэчна, тут вельмі паўплывалі падзеі 1863 года на тэрыторыі Беларусі, Польшчы і Літвы, якія скаланулі ўсю царскую Расію. Аднак здарылася так, што менавіта дзякуючы Трутневу школа за паўстагоддзя свайго існавання ператварылася ў своеасаблівы інтэрнацыянальны культурны цэнтр усяго Паўночна-Заходняга краю, дзе першапачатковую бліскучую адукацыю атрымалі сотні беларусаў, літоўцаў, палякаў і, канешне ж, рускіх мастакоў. Такім чынам, імперская ідэалагічная задача - цалкам "абрусіць" культуру краю - аказалася, у рэшце рэшт, невыканальнай.

Так, праект школы складаўся з двух аддзяленняў (класаў): рысавальна-рамеснага і жывапіснага. Прычым галоўныя дысцыпліны першага класа - гэта рысаванне і чарчэнне ў прымяненні да прамысловай вытворчасці; у жывапісным - выкладанне рысавання з гіпсавых галоў і фігур, работа з натуры, акварэльны жывапіс, іканапіс, лепка з гліны, теорыя перспектывы. Праект праектам, але трэба было яго камусьці рэалізоўваць. І Карнілаў знайшоў такога надзейнага рэалізатара ў асобе Трутнева, якога рэкамендаваў галоўны архітэктар Пецярбурга, акадэмік і прафесар Акадэміі мастацтваў (з 1871 г. - прэзідэнт Акадэміі) Аляксандр Разанаў...

(Заканчэнне будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"