Купал для артэфактаў

№ 14 (1037) 07.04.2012 - 14.04.2012 г

Гарбата са Скарынавага імбрычка на Рагвалодавым гарадзішчы

/i/content/pi/cult/372/7250/1-4.gif

Летась чытачы “К” даведаліся пра найбольш цікавыя археалагічныя даследаванні і знаходкі старажытнага Полацка, многія з якіх маюць нават аўру сенсацыйнасці. Чаго толькі варты той самы імбрычак з бернардзінскага кляштара, што нібыта належыць нашаму першадрукару Францыску Скарыну.

Аднак як зрабіць выяўленыя артэфакты (а гэта не толькі прадметы, але і падмуркі даўніх будынкаў, часткі старажытных вуліц) даступнымі для шырокай грамадскасці, у першую чаргу - для турыстаў? Як адзначыў карэспандэнту "К" доктар гістарычных навук, загадчык кафедры айчыннай і ўсеагульнай гісторыі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзяніс Дук, ужо разглядаецца пытанне практычнага ўвасаблення гістарычных даследаванняў, што мусяць узбагаціць турінфраструктуру горада на Палаце.

На думку даследчыка, вялікім плюсам стала б адраджэнне храмаў Бельчыцкага манастыра, што колісь існаваў у ваколіцах Полацка. Гэта была велізарная абіцель з чатырма храмамі, два з якіх захаваліся цэлымі на ўзроўні падмуркаў, што з'яўляецца вялікай каштоўнасцю. На жаль, рэшткі аднаго з храмаў былі цалкам знішчаны - пад час будаўніцтва хрушчоўкі, - а сляды яшчэ аднаго пакуль не знойдзены. Калі раскапаць падмуркі цэркваў і зрабіць іх грунтоўную музеефікацыю, то ў выніку на карце горада можа з'явіцца яшчэ адзін выдатны турыстычны аб'ект.

Верхні замак Полацка размешчаны ў сакральным "сэрцы" горада. Работы там плануецца распачаць у бліжэйшыя гады. У выніку сумесных намаганняў навукоўцаў, інжынераў і гарадскіх уладаў можна будзе адкрыць храмы полацкай школы дойлідства на Верхнім замку, а дакладней - тое, што ад іх захавалася, ды стварыць там музейную экспазіцыю. Варта адзначыць, што Верхні замак вызначаецца яшчэ і вельмі добрай захаванасцю дрэва, а таму можна паспрабаваць зрабіць праект, падобны да музея "Бярэсце": так бы мовіць, узяць артэфакты пад купал. Акрамя таго, па словах Дзяніса Дука, разглядаецца магчымасць адраджэння часткі вулічнай брукаванкі, а таксама колішняй гарадской забудовы.

Аднак сёння ў свеце гісторыкі прытрымліваюцца тэндэнцыі не праводзіць буйных раскопак на найбольш знакавых аб'ектах, каб захаваць іх для будучых пакаленняў археолагаў, якія, думаецца, будуць валодаць яшчэ больш дасканалымі тэхнічнымі сродкамі. Магчыма, палачане пойдуць менавіта гэтым шляхам./i/content/pi/cult/372/7250/1-3.gif

Калі ж справа дойдзе да раскопкі храмаў Полацкай архітэктурнай школы дойлідства, нельга будзе абысціся без спецыялістаў з санкт-пецярбургскага Эрмітажа, якія валодаюць сучаснымі тэхналогіямі даследавання такога кшталту помнікаў. Трэба адзначыць, што феномен старадаўняй беларускай архітэктурнай школы да сённяшняга часу не разгаданы. Аказваецца, шмат элементаў і нават тэндэнцый былі запазычаны менавіта ў нас і пасля пашырыліся на вялікай частцы Старажытнай Русі. Дзяніс Дук задаецца пытаннем: гэтая школа была вынаходніцтвам святой Ефрасінні Полацкай і дойліда Іаана ці з'яўляецца грэчаскім запазычаннем? Адказ на яго можна будзе даць толькі пасля комплекснага даследавання.

/i/content/pi/cult/372/7250/1-5.gifНа думку Дзяніса Дука, айчынны помнік археалогіі № 1 па часе ўзнікнення - Полацкае гарадзішча, старажытная княжацкая рэзідэнцыя. Сёння на гэтай тэрыторыі знаходзіцца прыватная забудова. Даследчык мяркуе, што, у першую чаргу, там трэба зрабіць паўнавартасныя раскопкі, у выніку якіх будзе атрымана велізарная колькасць артэфактаў і, што самае важнае, мноства гістарычных даных пра пачатковую гісторыю Полацка. Фактычна гэта дазволіць адрадзіць частку гарадзішча і зрабіць сапраўды ўнікальны музей. Тым больш, яно мае яшчэ адну назву - Рагвалодава, паколькі знойдзеныя артэфакты датуюцца менавіта часам з'яўлення тут легендарнага князя.

Дзяніс Дук мяркуе, што было б някепска стварыць у Полацку і Музей горада. Нягледзячы на тое, што Полацк апрыёры сам з'яўляецца горадам-музеем, плошчаў мясцовых устаноў культуры відавочна недастаткова, каб выставіць там усе знойдзеныя артэфакты. Бываюць выпадкі, калі госці выказваюць неўразуменне: маўляў, чаму за столькі гадоў гісторыкамі выяўлена так мала прадметаў даўніны. Разам з тым, толькі ў фондах краязнаўчага музея захоўваецца каласальная колькасць рэчаў - больш за 90 працэнтаў ад агульнага ліку, - выставіць якія пакуль немагчыма. Да слова, ідэя стварэння Музея гісторыі Полацка не першы год абмяркоўваецца, і нават ужо распрацоўваецца яго канцэпцыя, плануюцца будучыя экспазіцыі...

"К" і надалей будзе сачыць за надзвычай цікавымі планамі наконт музеефікацыі ўнікальнай гістарычнай ды, найперш, археалагічнай спадчыны Полацка.

К.А.

На ілюстрацыях: фрагмент керамічнай талеркі; актавая свінцовая пячатка; бронзавая накладка на кнігу з эмалямі.