Калекцыя ў Нясвіжы

№ 14 (1037) 07.04.2012 - 14.04.2012 г

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі запланаваны шэраг мерапрыемстваў у падтрымку рэспубліканскай акцыі “Нясвіж — Культурная сталіца Беларусі 2012 года”. Так, наведвальнікі могуць пазнаёміцца з кніжнай выстаўкай, рыхтуецца і выязная экспазіцыя, дзе будуць дэманстраваць выданні Нясвіжскай друкарні XVIII ст., асобныя фаліянты з калекцыі Радзівілаў, што захоўваюцца ў фондзе НББ. Акрамя таго, навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі ўстановы быў падрыхтаваны бібліяграфічны спіс, прысвечаны Нясвіжу.

Цікавасць уяўляе свежы выпуск штомесячнага бібліяграфічнага бюлетэня "Новыя кнігі: па старонках беларускага друку", які выдаецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі ўжо больш за пяцьдзясят гадоў. У прыватнасці, у тэматычным дадатку "Нясвіж - культурная сталіца Беларусі 2012 года" прадстаўлены звесткі пра гісторыю і сённяшні дзень горада, яго архітэктурныя асаблівасці, багатую культурную спадчыну і іншае. Спіс сістэматызаваны па трох раздзелах і складаецца з дакументаў, выдадзеных пераважна ў ХХІ стагоддзі. Сярод іх - энцыклапедыі, даведачныя выданні, часопісы, газеты, фотаальбомы, турыстычныя праспекты, мультымедыйныя дыскі, мастацкія творы. Акрамя таго, змешчаны спасылкі на сайты, дзе таксама можна знайсці інфармацыю пра Нясвіж.

Так, першы раздзел дадатку - "Сталіца радзівілаўскіх уладанняў" - знаёміць з узнікненнем, развіццём, перыядам найвышэйшага росквіту горада, а таксама цяжкімі часамі яго заняпаду. Пра палацава-паркавы комплекс, гарадскую ратушу з гандлёвымі радамі, Слуцкую браму, Фарны касцёл можна даведацца з раздзела "Горад-помнік" і яго падраздзелаў: "Жамчужына беларускай архітэктуры" і "Старажытная святыня горада". Раздзел "Культурнае жыццё Нясвіжа" прысвечаны мастацкаму асяроддзю горада ў XVI - XVIII стст., у тым ліку тэатру, заснаванаму па ініцыятыве Францішкі Уршулі Радзівіл.

Варта адзначыць, што ў чацвёртым нумары бюлетэня "Новыя кнігі: па старонках беларускага друку" будзе змешчаны тэматычны дадатак "Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель...", прысвечаны 1150-годдзю Полацка.

Таццяна ЛАГОШ, вядучы бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі