Перліны з “паветранасцю”

№ 14 (1037) 07.04.2012 - 14.04.2012 г

Кадры “лёгкасці” старадаўніх муроў

/i/content/pi/cult/372/7248/1-2.jpeg

Адкрыццё Беларусі для многіх - не толькі замежных, але і айчынных - турыстаў адбываецца праз яе адметную сакральную архітэктуру. Не стаў выключэннем і член Беларускага грамадскага аб'яднання "Фотамастацтва", сябра савета народнага фотаклуба "Мінск" Віталь Раковіч, які пачынаючы з 2005 года з захапленнем збірае ўнікальную калекцыю здымкаў храмавай архітэктуры нашай краіны.

Днямі ў залах Нацыянальнай бібліятэкі на суд шырокай грамадскасці Віталь Раковіч прадставіў вынікі сваёй працы - фотавыстаўку "Cвятло беларускіх храмаў". Напярэдадні адкрыцця фотапраекта ён у інтэрв'ю "К" падзяліўся сваімі ўражаннямі ад убачаных цудаў беларускага дойлідства.

- Пад час падарожжаў я заўважыў, што многія помнікі беларускай архітэктуры паступова змяняюць сваё аблічча, як у выніку рэстаўрацый, так і праз абыякавае стаўленне да іх у асобных рэгіёнах. У гэты момант узнікла разуменне, што задача фатографа - калі не захаваць, то хаця б зафіксаваць усю гэтую прыгажосць. Чым больш ездзіў, фатаграфаваў, тым больш прыходзіла асэнсаванне таго, што я назіраю за ўнікальнымі гістарычнымі працэсамі.

Паверце, ні ў адной краіне свету не сустрэнеш такой разнастайнасці культавых пабудоў, як у Беларусі. На ўсё гэта хараство я гляджу з пазіцыі мастака. Заўважу, што паралельна з фотасесіямі давялося і актыўна вывучаць гісторыю роднай зямлі. Калі ж казаць пра плён маёй працы, то ў выніку падарожжаў з фотакамерай практычна падрыхтавана да выдання "Кніга касцёлаў беларускіх", для стварэння якой давялося пабываць у 103 каталіцкіх храмах нашай краіны. /i/content/pi/cult/372/7248/1-1.jpeg

- Помнік даўніны нельга аддзяліць ад сучаснага чалавека, тых жа мясцовых жыхароў з іх светапоглядам, клопатамі. Наколькі для вас цікава спалучыць на адным здымку, так бы мовіць, два сусветы?

- Прызнаюся, раней я імкнуўся фатаграфаваць архітэктурныя аб'екты, пазбягаючы на кадрах людзей. Тое рабілася з мэтай стварэння вобраза завершанасці і дасканаласці аб'екта. Зараз жа я, наадварот, ад гэтага адышоў. Справа ў тым, што жывы чалавек на кадры дазваляе зразумець нават веліч, грандыёзнасць самой пабудовы. Акрамя таго, часам постаць мясцовага жыхара на фоне касцёла становіцца галоўнай дзейнай асобай, а будынак адыходзіць на другі план, робіцца толькі адметным фонам.

- Заўтра ў каталікоў - Вялікдзень. Ці маглі б вы скласці своеасаблівы "Топ-5" каталіцкіх храмаў нашага краю, якія найбольш цікавыя як з пазіцыі адметнай архітэктуры, так і ўнутранай энергетыкі?

- Сапраўды, часам бывае, што малы храм ўражвае нашмат больш за велічны сабор. Таму, калі казаць пра духоўную энергетыку касцёлаў, то ў першую чаргу трэба адзначыць храм у пасёлку Друя. Калі я наведаў касцёл Святой Тройцы колішняга кляштара бернардзінцаў, там ішла імша. Па шчырасці, я ўпершыню праслухаў усю службу, якая вялася на цудоўнай беларускай мове.

Сваёй неверагоднай аўрай вылучаюцца касцёлы ў Відзах ды Гервятах. Што і казаць, у свой час у Відзах лінія фронту Першай сусветнай вайны праходзіла літаральна ў некалькіх метрах ад храма. Сёння на яго сценах можна заўважыць сляды ад некалькіх вялікіх снарадаў, якія так і не здолелі знішчыць гэты, на першы погляд "лёгкі", храм. У сваю чаргу Гервяты - сапраўдная перліна каталіцкай архітэктуры Беларусі, якая па вытанчанасці ліній ні з чым не можа параўнацца. Магутная энергетыка і ў Будслаўскага касцёла. Прычым, нягледзячы на архітэктурную "цяжкасць" храма, ён успрымаецца літаральна "паветраным".

Вядома ж, нельга не згадаць і старадаўні Ішкальдскі касцёл. Вельмі цяжка да яго дабрацца, бо няма з'езду з Брэсцкай шашы. Але трапіўшы туды, хочацца падсілкавацца той духоўнай энергіяй, што назапашвалася стагоддзямі.

Не магу не адзначыць, што, фатаграфуючы пэўны касцёл, у першую чаргу я стараюся паказаць яго імкненне да неба. Вельмі важна, каб здымак быў не проста канстатацыяй факта, але выклікаў нейкі эмацыйны ўздым.


На здымках Віталя Раковіча: царква Святога Міхаіла Архангела ў Сынкавічах; касцёл Святой Тройцы ў Гервятах.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"