Кантэкст "…Хвалі"

№ 14 (1037) 07.04.2012 - 14.04.2012 г

Школа шкла з аўтарскай інтанацыяй

/i/content/pi/cult/372/7247/2-3.jpg

3-га красавіка ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстаўка мастацкага шкла па выніках Першага Міжнароднага сімпозіума гутнага шкла "Нёманская хваля", які адбыўся восенню 2010 г. у беларускай Бярозаўцы на шклозаводзе "Нёман".
У гэтай неардынарнай акцыі прынялі ўдзел 24 мастакі з Беларусі, Расіі, Латвіі, Літвы ды Венгрыі. Арганізатары - Беларускі саюз мастакоў і Музей сучаснага выяўленчага мастацтва. Падтрымку ініцыятыве аказала Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Упершыню ў Мінску адбылося сапраўднае свята, на якім свае таленты, пачуцці і эмоцыі прадэманстравалі такія выдатныя майстры шкла, як акадэмік Б.Фёдараў, мастакі І.Эманэ, Н.Эверт, Б.Вендэл, В.Верыкайтэ, С.Брузэ, Ю.Пацьютэ, В.Рукавішнікаў, У.Касаткін, І.Брэнцэ, Н.Волікава, нашы славутыя У.Мурахвер, Т.Паражняк, В.Сазыкіна, Т.Малышава, Г.Сідарэвіч, М.Князева, А.Атрашкевіч, І.Кузняцова, А.Тулупаў, А.Ткачова, С.Шэцік, С.Козыр, П.Вайніцкі./i/content/pi/cult/372/7247/2-4.jpg

Як паведаміла галоўны мастак шклозавода "Нёман" Вольга Падліпаліна, гэта быў першы пленэр гутнага шкла, які зладзілі менавіта на беларускім прадпрыемстве. Ён быў пакліканы садзейнічаць папулярызацыі айчыннай школы шкларобства, захаванню яе спадчыны і лепшых традыцый.

І, сапраўды, экспазіцыя атрымалася светлай, "празрыстай", чарадзейнай, што дае нагоду яшчэ раз пераканацца: наша школа мастацкага шкла па-ранейшаму, як і 30 - 40 гадоў таму, не губляе сваіх пазіцый. Так, праблемы, звязаныя з сацыяльна-эканамічнымі метамарфозамі складанага часу, як і ў іншых відах мастацтва, ёсць, але патэнцыйныя магчымасці нашых майстроў даюць надзею на далейшае годнае развіццё кірунку.

А яшчэ выстаўка яскрава засведчыла, што ў яднанні мастакоў розных краін, як кажуць, нараджаецца ісціна. У падобным фармаце мы можам вызначыць сваё ўласнае месца ў прасторы еўрапейскага мастацтва - свае дасягненні, нацыянальныя асаблівасці. Вось і дадзеная экспазіцыя прадставіла і тое агульнае, што ўсіх аб'ядноўвае (неардынарнасць вобразных асацыяцый, якасць канструктыўнай пабудовы, пластычна разняволеная форма, тонкая гравіроўка, выразнасць сілуэтных ліній у гладкасценных рэчах, імкненне да раскрыцця прыгажосці і мастацкай каштоўнасці, неарнаментаванага бясколернага і дымчатага шкла), і тое, што характэрна для кожнай нацыянальнай школы.

/i/content/pi/cult/372/7247/2-2.jpgТакія розныя па змесце, настроі творы, якія ідуць ад бачанага і перажытага, нікога не пакідаюць абыякавымі. У іх прысутнічае жывая аўтарская інтанацыя - то лірыка-апавядальная, то страсна-дынамічная, то класічна-ўзвышаная, але заўсёды накіраваная да свету эмоцый чалавека. Канешне, не ўсе работы аднолькава значныя і прыкметныя. Ёсць і так званыя прахадныя, дзе ўгадваецца, намацваецца творчы пошук, правяраецца нейкая тэхнічная знаходка, але ў кожнай рабоце пульсуе думка мастака. І гэта - важна.

Дэкаратыўныя кампазіцыі, аб'ёмныя, вертыкальныя і гарызантальныя, "тэматычныя" асацыятыўныя фантазіі: "Гульня", "Аблокі", "Ландшафты", "Натоўп", "Накцюрн", "Рэха мора", "Ратаванне", "Мірскі замак. Учора і сёння", "Дары Палесся", "Кругі на вадзе", "Клікаючы дождж", "Вечнасць", "Кансерванты", "Пагуляем?", "Нёманская хваля"... Вось няпоўны пералік вобразаў і тэм, якія хвалююць мастакоў. Вельмі разнастайная стылістыка выяўленчай і метафарычнай вобразнасці ды разнастайнасці, тэхнік формаўтварэння, заснаваных на гутным (гарачым) спосабе (прылепы, пячаткі, аплікацыі, дробная пластыка, каляровая крошка, ніці сульфідныя - крыялітавыя, каляровыя, бескаляровыя). Словам, свята - атрымалася, і хочацца спадзявацца, што такія міжнародныя сімпозіумы будуць працягвацца і надалей - не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах Еўропы, дзе нам будзе што паказаць.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"